Спачатку адновяць прыбудовы, дзе разьмесьцяць музэй. Што адбываецца з сынагогай XVII стагодзьдзя ў Слоніме

Так выглядала слонімская сынагога ў 2018 годзе

Ад 2018 году пачалося аднаўленьне сынагогі ў Слоніме. Гэта найстарэйшы будынак у горадзе і адна з самых старажытных сынагог Беларусі. Брытанскі інжынэр Сайман Каплінскі расказаў Свабодзе, якія працы ідуць цяпер у Слоніме і калі можна чакаць завяршэньня рэстаўрацыі.

Свабода публікавала летась інтэрвію з Сайманам Каплінскім (Simon Kaplinsky). Гэты брытанскі інжынэр — адзін з галоўных удзельнікаў праекту аднаўленьня сынагогі ў Слоніме. Ягоны бацька зьехаў са Слоніма ў 1929 годзе. Пасьля Другой усясьветнай вайны і Галакосту ў іх не засталося кантактаў у Беларусі. Толькі ў 2006 годзе, калі пляменьніца Саймана прыехала ў Слонім як удзельніца тэлеперадачы Бі-Бі-Сі «Ці ведаеце вы, хто вы?», Каплінскія наноў адкрылі для сябе радзіму сваіх продкаў.

Сайман Каплінскі


«Мы сталі думаць, што мы можам зрабіць для Слоніма. І вырашылі: чаму б нам ня ўзяцца за рэканструкцыю сынагогі?» — апавядаў Сайман у леташнім інтэрвію.

У пачатку 2018 году слонімская сынагога трапіла ў лік чатырох найбольш важных сынагог Эўропы, якія важна аднавіць. І ўжо ў той жа год у сынагозе пачаліся рамонтныя працы. Аднаўленьнем займаецца Фонд габрэйскай спадчыны (The Foundation for Jewish Heritage), а менавіта — кіроўны камітэт гэтага фонду, які ўзначальвае Сайман Каплінскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інжынэр і тэлевядоўца зь Вялікай Брытаніі аднаўляюць беларускую сынагогу

Памянялі дах і дасьледуюць расколіны ў сьценах

У канцы 2018 году Фонд габрэйскай спадчыны аплаціў рамонт даху, каб узімку ў сынагогу не намятала сьнегу.

Сёлета ў чатыры найбольшыя расколіны ў мурох бажніцы ўсталявалі сэнсары, якія замяраюць, ці ня рухаецца будынак. Замеры праходзяць цягам году, бо пры розным надвор’і памер расколінаў можа зьмяняцца. У траўні 2020 году адмыслоўцы здымуць сэнсары і ўжо залежна ад стану расколінаў вызначаць, якія аднаўленчыя працы трэба праводзіць.

Так выглядае фасад сынагогі сёньня. Фота студзеня 2020 года

Пасьля некалькіх сустрэчаў з слонімскімі ўладамі Сайман Каплінскі і прадстаўнікі Фонду габрэйскай спадчыны падрыхтавалі прапанову наконт далейшага аднаўленьня і будучага выкарыстаньня сынагогі.

На першым этапе прапануюць адрамантаваць сынагогу звонку і аднавіць аднапавярховыя будынкі, якія прымыкаюць да галоўнага збудаваньня, паведаміў Сайман. У гэтых памяшканьнях плянуюць адкрыць музэй і цэнтар наведнікаў. На гэтыя працы можа пайсьці да пяці гадоў пасьля таго, як фонд і слонімскія ўлады канчаткова зацьвердзяць прапанову.

Сынагога месьціцца ў цэнтры горада, на месцы габрэйскіх могілак вакол сынагогі разьмешчаны рынак

Пасьля апошняй сустрэчы ў Слоніме ўвосень 2019 году Фонд габрэйскай спадчыны падрыхтаваў пісьмовую прапанову наконт далейшай супрацы са слонімскімі ўладамі і аднаўленьня сынагогі. Цяпер у фондзе чакаюць на адказ зь Беларусі, пасьля чаго мусяць пачацца наступныя этапы аднаўленьня гістарычнага будынку.

«Музэй (у адноўленых будынках сынагогі) можа стаць турыстычным кірункам», — сказаў Сайман.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слонімская сынагога трапіла ў лік 4 найважнейшых у Эўропе. Сёлета можа пачацца кансэрвацыя будынку

Мастацтвазнаўца: Гэта адна з найцікавейшых сынагогаў Беларусі

Гэта ня першая кампанія рамонту і рэстаўрацыі сынагогі ў Слоніме. За апошнія 30 гадоў было некалькі спробаў аднавіць сынагогу. У 1999 годзе дзякуючы Фонду ўсясьветных помнікаў на сынагозе замянілі дах. Аднак праз тое, што ў будынку няма гаспадара, ён паступова прыходзіць у заняпад. За савецкім часам, калі сынагога была складам мэблевай крамы, а ў прыбудовах месьціўся малочны бар, яна была ў лепшым стане, чым цяпер.

У сынагозе захаваўся унікальны росьпіс. Фота 2018 года

За апошнія 30 гадоў разбурылася большасьць прыбудоваў, якія цяпер зьбіраюцца аднаўляць сама перш. Унутры шмат дзе паадвальваўся тынк, пашкоджаная ўнікальная ляпніна.

У далёкіх плянах Фонду габрэйскай спадчыны — аднавіць сынагогу цалкам. Падчас апошняга візыту Сайман пазнаёміўся з мастакамі, якія ў 1990-я гады пасьпелі перамаляваць фрэскі ў сынагозе.

«Цяпер тыя фрэскі пабляклі, — сказаў Сайман. — Таксама выглядае, што ў мясцовых жыхароў шмат матэрыялаў, якія прыдадуцца пры рэстаўрацыі».

Росьпіс сынагогі па стане на 2018 год

Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яна пабудаваная ў стылі барока. Як казала Свабодзе архітэктарка Галіна Левіна, паводле слонімскай сынагогі можна вывучаць гісторыю рэлігійнага жыцьця, мастацтва і архітэктуры ў Беларусі.

«Для нас яна заўсёды сярод найцікавейшых сынагогаў, — сказала Левіна. — Гэта і яскравы прыклад жыцьця Слоніма і Беларусі цягам многіх стагодзьдзяў».

Левіна зазначае, што сынагога каштоўная жывапісам, які тут захаваўся. Напачатку 1990-х у Слоніме працавалі рэстаўратары творчай майстэрні «Басталія». Яны зрабілі графічную фіксацыю жывапісу.

«Слонімская сынагога адзіная, дзе захаваўся такі стары жывапіс», — казаў Свабодзе рэстаўратар Мікола Залатуха.

У праекце па аднаўленьні слонімскай сынагогі таксама ўдзельнічае кітайска-брытанскі архітэктар Цзыўай Со (Tszwai So). Ён вялікі аматар беларускай традыцыйнай архітэктуры і вядомы тым, што збудаваў у Лёндане грэка-каталіцкую царкву — першы драўляны храм у сталіцы Вялікай Брытаніі ад 17 стагодзьдзя. Гэты будынак 2016 году перамог у многіх міжнародных архітэктурных конкурсах.

Цзыўай Со на будаўніцтве царквы ў Лёндане. Фота Sasha Belookaya


Як распавёў Свабодзе Цзыўай, сынагога ў Слоніме вельмі важная як архітэктурны помнік свайго часу. У 18 стагодзьдзі яна займела барочныя рысы, якія пад уплывам контррэфармацыі панавалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён параўноўвае сынагогу ў Слоніме зь вялікай сынагогай у Вільні, якая была збудаваная і перабудаваная ў тыя ж пэрыяды.

«У той час як сынагога ў Вільні ўжо не існуе, Слонімская вялікая сынагога дагэтуль стаіць, хоць і ў такім жахлівым стане», — сказаў Цзыўай.

Ён таксама дадаў, што Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім унівэрсытэце ў Ерузаліме ўключыў слонімскую сынагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сынагог Эўропы, якім пагражае небясьпека.

Больш за ўсё ахвяраваньняў чакаюць ад выхадцаў са Слоніма

Сайман Каплінскі ў сынагозе падчас свайго прыезду ў Слонім у 2016 гозе

Летась Свабода публікавала інфармацыю пра тое, што на ўсю рэстаўрацыю могуць пайсьці «мільёны даляраў». Але цяпер, кажа Сайман Каплінскі, яшчэ немагчыма вызначыць дакладную суму.

«Бо мы дагэтуль абмяркоўваем, што ў ёй будзе. Ці гэта мае быць толькі рамонт і рэстаўрацыя, альбо ў сынагозе мае паўстаць музэй?» — кажа Каплінскі.

Якім чынам увогуле праводзіцца фінансаваньне? Фонд габрэйскай культуры нядаўна выкупіў сынагогу ва Ўэльсе, якая не выкарыстоўвалася. І цяпер у гістарычным будынку ствараецца Габрэйскі музэй Уэльсу. Грошы для гэтага залучалі з многіх крыніцаў, але пераважна ад габрэяў, якія маюць гістарычныя сувязі з гэтай мясцовасьцю.

«Такім самым чынам мы плянуем фінансаваць рамонт сынагогі ў Слоніме, — кажа Сайман. — Ува ўсім сьвеце шмат габрэяў, якія маюць сямейныя повязі са Слонімам. Менавіта яны фундавалі папярэднія рамонты».

Таксама можна будзе зьвярнуцца да эўрапейскіх донараў, калі дамова з слонімскімі ўладамі будзе пацьверджаная, лічыць Сайман.

«Як толькі ўсе бакі будуць задаволеныя прапановай і будзе дамоўленасьць аб тым, як нам рухацца далей, мы зможам падрыхтаваць адпаведны бюджэт. Гэта будзе нашым наступным крокам», — сказаў Сайман.

Па папярэднім пляне спачатку будзе аднаўленьне фасадаў сынаогі і прыбудоваў

Ён некалькі разоў падкрэсьліў, што ў кожны ягоны прыезд у Беларусь яго цёпла прымаюць. Апошні раз ён сустрэўся, акрамя службоўцаў слонімскага райвыканкаму, з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў і музэю Вялікай айчыннай вайны.

«Мы ведаем, што сынагога будзе належаць мясцовым людзям, і таму праект мусіць адпавядаць гістарычным і эканамічным патрэбам грамадзянаў Беларусі», — сказаў Сайман.