У нафтавай кампаніі «Беларуснафта» і канцэрне «Белнафтахім» кажуць, што дэфіцыту паліва на беларускіх АЗС не чакаецца.
«У нас ніякіх пытаньняў не ўзьнікае, усё працуе ў штатным рэжыме. Паліва штодня адгружаецца з нафтаперапрацоўчых заводаў. Учора езьдзілі на запраўкі без папярэджаньня, нічога надзвычайнага ня ўбачылі, усё спакойна», — сказала карэспандэнту Свабоды прадстаўніца «Беларуснафты» Вольга Халадовіч.
У прэс-службе працытавалі намесьніка генэральнага дырэктара «Беларуснафты» ў забесьпячэньні сыравінай і рэалізацыі прадукцыі Сяргея Каморнікава. Ён сказаў, што ўсе віды нафтапрадуктаў на базы «Беларуснафты» зь беларускіх НПЗ паступаюць штодня.
«Акрамя таго, у кампаніі створаныя дастатковыя запасы ўсіх відаў паліва, якіх хопіць мінімум на 10 дзён. Дэфіцыту паліва не чакаецца. Усе заправачныя станцыі сеткі „Беларуснафта“ працуюць у штатным рэжыме».
У канцэрне «Белнафтахім» карэспандэнту Свабоды таксама паведамілі, што перабояў з палівам не чакаецца.
«А цэны, калі будуць падымацца, то ў рамках нашай ранейшай стратэгіі паэтапнага падвышэньня цэнаў», — сказала прадстаўніца канцэрну Вольга Сьпехава.
Яна дадала, што ідзе праца над падрыхтоўкай новых кантрактаў на гэты год. Што да паставак паліва, то «ёсьць запас часу, каб выканаць усе свае кантрактныя забавязаньні».
На АЗС «Беларуснафты» і «Лукойлу» паведамілі, што ніякіх распараджэньняў не паступала, яны працуюць у штатным рэжыме. Чэргаў на запраўках няма, бэнзін адпускаюць як і раней, пра магчымае падвышэньне цэнаў інфармацыі ня маюць.
Намесьнік генэральнага дырэктара Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Алег Пратасаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што прадпрыемства працуе «ў ранейшым рэжыме».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртамРасея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі