«Віна на блізкіх». Псыхоляг пра тое, як дапамагчы праблемнаму падлетку

Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Хто і калі мусіў дапамагчы праблемнаму падлетку, які параніў міліцыянтаў? Каго вінаваціць — бацькоў, пэдагогаў, інтэрнэт? Прафэсар псыхалёгіі БГПУ імя Максіма Танка Леанід Пергаменшчык перакананы, што вінавата блізкае атачэньне, якое не зьвяртала ўвагі на разумнага, эрудаванага, але абсалютна самотнага юнака, які ня ўмее кантактаваць.

1 студзеня ў Верхнядзьвінску затрымалі 18-гадовага Г., які меў намер кінуць у міліцэйскі будынак дзьве бутэлькі, як мяркуецца, з гаручым. Пры затрыманьні хлопец параніў нажом двух міліцыянтаў. Незадоўга да гэтага ён апублікаваў у Telegram-канале свой маніфэст, дзе патлумачыў, чаму ён адважыўся на такі ўчынак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За напад на міліцыянтаў у Верхнядзьвінску затрыманаму пагражае сьмяротнае пакараньне

Цяпер заведзена крымінальная справа за «замах на забойства супрацоўнікаў органаў унутраных справаў». Юнаку пагражае ад 10 да 25 гадоў зьняволеньня, пажыцьцёвае ці сьмяротнае пакараньне.

Юнак родам са Смаргоняў. Калі ён вучыўся ў 5-й клясе, бацькі разьвяліся. Летам 2019-га скончыў школу, паступіў у Полацкі ўнівэрсытэт, але ў канцы сьнежня быў выключаны за тое, што не хадзіў на заняткі.

Клясная кіраўніца і аднаклясьнікі хлопца расказалі Свабодзе, што хлопец быў вельмі разумным, з эрудыцыяй, але ня меў сяброў, быў вельмі самотным, ня мог наладжваць кантакты зь людзьмі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра хлопца, які сьцьвярджае, што напаў на РАУС у Верхнядзьвінску

«Задача бацькоў, дарослых — паказаць дзіцяці, што ён не самотны»

Доктар псыхалягічных навук, прафэсар катэдры сацыяльнай і сямейнай псыхалёгіі БГПУ імя Танка Леанід Пергаменшчык кажа, што найперш трэба зьвяртаць увагу на перамены, якія адбываюцца зь дзецьмі, сачыць за іхнымі паводзінамі, размовамі, эмацыйным станам.

«Вось дзіця было ціхае, а стала гучным. Альбо наадварот: дзіця было актыўным, гучным, а стала ціхім. Трэба спрабаваць зразумець, што зь імі адбываецца. І размаўляць зь імі. А для таго, каб зь імі размаўляць, трэба быць ў іх у даверы (прабачце за такі „зэкаўскі“ жаргон). Падкрэсьліваю: вельмі важна, каб яны вам давяралі, тады яны змогуць штосьці вам расказаць.

А задача бацькоў, наогул дарослых — паказаць дзіцяці, што ён не адзін. Вось хто гэтыя словы скажа? Вядома, лепш за ўсё, каб бацькі. Але калі бацькі ня кажуць зь нейкіх прычын, то пажадана, каб хтосьці з блізкіх дарослых. Калі ў школе — то гэта задача псыхоляга альбо настаўніка», — разважае прафэсар псыхалёгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнік са Стоўпцаў сьвядома ішоў на забойства, — Сьледчы камітэт

«Рэальныя зносіны віртуальнымі замяніць немагчыма»

У кожным раёне ёсьць СПЦ, спэцыялізаваныя псыхалягічныя цэнтры, тлумачыць прафэсар. Пасьля стаўпецкай трагедыі створаны рэспубліканскі СПЦ, дзе сабралі найлепшых адмыслоўцаў.

«І гэта выплюхнулася ня проста ў адзін дзень, гэта ўсё назапашвалася, складалася, — аналізуе прафэсар сытуацыю хлопца са Смаргоняў. — Калі ў хлопца праблемы ў сям’і і ён знойдзе чалавека, які яго хаця б уважліва выслухае, гэта ўжо важна. Але ніхто зь ім не кантактаваў. Цяпер размаўляць позна — ён будзе гаварыць у судзе і атрымае тэрмін.

А вінавата блізкае атачэньне, якое не зьвяртала на яго ўвагу. Цяпер дзеці знаходзяцца не ў сям’і, а ў інтэрнэце. Вось і свой „Маніфэст“ выклаў у інтэрнэт. Калі ў бацькоў з сынам страчаны давер, не інтэрнэт вінаваты. Інтэрнэт проста „падбірае“ тых, у каго няма кантакту з блізкімі. Але добрыя, клапатлівыя бацькі заўсёды „пераб’юць“ любы інтэрнэт.

У маёй практыцы быў вельмі сумны выпадак, калі я сустракаўся з бацькамі пасьля суіцыду дачкі. Высьветлілася, што дзіця ня мела падтрымкі ў сям’і. А інтэрнэт стварае такую квазіпадтрымку. Як бы моладзь ня пялася, але рэальныя зносіны віртуальнымі замяніць немагчыма. Гэта толькі бачнасьць. Усё адно хочацца патрымаць блізкага чалавека за руку», — перакананы Леанід Пергаменшчык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гвалт у школах. Ці можна прадухіліць агрэсію, суіцыды падлеткаў?

«Высокі інтэлект і праблема з эмацыйным станам — выбуховая сумесь»

Мяркуючы з тэксту пасланьня, якое хлопец зьмясьціў у сваім тэлеграм-канале, адчуваецца, што ён вельмі адукаваны, шмат чытае, ведае гісторыю, філязофію. Пытаюся ў прафэсара псыхалёгіі: можа, як казаў некалі клясык, гэта «гора ад розуму»?

«Не, гэта гора ад тых, хто побач з разумнымі людзьмі. Любы розум можна разумна выкарыстоўваць. Памятаеце, як некалі гумарыст Аркадзь Райкін жартаваў: „Да гэтай балерыны трэба прымацаваць дынама-машыну і даваць ток у краіны, якія разьвіваюцца“.

Розум і высокі інтэлект дарослыя павінны былі заўважыць, пахваліць: „Які ты разумны, давай, дапамажы мне“. А не чакаць, пакуль хлопец сам нешта прыдумае. А сам ён не заўсёды прыдумае штосьці дастаткова пазытыўнае.

А ў гэтага маладога чалавека да таго ж і праблема з эмацыйным станам — разам з добрым розумам. А гэта выбуховая сумесь», — кажа прафэсар Леанід Пергаменшчык.