Шмат хто з актывістаў сустрэў новы 2020 год за кратамі ў ізалятары на Акрэсьціна, адбываючы арышты за пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. Сярод іх арганізатар пратэсту, палітык і пісьменьнік Павал Севярынец. Пра тое, як сям’я сустрэла Новы год бяз Паўла і пра падтрымку ад людзей Свабода запыталася ў жонкі палітыка Вольгі Севярынец.
30 сьнежня ў Паўла Севярынца быў дзень народзінаў, які ён таксама правёў у няволі.
«Мы зьбіралі яму перадачу больш сьвяточную, — распавядае Вольга. — Але асабліва не пакладзеш, бо там нічога нельга. Перадавалі "рафаэлкі", каўбасы, хлеб самасьпечаны — той, які ён любіць. Перадалі кнігі, якія ён прасіў — Чэхава, Гарэцкага, часопіс "Наша гісторыя"».
Маці Паўла Тацьцяна Севярынец пісала ў Facebook, што гэта ўжо шосты дзень народзінаў, які яе сын сустракае за кратамі.
Вольга кажа, што Новы год — гэта не такое важнае свята для іх сям’і, таму асабліва не сьвяткавалі.
«Больш важнае Каляды — адны і другія. Як адзначалі? Матуля мая прыехала, яна дапамагала апошнія дні. І мы проста разам з піццай, іншымі звычайнымі рэчамі пасядзелі — не накрывалі стол, проста селі разам, дачакаліся 12-ай гадзіны і пайшлі спаць. Нікога не запрашалі, нічога адмысловага не рабілі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трое актывістаў выйшлі з-пад арыштуВельмі шмат людзей падтрымала іх сям’ю, распавядае Вольга Севярынец. З таго часу, як Паўла затрымалі, на выданьне ягонай другой кнігі з цыклю «Беларусалім» людзі ахвяравалі каля 1500 рублёў — збор сродкаў ідзе на Ulej.by.
«Я не праглядала, хто падтрымаў, але па сумах, мне здаецца, што гэта проста людзі, не кампаніі. Symbal. by падтрымаў па-сяброўску, — працягвае Вольга. — Падтрымка гэтым разам нейкая фэнамэнальная. Падтрымалі нашую краму "Кропля". Прыяжджаюць забіраць замоўленыя рэчы дык яшчэ і падарункі прывозяць — пачынаючы ад цукерак і заканчваючы цацкамі для Францішка. Неверагодна проста да сьлёз, што такія людзі цудоўныя».
Выданьне кнігі «Беларусалім. Сэрца сьвятла» плянуецца на красавік гэтага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У навагоднюю ноч Дзяды Маразы і Сьнягуркі раздавалі мінакам пратаколы «за ўдзел у навагодніх гуляньнях»За некалькі дзён перад сьвятамі, кажа Севярынец, у краму «Кропля» прыйшло 50 замоваў. Гэта болей, чым у іншы час. Некаторыя людзі дапамагалі развозіць замовы для пакупнікоў і адмыслова для гэтага шукалі машыны.
«На перадачы людзі перадавалі грошы, кнігі прывозілі. Карацей, такі час — што ні папросіш, калі патрэба ёсьць, то людзі адгукаюцца і яшчэ пытаюцца, што трэба, прапануюць дапамогу».
Праз актывістку Алену Таўстую, якая таксама была арыштаваная і выйшла 31 сьнежня, Павал Севярынец перадаваў віншаваньні, і казаў, што зь ім усё добра.
«Сёньня выйшаў Дзяніс Урбановіч, празь нейкага, хто сядзеў з Пашам у камэры, яны размаўлялі. Казаў, што трымаецца — нічога звышнатуральнага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Амэрыканцы» кока-кола ў кубачках, а на «Акрэсьціна» — мандарынкі. Як сьвяткавалі Новы год за кратаміДадому Павал Севярынец павінен вярнуцца 10 студзеня.
«Калі яго яшчэ не асудзяць, — дадае Вольга. — Таму што ў яго шмат пратаколаў. Будзем старацца ў найбліжэйшыя дні штосьці прыдумаць, можа, адваката туды заявіць. Калі ў Пашы будзе чарговы суд, то заяўленаму адвакату павінны патэлефанаваць і запрасіць на суд. Ці будзем глядзець пратаколы, якія ўжо прыйшлі, і абтэлефаноўваць сакратароў, суды і пытацца, ці не было чарговага працэсу.
За кожную акцыю пратаколы разьдзеленыя ці то на два, ці то нават на тры пратаколы — заклік, мітынг і, Паша думае, за шэсьце. Там неяк цікава: мітынг з 12 да 12:45 — такі пратакол. І зразумела, што яшчэ і за шэсьце можна скласьці пратакол».
Павал Севярынец быў асуджаны на 15 сутак 18 сьнежня. Але яго не затрымалі ў залі суду, а адпусьцілі. 26 сьнежня яго затрымалі, аштрафавалі за заклік на акцыі пратэсту і адвезьлі адбываць прызначаны раней арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступны пратэст безь Севярынца. Яго аштрафавалі і адвезьлі адбываць арыштАкрамя Севярынца былі арыштаваныя яшчэ некалькі чалавек — Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Леанід Кулакоў, Стас Шашок, Дзяніс Урбановіч, Максім Урбановіч, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Чахольскі, Алена Таўстая. Большасьць зь іх сустрэла Новы год за кратамі.