Ад 1 студзеня ў Беларусі павялічылі базавую велічыню — цяпер гэта 27 рублёў. Акрамя грашовай дапамогі, стыпэндыяў ды іншага, да «базавай» прывязаныя і штрафы. Свабода сабрала некаторыя лічбы.
1. Безьбілетны праезд — да 27 рублёў
Безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце, а таксама праход праз турнікет у мэтро без аплаты ці дакумэнту караецца штрафам 0,5 базавай. Пасьля новага году гэта гэта 13,5 рубля.
Ехаць без квітка ў прыгарадным ці міжгароднім транспарце, а таксама ў цягніках даражэй — ад 18,9 да 27 рублёў
2. Перавышэньне хуткасьці — да 405 рублёў
Першае перавышэньне хуткасьці ў годзе на 10-20 км/г абыдзецца ў 27 рублёў. Паўторныя перавышэньні хуткаснага рэжыму цягам году будуць каштаваць да 405 рублёў або парушальніка могуць на год пазбавіць пасьведчаньня кіроўцы.
3. Лаянка ў грамадзкім месцы — да 810 рублёў
Паводле арт. 17.1 КаАП дробным хуліганствам лічацца:
- лаянка ў грамадзкім месцы;
- абразьлівыя чапляньні да грамадзянаў;
- іншыя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак, дзейнасьць арганізацыяў ці спакой грамадзянаў і праяўляюць непавагу да грамадзтва.
Такое правапарушэньне караецца штрафам ад 54 да 810 рублеў (ад 2 да 30 базавых велічыняў) ці адміністрацыйным арыштам.
4. Забароненая акцыя – 1350 рублёў для грамадзян, 13 500 – для арганізацый
КаАП забараняе ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, яго арганізацыю ці парушэньне вызначанага парадку масавай акцыі. Акрамя штрафу, за такое правапарушэньне можа пагражаць адміністрацыйны арышт.
Максымальны штраф для фізычных асобаў – 1350 рублёў, для юрыдычных – 13 500 рублёў.
Напрыканцы 2019 году ўдзельнікаў менскіх пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй аштрафавалі больш чым на 16 тысяч рублёў.
5. Экстрэмізм — да 2700 рублёў грамадзян
За выраб, распаўсюд ці нават перавозку экстрэмісцкіх матэрыялаў (у тым ліку падабайку і рэпост) паводле арт. 17.11 КаАП РБ можа пагражаць штраф да 1300 рублёў і канфіскацыя, напрыклад, кампутара ці тэлефону, зь якога ставілася падабайка і адміністрацыйны арышт. Калі правапарушэньне зрабіла юрыдычная асоба, арганізацыю могуць аштрафаваць да 13 000 рублёў.
У 2019 годзе суд прызнаў экстрэмісцкім фільм блогера Nexta «Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы».
Даведацца, якія матэрыялы ў Беларусі лічацца экстрэмісцкімі, можна з закону «Аб процідзеяньні экстрэмізму» або са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Уроку беларускай мовы» да фільму Nexta. Што забаранялі ў Беларусі пад маркай экстрэмізму