Расея і Ўкраіна парушылі дэдлайн пагадненьня аб транзыце газу

Офіс кампаніі «Нафтогаз» у Кіеве

Расея і Ўкраіна парушылі дэдлайн пагадненьня аб транзыце газу. Бакі павінны былі падпісаць дамову да 29 сьнежня ўключна, у адпаведнасьці з пратаколам, які быў заключаны пры ўдзеле расейскага віцэ-прэм’ера Дзьмітрыя Козака і памочніка прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ермака.

Перамовы ў Вене наконт газавай дамовы ідуць пяты дзень амаль у кругласутачным рэжыме. У панядзелак на старонцы ў Фэйсбуку «Апэратара газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны», аднаго з удзельнікаў перамоваў, зьявілася паведамленьне, што «робіцца ўсё магчымае, каб забясьпечыць транзыт расейскага газу з 1 студзеня».

«Завершаны пяцідзённы перамоўны маратон, але аб падпісаньні канчатковых дакумэнтаў гаворкі пакуль няма», — адзначаецца ў паведамленьні.

Расея і Ўкраіна павінны былі падпісаць пагадненьне аб транзыце ў Эўропу 65 мільярдаў кубамэтраў газу ў 2020 годзе, аб адмове ад узаемных пазоваў па раней падпісаным кантрактах, адносна якіх яшчэ няма судовых рашэньняў, і аб зьняцьці антыманапольных прэтэнзій на суму ў 7,4 мільярда даляраў.

З боку Кіеву подпісы пад дакумэнтам павінны паставіць «Апэратар газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны» і «Нафтогаз», з боку Масквы — «Газпром».

Дагавор меркавалася падпісаць яшчэ ў суботу 28 сьнежня, на трэці дзень перамоваў у Вене, аднак бакі, засядаючы да глыбокай ночы, не ўзгаднілі некалькі абзацаў у яго тэксьце. Кіраўнік «Нафтогазу» Андрэй Кобалеў заяўляў, што перамоўнікі «б’юцца за кожную коску».

Раней «Газпром» выплаціў ўкраінскаму боку 2,9 мільярда даляраў згодна з рашэньнямі Стакгольмскага арбітражу. Гэта была адна з умоваў падпісаньня газавага пагадненьня з боку Ўкраіны.