Што з намі здарылася ў 10-х гадах і што нас чакае ў 20-х? Падсумаваньні і варажба экспэртаў Свабоды

Зь якой назвай дзясятыя гады ХХІ стагодзьдзя ўвойдуць у гісторыю? Якія тры падзеі дзясятых былі самымі важнымі для Беларусі і сьвету? Якія трэнды працягнуцца, а якія — зламаюцца ў 20-я гады?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько, палітычны аналітык Арцём Шрайбман і аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

Сьцісла:

Дынько:

  • 10-я — гэта страчанае дзесяцігодзьдзе, дзесяцігодзьдзе безь пераменаў, дзесяцігодзьдзе-паўза
  • Тры галоўныя падзеі дзясятых для Беларусі — Плошча-2010, вайна ва Ўкраіне, Нобэль Алексіевіч
  • Трэнды 20-х — альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі, працяг экспансіі Расеі, усясьветны кансэрватыўны рэванш
  • У бліжэйшае дзесяцігодзьдзе мы можам сутыкнуцца з тармажэньнем росту Ўсходняй Эўропы і Кітаю

Шрайбман:

  • 10-я прайшлі пад знакам аддаленых наступстваў эканамічнага крызісу 2008 году, зь якімі ня справілася эліта сьвету
  • Тры галоўныя падзеі дзясятых для Беларусі — размарозка адносінаў з Захадам, эканамічны крызіс 2015-2016 гадоў, падатковы манэўр у Расеі
  • У 20-я трэнд на пашырэньне ўдзелу масаў у палітыцы можа сысьці на нішто
  • У бліжэйшыя 10 гадоў мы ўбачым калі ня схлопваньне Расеі, то схлопваньне прынамсі яе геапалітычных амбіцыяў

Шымаў:

  • Гэта было дзесяцігодзьдзе расчараваньня і незадавальненьня
  • Тры галоўныя падзеі 10-х — вайна Расеі і Ўкраіны, абраньне Трампа і Брэкзыт
  • У 20-я працягнецца трэнд вяртаньня масаў у палітыку, трэнд пратэстны
  • Кітай акажацца калі не «папяровым тыграм», то ня тым тыграм, які пад лапу возьме ўсю плянэту

Імя дзесяцігодзьдзя

Дракахруст: Якімі былі дзясятыя гады ХХІ стагодзьдзя, ці будзе ў іх нейкае імя, характэрная рыса, якой яны запомняцца? Вось 90-я на постсавецкай прасторы часам называюць «ліхімі». А 10-я якія?

Андрэй Дынько

Дынько: Гэтае дзесяцігодзьдзе прайшло пад знакам вайны Расеі і Ўкраіны. Але ў цэлым для мяне гэта страчанае дзесяцігодзьдзе. Гэта было дзесяцігодзьдзе безь пераменаў, дзесяцігодзьдзе-паўза.

Шымаў: Тут важна, зь якога пункту глядзець. Калі з больш шырокага гледзішча, чым постсавецкая прастора, то ў сьвеце гэта дзесяцігодзьдзе расчараваньня і незадавальненьня. Паводле аб’ектыўных паказьнікаў, у значнай часткі насельнікаў нашага шарыка справы ішлі някепска. Але субʼектыўна ўсё больш людзей успрымаюць сытуацыю як ня вельмі добрую.

Нядаўна я прачытаў жарт: — Спэцыялісты кажуць, што жыцьцё паляпшаецца. — Але людзі кажуць, што жыцьцё пагаршаецца — Але людзі ж не спэцыялісты!

Для 10-х гадоў ХХІ стагодзьдзя характэрны разрыў паміж меркаваньнямі экспэртаў і грамадзтвам. І гэта адбывалася ў самых розных краінах. Навідавоку крызіс экспэртакратыі, і ён — адна з прычынаў падʼёму папулізму.

Шрайбман: Гэта было дзесяцігодзьдзе антыглябалізму. У 10-я заходні сьвет і тыя краіны, якія імкнуцца туды, адчулі аддаленыя наступствы эканамічнага крызісу 2008 году, з наступствамі якога ня справілася эліта сьвету. І гэта заклала глебу дысбалянсаў, якія праявіліся ў выглядзе папулізму, новых канфліктаў унутры заходняга блёку і перафарматаваньня палітычных ляндшафтаў многіх краінаў — заняпад традыцыйных партыяў, узьлёт новых партыяў. Гэта праявілася і ў новых падзелах — не на левых і правых, а на глябалістаў і антыглябалістаў.

Тры галоўныя падзеі 2010-2019 гадоў для Беларусі і сьвету

Дракахруст: Тры галоўныя падзеі дзясятых для вас — тры ў сьвеце і тры ў Беларусі.

Яраслаў Шымаў

Шымаў: Для мяне тры галоўныя падзеі 10-х у сьвеце — гэта найперш 2014 год, пачатак фактычнай вайны Расеі з Украінай, якая шмат што перафарматавала ва Ўсходняй Эўропе і на постсавецкай прасторы.
І дзьве падзеі 2016 году — гэта абраньне прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа, якое шмат што перафарматавала і яшчэ перафарматуе ў ЗША. Гэта да пэўнай ступені вяртаньне да ізаляцыянізму і нацыяналізму.
І трэцяя падзея, якая адбылася ў тым самым 2016 годзе — гэта Брэкзыт. Гэтая падзея перафарматавала шмат што ў Эўропе.

Дональд Трамп

Дынько: Калі казаць пра ўсясьветныя падзеі, то я б назваў «арабскую вясну», якая нагадвала тыя ланцугі рэвалюцыяў, якія здараліся ў эўрапейскай гісторыі.

Другой падзеяй, а для нашага рэгіёну — і першай, была вайна ва Ўкраіне, захоп Расеяй Крыму і ўсходняга Данбасу, гэты подых ХХ стагодзьдзя, які мы адчулі.

У тыя месяцы 2014 году мы перажылі тое, што перажывалі нашыя продкі ў канцы 1930-х гадоў. Здавалася, што гэта можа перарасьці ў сусьветную вайну, што гэтыя войскі могуць не спыніцца і мы можам апынуцца ў іх на дарозе.

Трэцяй падзеяй я б назваў умацаваньне Кітаю ў якасьці супэрдзяржавы, тое, што Кітай зраўняўся з ЗША паводле сваіх эканамічных магчымасьцяў.

Калі казаць пра галоўныя падзеі ў Беларусі, то першай я назаву Плошчу-2010. Гэта была важная вяха руху за грамадзянскія і нацыянальныя правы ў Беларусі. Яна застанецца ў гісторыі як вялікі парыў і вялікае сьведчаньне.

Другой падзеяй я назаву вайну ва Ўкраіне, бо яна нас таксама зачапіла сваім крылом і яна была таксама і нашай нацыянальнай падзеяй.

І трэцяя падзея — гэта Нобэлеўская прэмія Сьвятланы Алексіевіч.

Шрайбман: Тройка галоўных падзеяў у сьвеце — гэта вайна ва Ўкраіне, перамога Трампа і зьняцьце абмежаваньня на колькасьць тэрмінаў кіраваньня для сёньняшняга кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна.

Апошняя падзея перадвызначыла немагчымасьць мадэрнізацыйнага шляху для Кітаю. Калі былі ілюзіі, што праз рынкавую эканоміку Кітай сваім шляхам, але ўвойдзе ў сямʼю заходніх народаў, то яны развеяныя.

Умацаваньне Кітаю на аўтарытарным шляху, нараджэньне там новай дыгітальнай дыктатуры азначае, што Кітай у бліжэйшыя гады будзе апанэнтам заходняй глябалісцкай сыстэмы.

Калі казаць, што ў Беларусі з падзеяў 10-х будзе мець найбольш далекасяжныя наступствы, я б называў тры падзеі-трэнды. Першая — гэта размарозка адносінаў з Захадам пасьля шоку Плошчы-2010.

Нягледзячы на ўсе зыгзагі разморозкі адносінаў з Захадам гэты працэс стаў устойлівым, і мне здаецца, што ў тым або іншым выглядзе гэты працэс ужо незваротны.

Другая падзея — гэта пара эканамічных крызісаў, 2011 году і 2015-2016 гадоў.

Асабліва крызіс 2015-2016 гадоў стаў тлустай кропкай на веры аптымістаў у тое, што цяперашняя беларуская сацыяльна-эканамічная сыстэма можа выжыць і разьвівацца.

Усім акрамя Лукашэнкі, уключна з урадам і большасьцю насельніцтва, стала зразумела, што гэтая сыстэма нежыцьцяздольная. Яна можа працягваць існаваць пэўны час, але яна ня можа генэраваць рост.

І трэцяя падзея, якая будзе мець для Беларусі тэктанічныя наступствы — гэта падатковы манэўр у Расеі. Гэта перагляд інтэграцыйнай зьдзелкі. Мы пакуль ня ведаем, чым ён скончыцца. Але ўжо зразумела, што адносіны дзьвюх краінаў ня будуць такімі, якімі былі. Манэўр стаў крызісам гэтай зьмены, якая можа прывесьці нас як да большай залежнасьці ад Расеі, гэтак і да большай эмансыпацыі ад Расеі, нават калі яна пройдзе праз боль і пакуты.

Што зьмянілася ў Беларусі за 10 гадоў?

Дракахруст: У Беларусі нічога не мяняецца — гэтак часта кажуць і самі беларусы, і замежнікі. Дзесяцігодзьдзе пачалося з сымбалю — Плошчы-2010, сымбалю ці то гэтай нязьменнасьці, ці то прагі да зьменаў. Ну а нешта ўсё ж зьмянілася ў Беларусі за 10 гадоў?

Арцём Шрайбман

Шрайбман: За 10 гадоў стала відавочна, што склаўся нацыянальны кансэнсус наконт незалежнасьці. Гэтаму паспрыяла вайна Расеі і Ўкраіны і наступная трансфармацыя беларускай зьнешняй і ўнутранай палітыкі — мяккая беларусізацыя, ускладненьне адносінаў з Расеяй і г. д.

Калі казаць пра галоўны трэнд — гэта грамадзкае ўсьведамленьне таго, што незалежнасьць — гэта найвышэйшая каштоўнасьць.

У сацыяльна-эканамічным сэнсе гэта было дзесяцігодзьдзе застою, брэжнеўскае дзесяцігодзьдзе. За якім праз пэўны час наступае перабудова.

Дынько: За 10 гадоў у Беларусі зьмяніліся дзьве рэчы — мова і прэзыдэнт.

Прэзыдэнт нібыта той самы, але ён ужо іншы. Ягонае разуменьне сьвету памянялася за гэтыя 10 гадоў. Вайна ва Ўкраіне была адным з галоўных момантаў, які памяняў яго разуменьне.

Што тычыцца мовы, то стаўленьне да яе памянялася, хаця мы пакуль ня ведаем вынікаў перапісу 2019 году — колькі людзей назвалі беларускую роднай і мовай хатняй камунікацыі.

Зьмены, якія адбыліся ў гэтым пытаньні, вызначаюць базавае ўспрыманьне людзей.

Мы яшчэ расьлі ў сытуацыі, калі вёска татальна гаварыла па-беларуску. Тады на нацыянальнай мове гаварылі радыё і тэлебачаньне. Цяперашняе пакаленьне расло, ня чуючы беларускай мовы. Беларусь у гэтым адрозьніваецца ад усіх постсавецкіх краінаў. Мы — адзіная краіна ў Эўропе, дзе нацыянальная мова выдушвалася гэтак пасьлядоўна.

Што працягнецца ў 20-я?

Дракахруст: Якія трэнды дзясятых і ранейшых гадоў працягнуцца і ў дваццатыя? Скажам, падʼём Кітаю адбываўся і ў нулявыя і ў дзясятыя. А што працягнецца ў дваццатыя?

Шымаў: У 20-я працягнецца трэнд вяртаньня масаў у палітыку, трэнд пратэстны. Андрэй прыгадаў «арабскую вясну», дзесяцігодзьдзе працягнулася Майданам, а сканчаецца шэрагам пратэстаў у самых розных краінах — гэта Ганконг, гэта Лібан, гэта Ірак, гэта Каталёнія.

Мы з вамі, Юры, цяпер сядзім у абсалютна мірнай Чэхіі. Але тут на працягу году на вуліцу выходзілі па 200 тысячаў чалавек з пратэстам супраць палітыкі прэмʼера Бабіша.

Пратэсты ў Ганконгу

Я не ўспрымаю гэта ўзьнёсла, маўляў, ах, як цудоўна, што людзі бяруць у свае рукі палітычная працэсы.

Насамрэч гэта сымптом таго, што сыстэма працуе кепска. Дэмакратычная ў тым ліку. Узьнікае недавер паміж масамі выбарнікаў і тымі, хто робіць выгляд, што іх прадстаўляе. І сапраўды многія людзі адчуваюць патрэбу ў наўпроставым дзеяньні, якое паказала б іх волю.
Голас плошчы заўсёды гучыць гучна, але часам заглушае іншыя, больш разумныя галасы.

Мне здаецца, што ў 20-я гэтая тэндэнцыя працягнецца. Гэтыя непаладкі ў палітычных мэханізмах узмацняюцца, у прыватнасьці, у мэханізмах Эўразьвязу.

Дынько: Для сусьветнай эканомікі і палітыкі важнае значэньне будзе мець сытуацыя ў энэргетыцы. Чалавецтва расьце, багацее, і яму трэба ўсё больш энэргіі.

У 10-я мы ўбачылі рост здольнасьці выкарыстоўваць сонечную энэргію.
Гэтая тэндэнцыя росту вагі альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі застанецца.

Я мяркую, што экспансія Расеі, узмацненьне Расеі, якое мы назіралі ў 10-я, працягнецца і ў наступным дзесяцігодзьдзі. І гэта будзе ствараць новыя пагрозы для Беларусі. Экспансія Расеі пагражае самаму існаваньню Беларусі.

Выбух камунікацыі прывядзе да кансэрватыўнага рэваншу. Усё больш людзей, якія ня мелі голасу ў лібэральным грамадзтве і ішлі за элітамі, атрымліваюць права голасу. І яны будуць усё мацней канвэртаваць гэты свой голас у палітычныя формы.

Шрайбман: Мне здаецца, што трэнд на пашырэньне ўдзелу масаў у палітыцы можа сысьці на нішто. Выбар папулістаў мала што мяняе. І Брэкзыт наўрад ці прывядзе да тэктанічных зьменаў, і Трамп аказвае не такі ўжо кардынальны ўплыў на амэрыканскую сыстэму. Ён абяцаў «асушыць балота». Дык яно не асушанае.

У адпаведнага электарату можа наступіць расчараваньне і адток ад палітыкі. І гэта можа выклікаць кансалідацыю сілаў на сыстэмным флянгу.

І мы бачым рост папулярнасьці ЭЗ пасьля Брэкзыту ўнутры большасьці краінаў Зьвязу.

Пасьля Трампа — у 2021-м ці ў 2025-м — ківач пойдзе ў адваротны бок.

Яшчэ адна тэндэнцыя, якую мы ўбачым у сусьветнай палітыцы — гэта рост неамэрыканскіх гульцоў. Вага Амэрыкі будзе зьмяншацца. Не за кошт яе аслабленьня, а за кошт умацаваньня іншых — Кітаю, Індыі, Бразыліі. І гэты трэнд мне здаецца незваротным. Я ня ведаю прыкладаў адраджэньня імпэрыяў пасьля іх згасаньня.

Якія трэнды зламаюцца да 2029 году?

Дракахруст: Брэкзыт і Трамп былі зломам трэндаў, які мала хто прадказваў. Сьвет глябалізуецца, сьвет інтэгруецца — у 90-я і нулявыя гэта здавалася аксіёмамі. Ну а тут раптам вось такое — Трамп і Брэкзыт. А якія трэнды могуць зламацца ў 20-я?

Шрайбман: Я мяркую, што ў 20-я шмат сюрпрызаў можа прыйсьці з нашага рэгіёну. Я ня ўпэўнены, што Расея будзе разьвівацца па шляху газу, які запаўняе сабой усю прастору, па шляху экспансіі.

Мне здаецца, што праблемы, зь якімі сутыкаецца Расея, сьведчаць, што Расея будзе хутчэй закрывацца ў сабе. За 10 гадоў мы ўбачым калі ня схлопваньне Расеі, то прынамсі яе геапалітычных амбіцыяў. Асабліва актуальна гэта будзе пасьля 2024 году.

Дынько: Два моманты могуць памяняць трэнды.

У Беларусі і Расеі 10-я былі дзесяцігодзьдзем сацыяльна-эканамічнага застою. Тым часам як Усходняя Эўропа імкліва расла.

У 20-я мы можам сутыкнуцца з запаволеньнем ці спыненьнем росту Ўсходняй Эўропы. Ён тлумачыўся эфэктам далучэньня да ЭЗ і NATO і вялікімі датацыямі ад структурных фондаў ЭЗ.

У Заходняй Эўропе цяпер вельмі ўзмацняецца нацыянальны эгаізм. Жыхароў гэтых краінаў стамляе нізкі эканамічны рост. Эпоха Мэркель можа зьмяніцца эпохай Макрона.

І я думаю, што ў наступным дзесяцігодзьдзі мы сутыкнёмся зь вялікім тармажэньнем Кітаю. Але ня ведаю, ці канвэртуецца гэта ў вялікія перамены ў Кітаі.

Сі Цзіньпін

Шымаў: Наконт Амэрыкі я дазволю сабе адну заўвагу. Не выключаю, што пасьля Трампа прыйдзе новы Трамп, толькі зь іншага флянгу. Мы бачым, як радыкалізуецца дэмакратычная партыя ў ЗША, наколькі там узмацняецца плынь нават сацыялістычная. Так што ківач можа пайсьці ў бок не істэблішмэнту, а антыістэблішмэнту зь іншага боку.

З Арцёмам я згодны ў тым, што 20-я будуць гадамі хутчэй ня росту экспансіі Расеі, а тармажэньня. У 20-я гады эпоха Пуціна так ці інакш скончыцца. У 22-м яму будзе 70, у 32-м — 80, калі ён будзе жывы. І ў гэтае дзесяцігодзьдзе зь вельмі вялікай імавернасьцю ягонае кіраваньне так або інакш скончыцца.

У Расеі доўгія царстваваньні звычайна вядуць да сурʼёзных пераменаў. Так было ў любым стагодзьдзі — заўсёды адбываюцца значныя зьмены і заўсёды нешта, скіраванае ўсярэдзіну, а ня вонкі: рэформы Аляксандра ІІ, адліга Хрушчова, перабудова Гарбачова.

Мяркую, што Расея сапраўды будзе вымушаная больш займацца сабой.

А з Андрэем я згаджуся ў тым, што Кітай акажацца калі не «папяровым тыграм», то ня тым тыграм, які пад лапу возьме ўсю плянэту.

У 60-70-я гады ХХ стагодзьдзя здавалася, што Японія — гэта будучыня сьвету. І што? Мы бачым, як Японія топчацца тры дзесяцігодзьдзі на адным месцы.

У Кітаі крызісныя зьявы таксама назапашваюцца. Я не кітаязнаўца, але ёсьць рэчы відавочныя. Яны ў хуткім часе адчуюць наступствы сваёй ранейшай палітыкі «адна сямʼя — адно дзіця». Другі момант, пра які казаў Арцём — тое, што Сі Цзіньпін зламаў мэханізм ратацыі.
У выніку ў кіроўнай эліце зьявяцца ці ўжо зьявіліся групоўкі, якія гэтым незадаволеныя. І зьявяцца новыя напружаньні.

Ну і плюс рэгіянальныя праблемы. Ганконг можа аказацца толькі першым званочкам. Там вельмі істотныя адрозьненьні паміж багатымі прыморскімі правінцыямі і кітайскай «глыбінкай».

Так што 20-я гады наўрад ці будуць дзесяцігодзьдзем Кітаю ў тым пазытыўным сэнсе, у якім іх хацелі б бачыць у ЦК КПК.