У менскай кватэры былога сьледчага і праваабаронцы Алега Воўчака 3 студзеня правялі ператрус. Праваахоўнікі мяркуюць, што забойства жанчыны, парэшткі якой знайшлі ў Сьвіслачы, адбылося ў ягонай кватэры, сказаў Свабодзе Воўчак.
Кватэра Воўчака знаходзіцца побач зь месцам, дзе знайшлі торбу з парэшткамі, таму праваахоўнікі мяркуюць, што жанчыну забілі ў кватэры Воўчака.
«Тут ёсьць яшчэ зьніклая жанчына, якая нібыта заходзіла ў кватэру, дзе жыве мой брат», — сказаў Воўчак.
Паводле Воўчака, дзяўчына зьнікла 25 сьнежня, а брата Воўчака затрымалі за бойку 21 сьнежня.
Уласьнікі кватэры — Алег Воўчак і яго зводны брат. Воўчак фігуруе ў крымінальнай справе як сьведка. Уначы 3 студзеня Воўчака выклікалі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС, каб ён адчыніў сваю кватэру для «агляду месца здарэньня». Якое менавіта здарэньне адбылося, Воўчаку не паведамілі, сказалі толькі, што трэба агледзець крывавыя плямы.
«Апэратыўнікі сказалі, што дагэтуль мой брат сустракаўся зь мясцовай дзяўчынай, якая злоўжывае сьпіртнымі напоямі, і яна ў той жа прамежак часу зьнікла. Яны палічылі, што тая неўстаноўленая жанчына можа быць гэтай дзяўчынай», — сказаў Воўчак.
Першы ператрус прайшоў уначы з 2 на 3 студзеня і цягнуўся каля 4-х гадзінаў. Другі пачаўся ўвечары таго ж дня, шукалі крывавыя плямы. Асабістых рэчаў Воўчака не забіралі.
«Зараз будуць рэчы забіраць на аналіз біялягічных рэчываў. Анучкі, ну такія рэчавыя доказы», — сказаў Воўчак.
Воўчак кажа, што яму як былому сьледчаму незразумела, чаму сілавікі ня вызначылі, што знойдзеныя парэшткі сапраўды належаць той зьніклай дзяўчыну. Паводле Воўчака, ператрус у гэтай справе праходзіў толькі ў ягонай кватэры. Воўчак сказаў, што дакумэнт на агляд жытла падпісаў пракурор гораду, апэратыўнікі падчас вобшуку паводзілі сябе карэктна.
Днём 2 студзеня менскія камунальнікі, якія праводзілі ачышчальныя работы на рацэ Сьвіслач, дасталі з вады спартовую торбу з фрагмэнтамі чалавечых канцавінаў.
У МУС паведамілі Tut.by, што парэшткі, меркавана, жаночыя. Акрамя торбы, каля ракі і ў рацэ пакуль нічога ня знойдзена.
Міліцыя цяпер прымае захады для выяўленьні акалічнасьцяў здарэньня і асобаў, датычных да злачынства. Распачалі крымінальную справу ў сувязі з забойствам, міліцыянты праводзяць экспэртызы і праглядаюць запісы камэраў назіраньня.