Швэдка Тындра захапілася песьнямі беларускага гурта Naviband, калі ён прымаў удзел у Эўравізіі-2017. Так яна пачала вучыць беларускую мову.
«Ніколі ня чула такой натхняльнай песьні»
Тындры Югансан Сындгупхак (Tindra Johansson Sindhuphak) 19 гадоў. Яна жыве ў швэдзкім горадзе Люнд. Цяпер вучыцца ва ўнівэрсытэце, але спэцыялізацыю яшчэ не абрала.
Дзяўчына вырашыла вывучыць беларускую мову, аднак яе ўражвае, як дзівяцца людзі ейнаму хобі.
Апроч швэдзкай, Тындра ведае ў рознай ступені тры мовы: ангельскую, гішпанскую і расейскую. Прызнаецца, што беларуская — найцяжэйшая.
Захапленьне ёю пачалося два гады таму. Перад міжнародным вакальным конкурсам яна адкрыла для сябе беларускі гурт Naviband і «закахалася ў ягоную творчасьць».
«Я ніколі ня чула такой шчыра-пазытыўнай і натхняльнай песьні, як „Гісторыя майго жыцьця“», — кажа Тындра.
«Калі зразумела, штó беларуская мова значыць для беларусаў, захацела яе вывучыць»
Швэдка стала слухаць іншыя песьні Naviband, таксама беларускую сьпявачку Palinu (Рэспубліку), перакладаць, а потым і падпяваць. Тады зразумела, што хоча ведаць мову, якою яны сьпяваюць, глыбей.
«Я мала ведала пра моўную сытуацыю ў Беларусі дагэтуль. Чула, што большасьць жыхароў Беларусі размаўляюць па-расейску... Калі зразумела, штó беларуская мова значыць для Арцёма і Ксеніі, а таксама многіх беларусаў, захацела яе вывучыць», — апавядае дзяўчына.
Яна думае, што мова дадае сьпевам ня толькі сэнсу, але і гучаньня.
«Мова сапраўды прыгожая для маіх вушэй і гучыць вельмі мэлядычна», — прызнаецца швэдка.
Суразмоўніца кажа, што вучыць беларускую ёй няпроста, бо ня мае падручнікаў. Спазнае мову, калі чытае ўголас тэксты, перакладае песьні, чытае навіны зь Беларусі і кароткія допісы ў сацыяльных сетках. У яе зьявіліся сябры ў Беларусі, зь якімі яна перапісваецца на беларуска-ангельскай мяшанцы.
Дзяўчына лічыць, што ейны ўзровень валоданьня беларускай мовай пакуль ня вельмі высокі. Большасьць лексыкі паходзіць зь песень і кароткіх артыкулаў. Спачатку яна баялася, што будзе блытаць расейскую і беларускую мовы, але гэтага не адбылося.
«Думаю, што ў гэтай краіне цяжка жыць»
Тындра ніколі не была ў Беларусі. Хоча прыехаць сюды ў лютым на канцэрт любімага цяпер гурта. Яна ўжо сустракалася з Арцёмам і Ксеніяй на канцэрце ў Польшчы. Ехаць у Беларусь не баіцца. Хоча наведаць Менск і Віцебск, бо там жыве сябар, а таксама «каб пабачыць старую архітэктуру».
«Думаю, што ў гэтай краіне цяжка жыць праз палітыку, эканоміку. Беларусы хоць і выглядаюць прыязнымі, але адначасова яны крыху пэсымістычныя, нібыта адступаюць, нібыта ня маюць зашмат надзеяў на будучыню», — мяркуе дзяўчына.
Тындра думае, што беларускую мову, як і іншыя мовы, вучыць варта, бо ўсе мовы важныя.
«Калі большасьць людзей размаўляюць па-расейску, табе варта прыняць уласнае рашэньне. Можа быць, варта зрабіць цікавейшым навучаньне беларускай мове ў школах, зрабіць абавязковымі экзамэны зь беларускае мовы», — шукае яна спосаб заахвоціць больш жыхароў Беларусі размаўляць па-беларуску.
Яна дагэтуль дзівіцца, наколькі ахвотна людзі дапамагаюць ёй вучыць беларускую.
«Здаецца, існуе ідэя, што беларуская мова — „некарысная“ або нецікавая, але для мяне яна і карысная, і цікавая. Тое, што мала людзей размаўляюць на нейкай мове, ня робіць яе менш важнай», — думае швэдзкая студэнтка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая ў Гішпаніі. Размова зь беларусісткай і паэткай Анхэляй Эсьпіносай Руіс