Аднаму з найбольшых лесапаркаў Беларусі — Пячэрскаму, што ў Магілёве, — 100 гадоў. Яго стварылі бальшавікі, нацыяналізаваўшы ў 1919 годзе прыватныя землі. Між тым мясьціна, якую магілёўцы называюць Пячэрскам, згадваецца ў дакумэнтах пачатку XVI стагодзьдзя.
Сябра Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Экапраект», эколяг і краязнаўца Віктар Кірэеў апавядае пра мінуўшчыну і сучаснасьць Пячэрску.
Памерам з 20 менскіх стадыёнаў «Дынама»
Знаходзіцца лесапарк на паўночна-заходнім ускрайку Магілёва (ад гарадзкога цэнтру на грамадзкім транспарце — 15 хвілінаў язды). Ягоная плошча — 328 гектараў, гэта як 20 менскіх стадыёнаў «Дынама». Зь іх 11 га займае возера, утворанае на рацэ Дубравенцы.
Віктар Кірэеў кажа, што ў 2017 годзе актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Захаваем Пячэрскі лесапарк» апісалі толькі на ягоных ускрайках 727 дрэваў з камлём, большым за 2 мэтры ў ахопе, а пяць дубоў маюць ахоп 4 мэтры.
Патэнцыйны помнік прыроды
У 2017 годзе экспэрты з Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук у выніках абсьледаваньня адзначылі: лесапарк «уяўляе батанічную, экалягічную і прыродаахоўную каштоўнасьць» і «можа разглядацца» патэнцыйным помнікам прыроды.
Паводле іх, у лесапарку «прадстаўленыя дрэвастоі цьвёрдаліставых і хваёвых парод зь сярэднім узростам 100 і больш гадоў». Расьце ў ім ня меней за 200 соснаў, дубоў і ялін, якім па 130-150 гадоў.
У Пячэрску навукоўцы выявілі чырвонакніжныя і ахоўныя віды расьлін, а таксама рэдкія біятопы.
Яны зьвярнулі ўвагу, што ў лесапарку хваёвыя пацярпелі ад шкоднікаў і лякальныя ўчасткі вымагаюць санітарна-аздараўляльных захадаў.
Цярпіць ад зьменаў клімату і дзеяньняў чалавека
Паводле Кірэева, глябальныя зьмены клімату ў спалучэньні з антрапагенным ціскам, выкліканым разбудоўваньнем гораду, прывялі да таго, што за дзесяць апошніх гадоў у лесапарку страчана траціна векавых насаджэньняў. Хваёвыя цярпяць ад караеда і засыхаюць. Плошча санітарнага высяканьня лесу набліжаецца да 50 гектараў.
Ня мае афіцыйнага прыродаахоўнага статусу
У 2017 годзе Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў карэктыроўку генэральнага пляну Магілёва, якая зьмяніла парадак землекарыстаньня ў горадзе. Віктар Кірэеў салідарны з калегамі-эколягамі, што новаўвядзеньні пераўтвараюць Пячэрск у звычайны парк, робяць няпэўнымі ягоныя межы і даюць права ўладзе «ўпарадкоўваць» мясьціну на свой розум.
На месцы зруйнаваных сядзібных і шпітальных карпусоў XVIІІ-ХІХ стагодзьдзяў (вуліца Сурганава і Ніжняя Карабанаўка — гэта ўскраек лесапарку) ужо плянуюць узьвесьці комплекс шматкватэрных дамоў на 8-10 паверхаў. 4 студзеня завяршаецца грамадзкае абмеркаваньне праекту. Знос пагражае аднаму гістарычнаму будынку. Пад пілу пойдуць старыя паркавыя клёны і ясені.
У 2017 годзе Міжнароднае аб’яднаньне «Экапраект» зьвярталася ў гарвыканкам з ініцыятывай стварыць рабочую групу для захаваньня і разьвіцьця лесапарку. Тады чыноўнікі палічылі, што зьяўленьне такой структуры немэтазгоднае.
У ліпені ж 2019-га пасьля сустрэчы эколягаў са старшынём аблвыканкаму Леанідам Зайцам рабочую групу стварылі. Аднак за прамінулы час адбылося толькі адно пасяджэньне.
Пячэрску больш за 500 гадоў
Упершыню Пячэрск згадваецца ў «падложных» дакумэнтах 1502 і 1532 гадоў. Тады князі Буйніцкія перадалі шэраг мясцовых маёнткаў Кіева-Пячэрскаму манастыру сьвятой Багародзіцы.
У XVIІ стагодзьдзі на Пячэрск прэтэндавалі праваслаўныя і ўніяты. Яны нават судзіліся за яго. Працяглы час ім валодала Віленская ўніяцкая сэмінарыя, а ў 1635-м кароль Уладзіслаў Ваза перадаў яго Беларускай праваслаўнай эпархіі.
У Пячэрску месьціліся рэзыдэнцыі праваслаўнага архіяпіскапа Георгія Каніскага (1717–1795) і каталіцкага мітрапаліта Богуш-Сестранцэвіча (1731–1826). Тут стаяла некалькі праваслаўных цэркваў ды касьцёл, да якіх вялі алеі з клёнаў, вязаў ды дубоў.
У 1820 годзе ў сядзібе Сестранцэвіча разьмясьцілі вайсковы шпіталь (цяпер на частцы сядзібных земляў — шпіталь для вэтэранаў вайны) і псыхіятрычная лякарня (дагэтуль функцыянуе некалькі карпусоў).
Што і каго памятае Пячэрск
У 1654 годзе на загад маскоўскага цара казакі палкоўніка Канстанціна Паклонскага ў Пячэрску выразалі габрэйскую грамаду гораду. Віктар Кірэеў кажа, што магілы забітых не адшуканыя дагэтуль.
У Пячэрскім лязарэце паміралі ад ранаў вайскоўцы францускага імпэратара Напалеона. Віктар Кірэеў кажа, што паводле гістарычных хронік, «хавалі іх па 50 чалавек у адну яміну». Дзе тыя магілы, невядома.
Віктар Кірэеў лічыць, што ў 1915 годзе Максім Гарэцкі сустрэў у пячэрскай вар’ятні вайскоўца, які стаў прататыпам героя апавяданьня «Рускі». Сам пісьменьнік лячыўся ў вайсковым шпіталі пасьля раненьня.
У пячэрскай вар’ятні загадкава скончыў жыцьцё літаратар і першы кіраўнік савецкага ўраду Беларусі Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны, 1887–1937). У 1989 годзе актывісты магілёўскай філіі «Мартыралёг Беларусі» паставілі ў лесапарку памятны знак Жылуновічу. Паводле Віктара Кірэева, у Пячэрску маглі быць пахаваныя і іншыя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.
У 1941 годзе ў газавай камэры нацысты атруцілі 836 пацыентаў пячэрскай вар’ятні, а потым расстралялі яшчэ каля двухсот. На будынку лякарні ў 2009 годзе на сродкі нямецкіх дабрачынных арганізацыяў устанавілі мэмарыяльны знак у памяць аб забітых.
Як расказаў Кірэеў, на тэрыторыі шпіталя быў дом, у якім жыў будучы кампазытар Ігар Лучанок. Ягоны бацька працаваў у псыхіятрычнай лякарні галоўным лекарам.