Жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова расстралялі ў красавіку 2016 году, не дачакаўшыся разгляду ягонай скаргі ў Камітэце правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.
У Камітэце ААН, піша Гомельскі цэнтар стратэгічных цяжбаў, палічылі гэта парушэньнем.
Кіраўнік Цэнтру Леанід Судаленка заявіў: брат асуджанага Аляксей Іваноў падаваў скаргу на тое, што сьмяротны вырак выканалі, хоць Камітэт ААН прасіў беларускія ўлады не расстрэльваць асуджанага да разгляду скаргі.
«Камітэт ААН выявіў парушэньне права пакаранага на жыцьцё, парушэньне прэзумпцыі яго невінаватасьці, права на абарону, права на справядлівае судовае разьбіральніцтва, — піша праваабаронца. — Дзяржава абавязаная прыняць усе захады, неабходныя для прадухіленьня аналягічных парушэньняў у будучыні. Беларускаму ўраду варта перагледзець сваё заканадаўства аб сьмяротным пакараньні, ужытае ў гэтай справе».
Сяргея Іванова асудзілі за згвалтаваньне і забойства дзяўчыны з асаблівай жорсткасьцю. 28 жніўня 2013 году 19-гадовая кандытарка Алеся пазнаёмілася на сьвяткаваньні дня народзінаў у рэстарацыі з раней судзімым хлопцам-аднагодкам — на наступную раніцу ейнае зьнявечанае цела знайшоў вартаўнік Дому творчай моладзі.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).