Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо ў першыя дні новага году наведае некалькі краінаў Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі. Пасьля візыту ў Кіеў 3 студзеня, дзе ён сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, 4 студзеня ён прыляціць у Менск.
У Менску кіраўнік амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства плянуе сустрэцца з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем.
Напярэдадні візыту двое высокапастаўленых службоўцаў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пазнаёмілі журналістаў з падрабязнасьцямі дыпляматычнага турнэ Майка Пампэo.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША прыедзе ў Менск падтрымаць незалежнасьць Беларусі і нармалізаваць адносіныГаворачы пра візыт у Беларусь, яны сярод іншага паведамілі:
«4 студзеня дзяржаўны сакратар наведае Менск, сустрэнецца там з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і абмяркуе зь ім далейшую нармалізацыю двухбаковых дачыненьняў і абмен амбасадарамі, пра які, як многія памятаюць, намесьнік дзяржсакратара Дэйвід Гэйл абвясьціў беларускаму боку падчас свайго візыту ў беларусь некалькі месяцаў таму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы мусім праверыць Лукашэнку, — амэрыканскія экспэрты пра аднаўленьне дачыненьняў між ЗША і БеларусьсюПаводле прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту, Пампэо сустрэнецца таксама зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем і абмяркуе зь ім пытаньні правоў чалавека, эканамічнага супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй аб пагрозах для рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі.
Прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства ЗША асабліва падкрэсьліў, што ЗША пасьлядоўна падтрымліваюць Беларусь, будучы адной зь першых краінаў, якія прызналі незалежнасьць Беларусі ў 1991 годзе, і застануцца адданымі прыхільнікамі сувэрэннай, стабільнай, квітнеючай і незалежнай Беларусі.
«Мы паважаем жаданьне Беларусі разьвіваць свае ўласныя партнэрствы, вызначаць свой уласны курс і адыгрываць канструктыўную ролю ў рэгіёне.
Мы надалей заахвочваем Беларусь працягваць курс на прагрэс у пытаньнях правоў чалавека, дасягнуты за апошнія гады, і прызнаем, што разьвіцьцё дэмакратычных прынцыпаў узмоцніць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, якія ЗША ў сваю чаргу адназначна і цьвёрда падтрымліваюць. І гэта, вядома ж, падрыхтуе глебу для паляпшэньня двухбаковых сувязяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыка вяртаецца ў БеларусьУ заключэньне гутаркі з журналістамі, падчас якой задаваліся пытаньні адносна наведаньня Майкам Пампэо Ўкраіны і краінаў Цэнтральнай Азіі, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту зноў вярнуўся да тэмы Беларусі:
«Калі можна, я дадам заключны камэнтар. Гэтая тэма не прагучала ў пытаньнях, але я не хачу, каб засталася па-за ўвагай вялікая важнасьць візыту дзяржсакратара ў Менск. Як я зазначыў, улічваючы тое, што ЗША былі адной зь першых краінаў, што прызналі незалежнасьць Беларусі, гэты візыт у Менск стане гістарычным і пазытыўным паваротным пунктам у дачыненьнях ЗША і Беларусі.
Ад часу апошняга візыту дзяржаўнага сакратара ЗША ў Беларусь мінула 25 гадоў. І вось зноў Злучаныя Штаты выступаюць з падтрымкай сувэрэннай і незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, праз 25 гадоў дзяржсакратар зноў рады магчымасьці наведаць гэтую краіну і абмеркаваць шэраг пытаньняў».