Калі ў наступныя некалькі месяцаў вы апыняцеся ва Ўзбэкістане, то амаль паўсюдна будзеце сустракаць лічбу тры. Размаўляючы з чыноўнікамі або проста гледзячы навіны, вы пачуеце, наколькі краіна зьмянілася за апошнія тры гады.
Вам раскажуць пра тое, як палітыкі жыва спрачаліся падчас тэлевізійных дэбатаў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у сьнежні, што цяжка было сабе ўявіць яшчэ тры гады таму. Хаця вы можаце пачуць, што ў краіне па-ранейшаму няма сапраўдных апазыцыйных лідэраў.
Або вам раскажуць, як рэжым амаль татальнай цэнзуры паступова аслабеў і ў прэсы зьявілася адносная незалежнасьць. Хоць некаторыя агенцтвы, як, напрыклад, узбэцкая рэдакцыя Радыё Свабода, да гэтага часу ня могуць адкрыць сваё бюро, журналістам адмаўляюць у акрэдытацыі, а іх сайты рэгулярна блякуюцца. У той жа час вы не пачуеце пра тое, што ж менавіта адбылося тры гады таму, што папярэднічала гэтым зьменам, — а менавіта пра сьмерць Іслама Карымава, які 27 гадоў кіраваў Узбэкістанам.
Карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода пабываў ва Ўзбэкістане і пагаварыў са звычайнымі жыхарамі, палітыкамі і праваабаронцамі аб тым, што менавіта адбылося з краінай за гэтыя тры гады.
Тры гады таму, калі Шаўкат Мірзіёеў усё яшчэ займаў пасаду прэм’ер-міністра, ён узначальваў жалобную працэсію ў дзень пахаваньня Карымава на яго радзіме, у Самаркандзе. Ён жа заняў пасаду Карымава.
Мірзіёеў рэгулярна ўскладае кветкі ля мэмарыяла першаму прэзыдэнту Ўзбэкістану і нават у лістападзе 2019-га прывёз некалькіх лідэраў цэнтральнаазіяцкіх краін ускласьці вянок у памяць Карымава.
Але, акрамя рэглямэнтаваных пратаколам выказваньняў, чыноўнікі ў Ташкенце ўсё мацней спрабуюць падкрэсьліць зьмены, якія наступілі, хоць наўпрост і не крытыкуюць палітыку Карымава. У інтэрвію карэспандэнту РС былы прэс-сакратар Мірзіёева і цяперашні кіраўнік галоўнага камунікацыйнага агенцтва Ўзбэкістану Каміл Аламджонаў быў шчыры.
«Вядома, ёсьць велізарная розьніца паміж тым часам і сёньняшнім. Але ўлічваючы, што ў нашай мэнтальнасьці не прынята крытыкаваць памерлых і, не крытыкуючы іх адкрыта, мы выказваем сваю павагу. Але гэта ня значыць, што мы ня можам параўноўваць, — сказаў ён. — у [Карымава] былі свае мэтады. За час яго праўленьня ў нас назьбіралася шмат праблем. Вельмі шмат. І, адпаведна, гэтыя праблемы павінны вырашацца нашым прэзыдэнтам Мірзіёевым. І ён іх цяпер вырашае».
За тую чвэрць стагодзьдзя, што Карымаў быў ва ўладзе, у краіне разьвілася сыстэма, у якой прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі рэгулярна арыштоўвалі і катавалі. У 2005 годзе спэцслужбы Ўзбэкістану жорстка задушылі пратэсты на ўсходзе краіны, у горадзе Андыжан. Паводле розных зьвестак, там маглі забіць некалькі сотняў чалавек. Паўсюдна практыкаваласяі прымусовая праца, у тым ліку і дзіцячая. Менавіта за гэта сотні заходніх кампаній перасталі закупляць ва Ўзбэкістане бавоўну — галоўны прадукт на экспарт.
Спрабуючы прыцягнуць замежныя інвэстыцыі Ўзбэкістан пасьля сьмерці Карымава правёў некалькі рэформаў, якія Захад ацаніў пазытыўна.
За гэты час звыш 50 чалавек, якіх міжнародныя арганізацыі называлі палітычнымі вязьнямі, вызвалілі. Таксама было зроблена некалькі публічных спробаў скараціць прымусовую працу падчас сэзону збору бавоўны.
У лютым Мірзіёеў распарадзіўся стварыць адмысловае камунікацыйнае агенцтва, якім кіруе Аламджонаў. І кампанія быццам бы акупляецца.
За адзін тыдзень сьнежня 2019-га амэрыканскае выданьне The Economist назвала Узбэкістан «краінай году», бо ён значна больш за іншыя краіны палепшыў свае паказчыкі, а тэлеканал CNN уключыў Узбэкістан у сьпіс 20 краін, абавязковых да наведваньня ў 2020 годзе.
Але некаторыя праваабаронцы лічаць, што сьпяваць дыфірамбы рана. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у сьнежні кіраўнік узбэцка-нямецкага форуму аб правах чалавека Ўміда Ніязава напісала ў адкрытым лісьце, што рэформы — толькі дэкарацыі ў палітычнай сыстэме, якая да гэтага часу не дазваляе зарадзіцца палітычнай апазыцыі.
Нягледзячы на тое, што катаваньні забароненыя законам, з Узбэкістану працягваюць прыходзіць паведамленьні пра іх ужываньне ў турмах. Там жа дагэтуль утрымліваюць палітвязьняў, дакладны лік якіх пакуль ніхто не называе. У дакладзе Human Rights Watch гаворыцца пра тысячы зьняволеных, якіх абвінавачваюць у экстрэмізьме.
«Ад старых звычак вельмі цяжка пазбавіцца. Спэцслужбы па-ранейшаму маюць вялікі ўплыў і ўладу, і не падобна, што яны зьбіраюцца дэмакратызавацца, — кажа праваабаронца Стыў Сьвярдлоў. — Агульнапрыняты погляд сярод „клясы рэфармістаў“ (неабходна браць у двукосьсі) — што трэба глядзець наперад і ставіцца да [Карымава] як да „таго, каго нельга называць“. Вельмі шмат скрытна робіцца для падрыву яго іміджу і таго, што ён рабіў. Але амаль цалкам адсутнічае воля адкрыта гаварыць пра парушэньні правоў чалавека і тым, хто за імі стаяў».
Большая частка людзей, якія працуюць у адміністрацыі Мірзіёева, і ён сам, гадамі працавалі пры Карымаве. Тыя ж палітычныя партыі, якія выказвалі яму безумоўную падтрымку, цяпер падтрымліваюць Мірзіёева.
Кіраўнік партыі «Адалат» Нарымон Умараў, які балятаваўся ў прэзыдэнты ў 2015 годзе, адначасова падтрымліваючы кандыдатуру Карымава, падчас інтэрвію РС адмовіўся крытыкаваць Карымава, але ў той жа час сказаў, што ў пэрыяд яго праўленьня «было шмат праблем».
За тры гады Мірзіёеў вывеў з гульні некаторых чальцоў адміністрацыі Карымава, якія маглі б быць перашкодай да ўмацаваньня ўлады, іншых рэабілітаваў і толькі некалькіх пакараў. Ён адхіліў ад пасады кіраўніка Службы нацыянальнай бясьпекі Рустама Інаятава і прызначыў толькі дарадцам.
У пачатку сьнежня ў краіне ўспыхвалі рэдкія пратэсты з прычыны недахопу газу і электрычнасьці. Ташкент адмовіўся душыць іх і ўсклаў адказнасьць на органы мясцовага самакіраваньня. Але разам з тым, як цэны на камунальныя паслугі ўзрастаюць, жыхары ўсё часьцей выказваюць сваю незадаволенасьць, асабліва рабочая кляса.
Жыхары Ташкента і Самарканда ў размове з карэспандэнтам РС расказалі, што настальгуюць па часах Карымава — з моманту ягонай сьмерці ў краіне цэны вырасьлі, а заробкі знаходзяцца ў стагнацыі.
Старшы навуковы супрацоўнік па Расеі і Эўразіі цэнтру Карнэгі лічыць, што маштабныя пратэсты ці падабенства тэрарыстычнай атакі можа стаць індыкатарам рэальных зьменаў у краіне.
«Праблема палягае ў тым, што ўсе гэтыя рэформы не прайшлі праверкі. Для гэтага неабходныя [абставіны], якія б прымусілі ўрад рэагаваць хутка. І тады можна ўбачыць, ці будуць улады разьлічваць на старыя мэтады або выкарыстоўваць новыя».
Арыгінал рэпартажу быў апублікаваны на ангельскай мове на сайце Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.