Іран адпомсьціць ЗША за забойства генэрала Касэма Сулеймані ў аэрапорце Багдаду. Пра гэта заявіў вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі.
Прэзыдэнт Ірану Хасан Раўхані таксама заявіў пра адплату і назваў дзеяньні Вашынгтону «страшным злачынствам». Кіраўнік іранскага МЗС Джавад Зарыф назваў забойства Сулеймані тэрактам з боку ЗША.
У сувязі з забойствам кіраўніка сілаў «Аль-Кудс», падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, у Іране абвешчаная трохдзённая жалоба.
Вашынгтон заявіў, што Белы дом не паінфармаваў Кангрэс аб апэрацыі супраць Сулеймані загадзя. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі назвала забойства Сулеймані правакацыяй, якая ставіць пад пагрозу бясьпеку амэрыканцаў. Верагодны супернік дзейнага прэзыдэнта ЗША на прэзыдэнцкіх выбарах Джо Байдэн падкрэсьліў, што дзеяньні Белага дому справакуюць Тэгеран на дзеяньні ў адказ.
Расейскі МЗС назваў забойства генэрала авантурным крокам, які прывядзе да росту напружанасьці ў рэгіёне.
Прадстаўнік МЗС Кітаю заявіў, што кітайскія ўлады лічаць неабходным, каб усе сілы і, у першую чаргу ЗША, не спрыялі эскаляцыі напружанасьці пасьля забойства Сулеймані.
Міністар абароны Ізраілю Нафталі Бэнэт намераны правесьці нараду з вайсковым кіраўніцтвам краіны і абмеркаваць пытаньні бясьпекі ў рэгіёне. Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньяху скараціў свой візыт у Грэцыю. Перад вылетам з Атэнаў ён забараніў кабінэту міністраў камэнтаваць забойства Сулеймані. На межах зь Лібанам і Сырыяй, а таксама ў ізраільскіх дыпляматычных місіях за мяжой, уведзеныя павышаныя захады бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША забілі іранскага генэрала авіяўдарам у БагдадзеГенэрал Касэм Сулеймані быў забіты 3 студзеня ў выніку спэцапэрацыі ЗША, ухваленай прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Вайсковец лічыўся другой паводле ўплывовасьці фігурай у Іране. Ён камандаваў элітным спэцпадразьдзяленьнем «Аль-Кудс» Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.
У Іране Сулеймані адказваў за спэцыяльныя апэрацыі на тэрыторыі замежных дзяржаваў. Паводле зьвестак Пэнтагону, ён плянаваў атаку на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў.