Улады Ўкраіны і прарасейскія сэпаратысты на ўсходзе краіны пачалі абмен палоннымі і захопленымі цывільнымі асобамі. Абмен праходзіць 29 сьнежня на кантрольна-прапускным пункце пад Горлаўкай у Данецкай вобласьці.
Аб пад’ездзе аўтобусаў да прапускнога пункту паведаміў украінскі канал Эспрэса-ТБ, пра пачатак працэдуры абмену паведамілі Офіс прэзыдэнта Ўкраіны і агенцтва ТАСС са спасылкай на упаўнаважаную ў галіне правоў чалавека «ДНР» Дар’ю Марозаву.
Паводле дадзеных Марозавай, сэпаратысты перададуць Кіеву 55 чалавек і разьлічваюць атрымаць 87 сваіх прыхільнікаў.
Дакладныя сьпісы тых, каго сёньня абмяняюць, пакуль не апублікаваныя. Вядомыя пакуль толькі асобныя імёны.
Упаўнаважаная ў галіне правоў чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людміла Дзянісава распавяла, што з «ЛНР» былі перададзеныя чацьвёра ўкраінскіх вайскоўцаў: Сяргей Іванчук, Юры Яўтушка, Іван Дзееў і Раман Фурсаў.
У інтэрнэце ўкраінскія журналісты публікуюць сьпісы, грунтуючыся на ўласных дадзеных. Вось, напрыклад, сьпіс перададзеных Кіеву «ЛНР», апублікаваны Аксанай Дыхніч:
Мяркуецца, што ўкраінскі бок перадасьць людзей, асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне: Уладзіміра Дворнікава, Віктара Тяцюцкага і Сяргея Башлыкова. 28 сьнежня Фрунзенскі раённы суд Харкава прызнаў Дворнікава, Цяцюцкага і Башлыкова вінаватымі ў арганізацыі выбуху падчас мірнага шэсьця ў Харкаве ў 2015 годзе, у выніку чаго загінулі чатыры чалавекі. Як паведамляе ўкраінскае выданьне «Гардон», асуджаных адпусьцілі з-пад варты пад асабістае абавязаньне, «улічваючы выключныя абставіны пры вынясеньні прысуду і спэцыфіку яго выкананьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пацьвердзіў абмен вязьнямі з сэпаратыстамі 29 сьнежня
Увечары 28 сьнежня калегія судзьдзяў Кіеўскага апэляцыйнага суду таксама зьмяніла меру стрыманьня пецярым былым супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьня МУС Украіны «Бэркут» на абавязаньне аб яўцы. Алега Янішэўскага, Паўла Аброськіна, Сяргея Зінчанку, Сяргея Тамтуру і Аляксандр Марынчанку абвінавачваюць у датычнасьці да стральбы па дэманстрантах падчас пратэстаў Эўрамайдану ў лютым 2014 году. Усе яны ўключаныя ў сьпіс на сёньняшні абмен палоннымі і захопленымі цывільнымі асобамі. Пра гэта паведаміў іх адвакат:
Напярэдадні супраць вызваленьня абвінавачаных у забойствах супрацоўнікаў «Бэркута» ў Кіеве выступілі актывісты, якія паспрабавалі не дапусьціць, каб яны пакінулі тэрыторыю Лук’янаўскага СІЗА.
«Краіна павінна вяртаць сваіх герояў, але ня коштам апаганьваньня каштоўнасьцяў, за якія гэтыя героі біліся. Яны ня скажуць дзякуй за тое, што справа расстрэлу людзей на Майдане не было скончана хоць бы прысудам вінаватым», — напісаў з нагоды абмену ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў у Фэйсбуку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былыя беркутаўцы, абвінавачаныя ў расстрэле Майдану, вызваленыя з-пад варты
Сайт «Данбас Рэаліі» са спасылкай на СБУ паведамляе, што на непадкантрольных Украіне тэрыторыях застаюцца 250 украінскіх закладнікаў. Сярод іх як грамадзянскія асобы, так і ваеннапалонныя.
- Дамоўленасьць аб абмене была дасягнутая на саміце кіраўнікоў Францыі, Расеі, Украіны і Нямеччыны ў Парыжы 9 сьнежня. Мяркуецца, што ён пройдзе ў фармаце «усіх на ўсіх».
- Гэта першы абмен паміж Кіевам, Данецкам і Луганскам з 2017 году. Тады ўкраінскія ўлады перадалі самаабвешчаным рэспублікам 273 чалавекі, з палону сэпаратыстаў дадому вярнуліся 73 чалавекі.