Кіроўны камітэт Украінскай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства заклікае ўлады Ўкраіны і эўрапейскіх краін прызнаць несапраўднай дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
«Як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Ўкраіны, мы хочам выказаць падтрымку і салідарнасьць грамадзянскай супольнасьці Беларусі і ўсяму беларускам народу ў іх намаганьнях супрацьстаяць агрэсару і захаваць сувэрэнітэт Беларусі», — адзначаецца ў заяве.
Украінская нацыянальная плятформа разглядае дзеяньні Расеі як экспансію яе гібрыднай агрэсіі ў рэгіёне і як спробу пазбавіць сувэрэнітэту краіны Ўсходняга партнэрства і захаваць іх у сфэры свайго ўплыву.
«Ужо шосты год Украіна перажывае ваенную агрэсію і іншыя, гібрыдныя, мэтады ціску з боку Расейскай Фэдэрацыі, што зьяўляецца своеасаблівай платай за нашу незалежнасьць і эўрапейскі выбар. Разам з Малдовай і Грузіяй, нашымі блізкімі партнэрамі па Ўсходнім партнэрстве, якія таксама пацярпелі ад расейскай агрэсіі, Украіна разумее праблемы і спадзяецца, што Беларусь застанецца сувэрэннай, недатыкальнай і эканамічна ўстойлівай»,— адзначаецца ў заяве прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства»: Расея прымушае Беларусь адмовіцца ад сувэрэнітэтуВа Ўкраіне таксама падтрымалі заклік беларускай грамадзкасьці неадкладна апублікаваць усе «інтэграцыйныя» дакумэнты альбо іх праекты, таемна прынятыя кіраўнікамі Расеі і Беларусі і іхнымі адміністрацыямі:
«У выпадку, калі незалежныя экспэртызы выявяць, што пункты пагадненьняў і пратаколаў паміж Крамлём і афіцыйным Менскам парушаюць міжнароднае права, сувэрэнітэт і Канстытуцыю Беларусі, мы будзем настойваць на непрызнаньні легітымнасьці „саюзнай інтэграцыі“, якая парушае незалежнасьць Беларусі. Мы будзем зьвяртацца да ўладаў Украіны, замежных дзяржаў, міжнародных органаў і арганізацый, каб яны прызналі юрыдычна несапраўднымі „саюзныя дакумэнты“ паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю».
Адначасова кіроўны камітэт Украінскай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства зьвярнуў увагу эўрапейскіх інстытутаў, міжнародных і праваабарончых арганізацый на факты перасьледу і арыштаў актывістаў у Беларусі ды іншыя рэпрэсіі ў галіне правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы Беларусі і Расеі аб інтэграцыі закранаюць інтарэсы Эўразьвязу, — прадстаўнік Эўрапарлямэнту
Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» — плятформа ўзаемадзеяньня паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і Эўразьвязу з мэтай спрыяць рэформам у краінах — усходніх партнэрах Эўразьвязу (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна).