Канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў аб павышэньні 29 сьнежня розьнічных цэн на бэнзін і дызэльнае паліва і патлумачыў гэта ростам цаны на нафту.
Кошт бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,64 рубля, АІ-95-К5-Эўра – 1,74 рубля, АІ-98-К5-Эўра – 1,96 рубля, дызэльнага паліва – 1,74 рубля.
З прычыны росту кошту нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018-м і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасьня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — роўна праз тыдзень пасьля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Папярэдні раз кошт паліва павялічвалі 23 сьнежня.
Прэм’ер-міністар Сяргей Румас, выступаючы ў парлямэнце 5 лістапада, заявіў, што ўрад пакуль ня бачыць перадумоў для росту кошту паліва. Ён зьвярнуў увагу, што сёлета на 19 капеек паліва падаражэла і на 4 капейкі патаньнела. «На сёньняшні дзень перадумоў да таго, каб павышаць цэны на паліва, няма. Кошт нафты стабільны, эканоміка нафтаперапрацоўчых заводаў дазваляе працаваць пры тым узроўні цэнаў на паліва, які сфармаваўся», — адзначыў прэмʼер-міністр.
Пры гэтым ён ня выключыў, што ў будучыні цана на паліва можа вырасьці пры пэўных абставінах. «Урад будзе прытрымлівацца палітыкі плянамернага павышэньня цэнаў на паліва ў тым выпадку, калі будзе расьці кошт на нафту або будзе зьмяняцца курс беларускага рубля», — падкрэсьліў Румас.