У судзе Ленінскага раёну Горадні 9 студзеня пачаўся суд над наркагандлярамі, якія ўвозілі ў Беларусь какаін, мак, насвай.
Відэа затрыманьня
Група дзейнічала ў Пінску 10 год
Падсудных трое — жыхары Пінску Аляксей Сергяюк, Міхал Міховіч, Сяргей Жарманаў. Ім ад 32 да 36 гадоў, адукацыя сярэдняя або сярэдняя спэцыяльная. Усе раней былі судзімыя за наркотыкі. Двое жанатыя, маюць малых дзяцей. Пад вартай са студзеня 2019 году.
Справу разглядае судзьдзя Алена Пятрова. Дзяржаўны абвінаваўца — Дзяніс Корда.
— На момант затрыманьня працавалі? — спытала судзьдзя ў Сергеюка.
Той замяўся.
— Афіцыйна, — удакладніла судзьдзя.
— Афіцыйна не, — адказаў абвінавачаны.
Ва ўсіх трох падсудных, калі іх затрымалі, не было афіцыйнага працаўладкаваньня.
Яны ўваходзілі ў арганізаваную злачынную групу, якая дзейнічала ў Пінску з 2009 году. Пазьней Сергяюк і Міховіч яе ўзначальвалі.
Пачыналі з насваю
Падсудныя пачыналі з распаўсюду ў Беларусі насваю, потым стварылі сетку па рэалізацыі насеньня маку з дамешкам макавай саломы. Фасавалі на дробныя партыі і прадавалі.
За ўвесь час існаваньня групы ў яе ўваходзіла ня менш за 8 чалавек. Большасьць зь іх ужо адбываюць пакараньне за збыт наркотыкаў. Як правіла, у групу набіралі маладых людзей зь бедных сем’яў, у якіх былі фінансавыя праблемы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наркатаксі». Як група пінчукоў наладзіла ў горадзе збыт наркотыкаўСярод удзельнікаў разьмяркоўваліся ролі: прадаўцы часьцяком ня ведалі, хто фасуе і пастаўляе наркотык, хто арганізоўвае працэс. Рабілі захады кансьпірацыі: размаўлялі ў мэсэнджэрах Telegram, Viber, Whatsapp. Аплата праводзілася па безнаяўным разьліку. Наркотыкі перадавалі бескантактава, праз схованкі. Таксама наркотыкі развозілі «наркатаксі» — непасрэдна замоўцу на пэўны адрас.
У 2018 годзе лідэры групы пераарыентаваліся на аптовыя пастаўкі какаіну з Заходняй Эўропы ў Расею транзытам празь Беларусь. Пасьля некалькіх зьдзелак Сергеюка і Міховіча затрымалі ў студзені мінулага году пры збыце больш як 700 грамаў какаіну ў Берасьцейскай вобласьці. Пазьней затрымалі аднаго з актыўных удзельнікаў групы Жарманава.
Падпісваўся «Васем Пупкіным»
Жарманаў адказваў за арганізацыю схованак. У інтэрнэце камунікаваў пад уліковым запісам «Вася Пупкін».
Эпізоды іхнай дзейнасьці пракурор пералічваў каля гадзіны.
Сергяюк і Міховіч абвінавачваюцца па ч. 4 арт. 328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, зьдзейсьнены арганізаванай групай у буйным памеры»), Жарманаў — па ч. 3 і ч. 4 арт. 328 КК Беларусі. Ім пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Усе трое не адказалі, ці прызнаюць віну.
«Стаўленьне да абвінавачваньня выкажу пазьней, пасьля допыту сьведак і азнаямленьня зь пісьмовымі матэрыяламі справы», — паўтарылі яны завучаную фразу адзін за адным.
Абвінавачаныя таксама выказаліся за тое, каб даваць паказаньні ў канцы разгляду справы. Суд падтрымаў іх жаданьне і пастанавіў спачатку дапытаць сьведак, вывучыць пісьмовыя матэрыялы, а потым дапытаць абвінавачаных.
Суд абвясьціў перапынак у разглядзе справы да 13 студзеня.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.