Расейская кампанія «Газпром» выплаціла 2,918 мільярда даляраў «Нафтагазу Ўкраіны» паводле рашэньня Стакгольмскага арбітражу. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» з спасылкай на прадстаўніка «Газпрома».
Пра ўмовы ўгоды бакі дамовіліся 20 сьнежня ў Менску:
- Украінскі бок цяпер павінен адмовіцца ад астатніх прэтэнзій да «Газпрома».
- Транзыт расейскага газу цераз Украіну працягваецца на 5 гадоў.
Украінска-расейская газавая справа, распачатая ў 2014 годзе на заяву кампаніі «Нафтагаз Украіны», стала найбуйнейшаю ў гісторыі Стакгольмскага арбітражу — сумарны аб’ём узаемных патрабаваньняў дасягнуў 125 мільярдаў даляраў. Але ў поўным аб’ёме суд не падтрымаў ніводзін з бакоў.
У 2017 годзе Стакгольмскі арбітраж абавязаў Украіну аплаціць газ, пастаўлены Расеяй у 2014–2015 гадах. Але пры гэтым яго цана, паводле рашэньня суду, мусіла прывязвацца не да цанынафты (як гэта было прадугледжана кантрактам ад 2009 году), а да цэнаў эўрапейскага газавага хабу. Апроч таго, арбітраж скасаваў забарону на рээкспарт газу і прынцып «бяры або плаці» (да канца 2019 году Ўкраіна мусіла купляць 52 мільярды кубамэтраў газу за год, незалежна ад патрэб).
У лютым 2018 году Стакгольмскі арбітраж паставіў, каб«Газпром» кампэнсаваў страты «Нафтагаза Украіны» за недапастаўку закантрактаваных аб’ёмаў прыроднага газу для транзыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Украіне заплацілі першы штраф за палёты над Крымам