Блогерку Нафасат Алашукураву 28 сьнежня выпусьцілі з псыхіятрычнай клінікі ва Ўргенчы. Там яе ўтрымлівалі тры месяцы паводле рашэньня суду пасьля таго, як яна прыняла ўдзел у акцыі пратэсту. Пра гэта паведамляе Ўзбэцкая служба Радыё Свабода.
Паводле словаў кіраўніка праваабарончага таварыства «Эзгулік», якое базуецца ў Ташкенце, Абдурахмана Ташанава, спэцыяльная камісія палічыла, што неабходнасьці ў працягу лячэньня Алашукуравай у псыханэўралягічным дыспансэры няма.
Бацька дзяўчыны Балтабой Алашукураў пацьвердзіў Свабодзе, што яго дачка выехала з Харэзму ў Ташкент.
«Сёньня ў 12 гадзін яна патэлефанавала мне зь невядомага нумару і сказала:» Мяне выпусьцілі, я ўжо ў дарозе «. Але потым мы ўжо не змаглі да яе датэлефанавацца», — сказаў Алашукураў.
З самай Нафасат Алашукуравай журналістам зьвязацца не ўдалося. Яе адвакат Умід Давлатаў сказаў, што не валодае поўнай інфармацыяй пра вызваленьне сваёй кліенткі з псыханэўралягічнага дыспансэру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці дыктатараў. Жыцьцёвы шлях Гюльнары Карымавай: ад прынцэсы да зьняволенай
32-гадовую настаўніцу ангельскай мовы Нафасат Алашукураву, якая вяла блог у фэйсбуку пад імем Shabnam Olloshkurova, адправілі на прымусовае лячэньне ў Харэзмскі абласны псыханэўралягічны дыспансэр 7 кастрычніка. Гэта адбылося пасьля таго, як яна далучылася да паходу журналіста і паэта Махмуда Раджабава і яго сваякоў з Харэзму ў Ташкент. Людзі ішлі на прыём да міністра ўнутраных спраў Узбэкістану, маючы намер расказаць пра тое, як іх незаконна перасьледуюць. Усіх удзельнікаў пешага паходу затрымалі і асудзілі да адміністрацыйных арыштаў.
Алашукураву таксама арыштавалі на 10 сутак, прызнаўшы яе вінаватай паводле наступных артыкулаў:
- 183 ( «Дробнае хуліганства»),
- 194 ( «Невыкананьне законных патрабаваньняў супрацоўніка органаў унутраных спраў»),
- 195 ( «Супрацьдзеяньне выкананьню службовага абавязку супрацоўнікамі органаў унутраных спраў»),
- 202 ( «Стварэньне ўмоў для правядзеньня несанкцыянаваных сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і дэманстрацый») Кодэксу аб адміністрацыйнай адказнасьці.
Пасьля гэтага ў Генэральнай пракуратуры Ўзбэкістану заявілі, што нібыта праз дзень пасьля таго, як жанчыну адправілі пад арышт, у яе былі заўважаныя нейкія «псыхалягічныя зьмены». Сілавікі сьцьвярджаюць, што да дзяўчыны адразу ў спэцпрыёмніку выклікалі хуткую псыхіятрычную дапамогу, пасьля чаго, паводле рэкамэндацыі псыхіятра, павезьлі яе ў Харэзмскі абласны псыханэўралягічны дыспансэр для мэдычнага абсьледаваньня.
Пасьля гэтага прадстаўнікі дыспансэру зьвярнуліся рэгіянальны суд у грамадзянскіх справах і папрасілі дазвол на прымусовую шпіталізацыю Алашукуравай. У прадстаўленых імі ў суд дакумэнтах было сказана, што ў жанчыны «назіраюцца псыхічны разлад, прыкметы паранаідальнага сындрому».
Таксама мэдыкі заявілі, што блогерка «бездапаможная, няздольная самастойна задавальняць асноўныя жыцьцёвыя патрэбы і ўяўляе пагрозу для сябе ці навакольных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узбэкістан падрыхтаваўся будаваць АЭС, як у Астраўцы
Бацька блогеркі заяўляў, што яго дачка ніколі не цярпела ад псыхічнай хваробы, а Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ) запатрабавала ад уладаў Узбэкістану вызваліць блогерку. Але афіцыйны Ташкент праігнараваў гэтыя заявы.
Алашукурава на сваёй старонцы неаднаразова выказвала незадаволенасьць дзеяньнямі узбэцкіх чыноўнікаў і карупцыяй ва Ўзбэкістане. Яна прапаноўвала аб’яднацца і стварыць орган па абароне насельніцтва ад уладаў. Яна, у прыватнасьці, выступала супраць незаконнага зносу дамоў і іншых будынкаў у Кашкадар’інскай, Харэзмскай і Фэрганскай абласьцях. У яе блогу было больш за чатыры тысячы падпісчыкаў.