ЗША накіравалі дадатковыя войскі на Блізкі Ўсход

Дэсантнікі 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША на вучэньнях у Польшчы, 7 чэрвеня 2016 году

ЗША вырашылі накіраваць на Блізкі Ўсход каля 3 тысяч салдат са складу 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Як паведамляе Reuters са спасылкай на Пэнтагон, рашэньне прынятае ў якасьці меры засьцярогі на фоне росту пагрозаў у адрас ЗША.

Войскі будуць дысьлякавацца ў Кувэйце, куды ў пачатку гэтага тыдня ўжо прыбылі 750 амэрыканскіх вайскоўцаў.

Іран паабяцаў адпомсьціць ЗША за забойства генэрала Касэма Сулеймані. Іранскі генэрал, які камандаваў элітнымі войскамі са складу Рэвалюцыйнай гвардыі, быў забіты ў раёне багдадзкага аэрапорта раніцай 3 студзеня ў выніку спэцапэрацыі ЗША, ухваленай прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран заявіў, што ЗША зрабілі самую вялікую памылку ў рэгіёне і адказныя за яе наступствы

У Іране Сулеймані адказваў за спэцыяльныя апэрацыі на тэрыторыі замежных дзяржаваў. Паводле зьвестак Пэнтагону, ён плянаваў атаку на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў.

З траўня 2019 году па цяперашні час ЗША ўжо разьмясьцілі на Блізкім Усходзе каля 14 тысяч вайскоўцаў.