Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка дамовіўся з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым і міністрам энэргетыкі Аляксандрам Новакам аб канкрэтных пастаўках нафты ў Беларусь ва ўмовах адсутнасьці нафтагазавых кантрактаў.
«Рабочыя пытаньні былі абмеркаваныя ў працяг перамоваў з Уладзімірам Пуціным, а таксама ў сувязі з тым, што кантрактаў, якія рэглямэнтуюць працу ў нафтагазавай сфэры, на 1 студзеня не заключана. Вынікам размовы стала дамоўленасьць аб арганізацыі канкрэтнай работы па пастаўках вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь», — паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Беларусі, якую цытуе БелТА.
У паведамленьні адзначаецца, што «гэтыя самыя пытаньні Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў сёньня па тэлефоне зь міністрам энэргетыкі Расеі Аляксандрам Новакам». «Гаворка ішла пра канкрэтныя графікі і кампаніі, якія будуць пастаўляць нафту ў Беларусь», — дадалі ў прэс-службе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы Беларусі з Расеяй па нафце працягваюцца, пакуль бяз вынікуЯк паведамлялася, Лукашэнка даручыў ураду ў найбліжэйшыя гадзіны завяршыць перамовы з расейскімі НК аб пастаўках нафты ў Беларусь.
Тым часам сёньня БелТА паведаміла, што Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба». Пра гэта паведаміла ягоная прэс-служба.
«Перш за ўсё, гаворка ідзе пра пастаўкі чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічаньні для альтэрнатыўных паставак нафтаправоду «Дружба», — сказана ў паведамленьні прэс-службы, якое падае агенцтва БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеля чаго беларускія ўлады шукаюць альтэрнатыўную нафту?Раней паведамлялася, што на мінулым тыдні амбасадар Латвіі ў Беларусі Эйнарс Сэманіс наведаў адзін з двух беларускіх НПЗ — ААТ «Нафтан» (Наваполацак), падчас сустрэчы з кіраўніцтвам прадпрыемства, у прыватнасьці, абмяркоўваўся мэханізм альтэрнатыўнага імпарту нафты праз латвійскія парты.