Relikt прэзэнтаваў другі рэліз за паўгода — па-ангельску і бяз гучных гітараў

Гурт Relikt на адзначэньні «Герояў году — 2018» паводле парталу «Тузін гітоў»

Менскі гурт Relikt выдаў складанку сваіх найлепшых кампазыцыяў пад назвай «Braslavy Unplugged». Гэта падарунак гурту слухачам да зімовых сьвятаў.

Сюрпрызамі альбому, апроч агульнай чароўнай атмасфэры, сталі і не выдаваныя раней трэкі: беларускамоўныя кавэры кампазыцыі «Стары» Ніла Янга і амэрыканскай народнай песьні «Вандроўнік», вядомай у выкананьні Джоні Кэша, Эда Шырана і іншых, дзе Relikt упершыню засьпяваў па-ангельску.

На дыск трапілі самыя папулярныя сярод аматараў гурту песьні, створаныя за ўсю гісторыю існаваньня Relikt і запісаныя спэцыялістамі менскай «Студия 9» у акустычным варыянце ды новых незвычайных аранжаваньнях у сэрцы беларускай Поўначы — на хутары сярод Браслаўскіх азёраў.

Складанка стала прыемным бонусам да альбому «Дрэва жыцця», што выйшаў восеньню і ўжо атрымаў найвышэйшыя ацэнкі экспэртаў і слухачоў, трапіў у топ альбомаў года паводле вэрсіі Onliner.

Прэзэнтацыя дыску «Дрэва жыцьця» пройдзе ў сталічным клюбе «Re:Public» 31 студзеня. У другім аддзяленьні канцэрту прагучаць найлепшыя ды ўлюбёныя слухачамі кампазыцыі Relikt, у тым ліку і з «Braslavy Unplugged».

Relikt (раней пісаўся як Re1ikt) утварыўся ў 1999 годзе ў Сьветлагорску, пачынаў з гранджу і альтэрнатыўнага року, пазьней перайшоў да прагрэсіўнага року з элемэнтамі фольку. Першы альбом выдаў у 2006 годзе, калі пераехаў у Гомель. З акустычнай праграмай перамог на «Бардаўскай восені» (2009), з электрычнай перамагаў на «Даём рады», прэміях Tuzinfm.by, Experty.by, Rock-Profi ды іншых.