Іран наўмысна нанёс «асьцярожны» ўдар па базах ЗША ў Іраку, — Washington Post

Ілюстрацыйнае фота

Іран знарок арганізаваў ракетны ўдар па вайсковых базах ЗША ў Іраку такім чынам, каб страты былі мінімальнымі. Гэта дазволіла Тэгерану «захаваць твар», а бакам канфлікту — пазьбегнуць сытуацыі на мяжы вайны.

Пра гэта са спасылкай на крыніцы сярод высокапастаўленых амэрыканскіх чыноўнікаў піша The Washington Post.

Паводле зьвестак выданьня, Белы дом яшчэ за суткі да ўдару ведаў, што Іран зьбіраецца атакаваць аб’екты з амэрыканскімі вайскоўцамі. Зьвесткі атрымалі ад выведкі і ўладаў Іраку. Пры гэтым заставалася невядомым, дзе менавіта будзе нанесены ўдар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Радзе Бясьпекі ААН ЗША назвалі забойства іранскага генэрала самаабаронай

У выніку Вашынгтон загадаў вайскоўцам схавацца ў бункерах, дзе яны знаходзіліся яшчэ некалькі гадзін пасьля атакі. «Камандзіры на месцах прынялі правільныя рашэньні і атрымалі добры вынік», — заявіў журналістам The Washington Post высокапастаўлены вайсковец.

Іран атакаваў дзьве амэрыканскія базы ў Іраку 8 студзеня — у адказ на забойства генэрала Касэма Сулеймані, санкцыянаванае Дональдам Трампам. Паводле зьвестак Вашынгтону, падчас ракетнага ўдару па вайсковых базах ніхто з амэрыканцаў не пацярпеў, хоць іранскія ўлады заяўлялі пра дзясяткі забітых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тлумачым. Усё, што трэба ведаць пра канфлікт Ірану і ЗША. ВІДЭА