Пайшоў з жыцьця менскі мастак Захар Кудзін

Захар Кудзін

У нядзелю, 29 сьнежня, ня стала Захара Кудзіна. Пра гэта расказаў тэлеканалу «Белсату» рэжысэр Максім Швед.

Захар Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе. У 2007 годзе скончыў каледж мастацтваў імя Глебава. Жыў і працаваў у Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куб Захара Кудзіна: ўмоўная мяжа паміж жыцьцём і сьмерцю

Мастак прызнаваўся, што на яго паўплывала амэрыканскае сучаснае мастацтва, асабліва абстрактны экспрэсіянізм: два гады ён нелегальна жыў у Нью-Ёрку, вандраваў аўтаспынам па Злучаных Штатах і наведваў галерэі.

Шэсць гадоў таму праз глаўкому Кудзін пачаў бачыць навакольны сьвет скажона: аб’екты і людзі зьнікалі, трансфармаваліся, мігцелі, зьмяняючы колер. Гэткае ўспрыманьне рэчаіснасці ён прадставіў у працах на выставе «Жывапіс левым вокам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы часта называем фэйкамі тое, што не супадае з нашымі думкамі», — швэдзкія дакумэнталісты ў Беларусі

Пазалетась Кудзін зьвяртаўся да менскіх уладаў з прапановаю паставіць на вуліцах ягоныя абстрактныя скульптурныя кампазыцыі (напрыклад, у выглядзе гіганцкага каляровага воблака) як альтэрнатыву традыцыйным помнікам.

Натхняўся каляровымі квадратамі і прастакутнікамі на менскіх будынках, якія паўставалі падчас зафарбоўваньня ЖЭСамі графіці ды надпісаў на дамах, і пераносіў іх на палатно.

Творчы дыялог мастака з камунальнікамі стаў сюжэтам фільму «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, які выйшаў у пракат у лістападзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЖЭС-арт». Беларус зьняў фільм пра стэрыльныя вуліцы і замаляваныя графіці