10 фактаў пра паэта Зэліка Аксэльрода, які пратэставаў супраць закрыцьця габрэйскіх школ у Беларусі

Зэлік Аксэльрод, 1920-я гады

30-га сьнежня спаўняецца 115 гадоў аднаму з самых вядомых габрэйскіх паэтаў Беларусі — Зэліку Аксэльроду (1904–1941). Падчас апагею сталінскіх рэпрэсій ён пазьбягаў адкрытай дэкляратыўнасьці і ваяўнічасьці, а ў зборніку 1937 году ні разу не згадаў Сталіна.

Яго ідышамоўныя творы шырока перакладалі на беларускую мову такія выдатныя паэты, як Юлі Таўбін і Пятро Глебка. Аднак кнігі вершаў Аксэльрода на беларускай мове дагэтуль няма. У пачатку чэрвеня 1941 году яго затрымалі праз абвінавачаньне ў дачыненьні да «пісьменьніцкай нацыяналістычнай арганізацыі». Пры адступленьні савецкай арміі Аксэльрода расстралялі разам зь іншымі «палітычнымі» вязьнямі.

1. Першае эмацыйнае ўзрушэньне — выгнаньне габрэяў

Паводле ўспамінаў дачкі паэта Алены Аксэльрод: «Ягонае першае эмацыйнае ўзрушэньне — выгнаньне габрэяў з прыфрантавой паласы падчас Першай сусьветнай вайны: маўляў, габрэі праз падабенства моваў могуць супрацоўнічаць зь немцамі. Доўгія вандроўкі па Расеі былі паказаны ў раньняй паэме Аксэльрода «Восень. 1915. (Бежанцы)» («Лехаим», красавік 2006).

2. Заўсёды кудысьці сьпяшаўся

Жонка яго брата, літаратуразнаўца Рыўка Рубіна, пісала ў прадмове да ягонага першага пасьмяротнага выданьня «Ранішняе сьвятло»: «[Зэліку] не сядзіцца дома; сярод чатырох сьценаў яму не па сабе. Юны, радасна ўсхваляваны, ён лётае па вузкіх вулачках старога Менску, па заснежаных беларускіх дарогах, па шумных плошчах Масквы» (Р. Рубина. «О Зелике Аксэльроде». / Зелик Аксэльрод. «Утренний свет». М., 1963).

Зборнік паэзіі Аксэльрода, у якім няма ніводнай згадкі Сталіна. Масква, 1937

3. Складаў падкрэслена недэкляратыўныя вершы

За гэта яго лаялі ў друку, абаранялі толькі ў газэце «Літаратура і мастацтва».

«Верна, што Аксэльрод у сваёй паэзіі выразіў дробную буржуазію, але няправільна будзе думаць, што Аксэльрод выразіў інтарэсы той часткі дробнай буржуазіі, якая ня хоча свайго перараджэньня. Не, Аксэльрод выразіў інтарэсы дробнай буржуазіі, якая хоча стаць саюзьнікам рабочай клясы, але якая глыбока грузьне ў дробнабуржуазным асяродзішчы, што пакуль-што яшчэ ня можа перарадзіцца... Але да т. Аксэльрода мы мелі права прад’явіць такое абвінавачаньне: занадта паволі ў яго адбываецца працэс перараджэньня... Ён ня прысягае, што ён рэвалюцыянэр, як гэта робяць іншыя дробна-буржуазныя пісьменьнікі, думаючы, што перарадзіцца, значыць толькі фармальна прыняць Савецкую ўладу. Аксэльрод ня любіць займацца самаашуканствам...» (В. Віткін. «Кніга З. Аксэльрода „Вершы“» / «Літаратура і мастацтва», 8 кастрычніка 1932).

Габрэйскія пісьменьнікі на сустрэчы ў Маскве, 1925 год. Трэці зьлева ў верхнім шэрагу Зэлік Аксэльрод

4. Абураўся арыштам у Польшчы Браніслава Тарашкевіча

Аксэльрод падпісаў калектыўны зварот літаратараў Савецкай Беларусі да польскіх уладаў. «Мы, пісьменьнікі Савецкай Беларусі, падымаем свой голас абурэньня і пратэсту супроць камэдыі суду над Браніславам Тарашкевічам. Мы патрабуем яго вызваленьня. Мы заклікаем пісьменьнікаў усяго сьвету, усіх тых, каму дорага справа вызваленьня эксплёатуемых і прыгнечаных — далучыць разам з намі свой голас да пратэстаў мільённых мас рабочых і сялян Беларусі ў абарону Тарашкевіча» («Пісьменьнікі БССР пратэстуюць супроць фашыстоўскага суду над тав. Б. Тарашкевічам» // «Літаратура і мастацтва», 4 сьнежня 1932).

5. У вершах іранізаваў з савецкіх чыноўнікаў

Напрыклад, у вершы «Я роўна ў дзесяць госьць у тваім доме...» герой, дачакаўшыся, пакуль чыноўнік зьедзе падымаць у адсталым раёне Беларусі «харчовую прамысловасьць», прыходзіць на любоўнае спатканьне да ягонай жонкі. Пры гэтым ня мае ніякіх згрызотаў сумленьня.

6. У сталінскія часы прызнаваўся ў любові старым менскім завулкам

У той час, як большасьць захаплялася савецкімі навабудамі. Так, у вершы, «Менскія завулкі» (пераклад Пятра Глебкі) зь нейкім нават выклікам пісаў: «Можа вам ня любы (ваша справа!) / Менскія завулкі з крывізной, — / Мне ж да сэрца ў залатой аправе / Месяц над дзіраваю страхой». Але ў канцы верша, мабыць, каб адвесьці ад сябе агонь артадаксальнай крытыкі, фінальныя радкі (не без іроніі) былі такія: «Гэтыя завулкі, дзе стаўпіўся / Шэрых ганкаў і платоў паяс... / Я пра вас, даруйце, не забыўся, / Але здолею забыцца ўраз» («Літаратура і мастацтва», 6 красавіка 1938).

Аксэльрод захапляўся старымі менскімі вулкамі

7. У процівагу героям соцрэалізму прапагандаваў летуценьнікаў Шолам-Алейхема

У «Ліме», напрыклад, Зэлік Аксэльрод пісаў: «...Паўстае прад табою Менахем-Мендл, гэты чалавек паветра, які марыў аб фантастычных багацьцях... Ён такі-ж фантазёр, як і тыя дзеці з кучаравымі галоўкамі. Шолам-Алэйхем знаходзіць для сваіх герояў сьмешныя і чульлівыя словы, ён іх проста вельмі любіць... Героі Шолам-Алэйхема... вялікія летуценьнікі. Вельмі звычайным было іх жыцьцё, і мара аб прываблівай будучыні прыносіла ім шмат радасьці і суцяшэньня» (З. Аксэльрод. «Вялікі пісьменьнік, вялікі пясьняр» // «Літаратура і мастацтва», 11 красавіка 1939)

8. У 1930-я гады жыў у прадчуваньні трагічнага канца

У адным зь вершаў («Не, я да берага не даплыву...») ён дастаткова экспрэсіўна і пераканаўча апісаў стан чалавека, які тоне, яго накрываюць хвалі, і выратавацца немагчыма. У іншым вершы («Вось так, дарагі, мы ляцім напралом») з сумнай іроніяй піша пра тое, што рана ці позна за сваю творчасьць трэба будзе даць адказ, і расплата будзе крывавай... Гэтыя (ды іншыя) смутнаглядныя творы выйшлі друкам у кнізе выбранага ў Маскве ў 1937 годзе.

Панамарэнка запісаў Аксэльрода ў беларускія нацыяналісты разам з Коласам, Купалам, Бядулем...

9. Пратэставаў супраць закрыцьця габрэйскіх школ, газэт, крытыкі габрэйскіх літаратараў

У 1938 годзе сакратар ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймон Панамарэнка напісаў ліст Сталіну пра беларускіх пісьменьнікаў — «ворагаў народу», якіх абвінаваціў у беларускім нацыяналізьме. У адным шэрагу зь Янкам Купалам, Якубам Коласам, Зьмітраком Бядулем, Глебкам, Броўкам, Кандратам Крапівой апынуўся і Зэлік Аксэльрод.

Ня ведаючы пра гэты ліст, Аксэльрод зьвяртаецца да Панамарэнкі па дапамогу. Паводле пляменьніцы Алены Аксэльрод, «Зэлік Аксэльрод і Гірш Камянецкі зьвярнуліся ў ЦК КП(б) Беларусі і асабіста да сакратара ЦК Панамарэнкі з пратэстам супраць закрыцьця габрэйскіх школ і сэкцыі ідышу пры Акадэміі навук і габрэйскай газэты ў Вільні пры далучэньні Заходняй Беларусі... да Савецкага Саюзу. Яны накіраваліся на прыём да самога Панамарэнкі». (А. Аксэльрод. «Дом на Барыкаднай». Масква, 2008).

«Рыгор Рэлес прыгадаў і такі эпізод: «У 1939 г. адзначаўся юбілей Давіда Бергельсона. Аксэльрод выступіў так: „Зачынілі яўрэйскія школы, зачынілі рэдакцыі, што будзем рабіць, ня ведаем. Няхай жыве тав. Сталін!“ Іронія ў яго словах была настолькі адчувальнай, што сябар Аксэльрода Элі Каган, які сядзеў побач, штурхнуў мяне ў бок: „Чуў?“». (В. Рубінчык. «Дайце мне вады тваёй гаючай..». Беларуска-яўрэйскія паэты ХХ ст. Зэлік Аксэльрод // «Роднае слова», № 6, 2005).

Зэлік Аксэльрод, партрэт Анатоля Наліваева

Алена Аксэльрод дадае: «...Зэлік зьнік пасьля сутычкі з адным з партыйных кіраўнікоў камісарам Гершманам, калі ў яго прысутнасьці сказаў, што плянуе арганізаваць Саюз габрэйскіх пісьменьнікаў у Вільні». А за некалькі дзён да арышту ўступіў у палеміку з кіраўніком СП БССР Міхасём Лыньковым, які заявіў, што «габрэйскія савецкія пісьменьнікі не стварылі вобразы герояў вялікай значнасьці..»..

10. Расстраляны як «вораг народу» ​пры адступленьні савецкай арміі зь Менску

У пачатку чэрвеня 1941-га Аксэльрода затрымалі праз абвінавачаньне ў дачыненьні да «пісьменьніцкай нацыяналістычнай арганізацыі». Паводле Алены Аксэльрод: «Калі немцы падыходзілі да Менску, зьняволеных падзялілі на дзьве калёны: крымінальнікаў адпусьцілі..., а тых, хто ня ведаў, за што сядзіць, павялі ў лес за 40 кілямэтраў і там расстралялі. Зэлік загінуў адзін зь першых. Пра абставіны ягонай гібелі расказалі пісьменьнікі Элі Каган і Рыгор Бярозкін, якія цудам тады выратаваліся» («Лехаим»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь як цэнтар зямлі». Зь ідышу пераклалі «самага эўрапейскага» аўтара Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рая Кульбак, дачка забітага паэта