Cакратар украінскай Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Аляксей Данілаў сказаў, што адной з вэрсій катастрофы ўкраінскага «Боінга» у Іране зьяўляецца пападаньне расейскай ракеты ЗРК.
«Гэта адна з вэрсій, якія мы разглядаем. У нас сем вэрсій, чатыры вэрсіі адкрытыя, тры вэрсіі пакуль што закрытыя. Мы можам прыняць канчатковае рашэньне, калі ўсе дасьледаваньні, якія трэба зрабіць у гэтым выпадку, будуць завершаныя», — сказаў Данілаў украінскай службе Радыё Свабода.
Да іншых «адкрытых» вэрсіяў крушэньня авіяляйнэра Данілаў залічыў: сутыкненьне зь бесьпілётнікам або іншым лятучым аб’ектам; разбурэньне і выбух рухавіка па тэхнічных прычынах; выбух ўнутры самалёта ў выніку тэракту.
Украінскія экспэрты з камісіі па крушэньні самалёта, паводле ягоных словаў, ужо прыбылі ў Іран і ўзгадняюць з іранскімі ўладамі пытаньне выезду на месца катастрофы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ў Іране заяўляюць, што не аддадуць «Боінгу» знойдзеную чорную скрынюНа борце самалёта Boeing 737–800 NG, які вылецеў 8 студзеня раніцай маршрутам Тэгеран-Кіеў і зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту, было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі.