Ва ўкраінскай дзяржаўнай кампаніі «Укртранснафта», якая ажыцьцяўляе транзыт расейскай нафты ў эўрапейскія краіны, заяўляюць, што з пачатку году транспартаваньне гэтай сыравіны ў Эўропу ажыцьцяўляецца ў плянавым рэжыме.
«Транзыт расейскай нафты праз нафтаправод „Дружба“ зь беларускага боку адбываецца згодна з раней зацьверджаным графікам — больш як 40 тысяч тон за суткі», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе прадпрыемства.
У кампаніі падкрэсьлілі, што будуць апэратыўна інфармаваць у выпадку спыненьня ці абмежаваньня транзыту: «Пакуль ніякіх надзвычайных сытуацый няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь
Ці будзе дапамога з Украіны
У Міністэрстве энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны Свабодзе сказалі, што ў канцы лістапада 2019 году Беларусь ініцыявала распрацоўку супольнага праекту для арганізацыі паставак нафты на беларускія прадпрыемствы праз Украіну, у прыватнасьці выкарыстоўваючы магчымасьці трубаправоду Адэса — Броды. Гаворка ішла таксама пра стварэньне сумеснага прадпрыемства, якое адказвала б за транспартаваньне нафты на Мазырскі НПЗ. Што праўда, адпаведныя прапановы пакуль не рэалізаваныя — яны знаходзяцца на стадыі вывучэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеля чаго беларускія ўлады шукаюць альтэрнатыўную нафту?Генэральны дырэктар кампаніі «Укртранснафта» Мікалай Гаўрыленка ў інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна» выказаў сумневы аб магчымасьці арганізацыі альтэрнатыўных шляхоў пастаўкі нафты ў Беларусь у 2020 ці 2021 гадах:
«Мы са свайго боку на пасяджэньні працоўнай групы (у лістападзе 2019-га. — РС) зрабілі дзьве досыць зразумелыя прапановы. Першая — зафіксаваць, што ў выпадку, калі яны (беларускі бок) сапраўды захочуць сур’ёзна падысьці да пытаньня транспартаваньня нафты маршрутам Адэса — Броды — Мазыр, то перамоўны працэс трэба пачынаць за год да пачатку адпаведных работ. Неабходна канкрэтнае тэхнічнае заданьне: які абʼём нафты, якія гатункі, якія рэжымы. Тады мы на падставе іх афіцыйнай заявы падрыхтуем тэхналягічную мапу дзеяньняў, каб усе бакі разумелі намеры, адказнасьць і эканамічныя вынікі ўсёй гэтай гісторыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пачала спаганяць з Расеі грошы за брудную нафту, у Беларусі пакуль не атрымліваецца«Другое, што мы прапанавалі, — гэта ўжо цяпер даць нам інфармацыю аб магчымай давальніцкай перапрацоўцы нафты як мінімум для двух гатункаў — аналягаў Azeri і Urals. Яны паабяцалі зрабіць разьлікі, і калі мы пабачым у гэтым эканамічную мэтазгоднасьць, то зможам гаварыць пра магчымыя пастаўкі нафты для давальніцкай перапрацоўкі як сіламі дывізіёну „Нафта“, так і іншымі гульцамі рынку, якія захочуць скарыстацца нашым маршрутам і зайсьці на перапрацоўку на Мазырскі НПЗ», — дадаў Мікалай Гаўрыленка.
Беларускага паліва ва Ўкраіне можа стаць меней?
Паводле аналітыкаў рынку, у паліўным балянсе Ўкраіны пастаўкі зь Беларусі сьветлых нафтапрадуктаў, у тым ліку бэнзіну, дызэльнага паліва, звадкаванага газу і маторнай алівы, складаюць 32 %.
Столькі ж пастаўляе дызэльнага паліва ва Ўкраіну і Расея, нягледзячы на ўведзеныя летась абмежаваньні: частка расейскага дызэлю на ўкраінскім рынку складае 32 %.
Украінскія нафтаперапрацоўчыя заводы забясьпечваюць толькі 17 % патрэб рынку. Яшчэ 7% нафтапрадуктаў пастаўляе Літва, 11 % — іншыя краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі