6 канфліктаў, за якімі трэба сачыць у 2020 годзе

Аўганскі ўрадавы верталёт наносіць удар

Сябры і ворагі сёньня аднолькава ў разгубленасьці адносна стўленьня Злучаных Штатаў да важных пытаньняў глябальнай палітыкі. І гэтая адсутнасьць амэрыканскай звышдзяржавы ў актыўным вырашэньні некаторых канфліктных сытуацый стварае новыя праблемы для бясьпекі сьвету.

Так лічыць Робэрт Малі (Robert Malley), колішні дараднік Барака Абамы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і цяперашні прэзыдэнт Міжнароднай крызыснай групы (International Crisis Group). Робэрт Малі зьвяртае ўвагу на важнейшыя лякальныя канфлікты, якія, на ягоную думку, будуць вызначаць балянс глябальнай бясьпекі ў 2020 годзе.

Прапануем вам кароткі агляд шасьці канфліктаў са сьпісу Робэрта Малі.

Аўганістан

У баях у Аўганістане гіне больш людзей, чым у любым іншым сучасным канфлікце ў сьвеце. ЗША ангажаваныя ў канфлікце палітычна і вайскова на баку ўраду ў Кабуле.

Аўганскія ўрадавы сілы бясьпекі, сьнежань 2019

Пакуль што невядома, чым закончыцца спрэчка аб выніках прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Аўганістане ў верасьні. Афіцыйна пераможцам абвешчаны дзейны прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані, але гэты вэрдыкт аспрэчвае ягоны супернік Абдула Абдула.

Таксама невядома, чым закончацца перамовы Вашынгтону і Кабулу з талібамі, якія былі перапыненыя Дональдам Трампам у верасьні і зноў узноўленыя пад канец сёлетняга году. Паводле Робэрта Малі, у ЗША няма «лепшага варыянту», чым пагадненьне з Талібанам, каб закончыць крывавы аўганскі канфлікт.

Лібія

Зьнішчаны танк сілаў Халіфы Хафтара

У бліжэйшыя месяцы можа наступіць эскаляцыя вайны ў Лібіі, лічыць Робэрт Малі. Краіна дэ факта мае два ўрады, на чале аднаго зь іх стаіць Фаез аль-Сэрадж, другім кіруе Халіфа Хафтар. У красавіку сілы, якімі камандуе Халіфа Хафтар, абклалі Трыпалі. На ягоным баку ваююць таксама расейскія найміты. ЗША прызнаюць урад Фаеза аль-Сэраджа. ААН разам зь Нямеччынай імкнуцца склікаць мірную канфэрэнцыю ў справе лібійскага канфлікту, але яе пэрспэктывы, як і пэрспэктывы спыненьня паставак узбраеньня з-за мяжы абодвум бакам канфлікту, даволі цьмяныя.

ЗША, Іран, Ізраіль і Пэрсыдзкая затока

Напружанасьць паміж ЗША і Іранам у 2019 годзе небясьпечна вырасла, а ў 2020 годзе двухбаковыя адносіны могуць перайсьці ў стан кіпеньня, лічыць Робэрт Малі. Рашэньне адміністрацыі Трампа выйсьці зь ядзернага пагадненьня 2015 году і ўзмацніць аднабаковыя санкцыі супраць Тэгерану не прынесла ні дыпляматычнай капітуляцыі іранскіх уладаў, ні ўнутранага краху краіны. Напружаньне ўзрасло таксама паміж Ізраілем і Іранам. Існуе рызыка больш шырокага супрацьстаяньня паміж гэтымі дзьвюма краінамі.

Парад іранскіх вайскоўцаў, 2019

Тым ня менш, паводле Робэрта Малі, дыпляматычны прарыў для дээскаляцыі напружанасьці паміж краінамі Пэрсыдзкай затокі і Іранам у цэлым або паміж Вашынгтонам і Тэгеранам у прыватнасьці застаецца магчымым.

ЗША і Паўночная Карэя

Дональд Трамп і Кім Чэн Ын у дэмілітарызаванай зоне, 30 чэрвеня 2019

Час, калі ў 2017 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын абменьваліся абразамі і пагрозамі ўзаемнага зьнішчэньня ядзернай зброяй, падаецца сёньня даволі далёкім, тым ня менш двухбаковая напружанасьць застаецца і нават нарастае. Сустрэча Трампа і Кім Чэн Ына ў Ханоі ў лютым 2019 адносна дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава і паслабленьня амэрыканскіх санкцый не прынесла ніякага пагадненьня. Ніякага прагрэсу не адбылося таксама пасьля сустрэчы Трампа з Кім Чэн Ынам у дэмілітарызаванай зоне паміж дзьвюма карэйскімі дзяржавамі ў чэрвені.

Вэнэсуэла

Сцэна з антыўрадавых пратэстаў у Вэнэсуэле

Канфлікт паміж прэзыдэнтам Нікалясам Мадурам ды апазыцыяй, на чале якой стаіць кіраўнік парлямэнту Хуан Гуайдо, працягваецца. У 2018 годзе Мадура перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, але вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары. Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі. Аднак спадзяваньні апазыцыі на падзеньне Мадуры, які мае за сабою падтрымку арміі, не апраўдаліся.

На думку Робэрта Малі, абодва бакі канфлікту павінны пайсьці на кампрамісы. Апазыцыі трэба будзе адмовіцца ад патрабаваньня, каб Мадура сышоў; урад жа павінен прыняць захады, якія забясьпечаць надзейны і міжнародны маніторынг парлямэнцкіх выбараў у 2020 годзе, а таксама датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў у найбліжэйшай будучыні, Са свайго боку, дадае Малі, ЗША трэба будзе паступова зьняць санкцыі з Вэнэсуэлы, калі будзе дасягнуты прагрэс у справе прыняцьця рашэньняў адносна справядлівых выбараў.

Украіна

Папярэднік прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, Пятро Парашэнка, заключыў Менскія пагадненьні, накіраваныя на спыненьне канфлікту на Данбасе: яны заклікаюць да рэінтэграцыі сэпаратысцкіх тэрыторый ва Ўкраіну ў абмен на іх аўтаномію альбо «асаблівы статус». Аднак дамоўленасьці застаюцца ня выкананымі, паколькі Кіеў і Масква разыходзяцца ў некаторых канкрэтных пытаньнях і пасьлядоўнасьці іх ажыцьцяўленьня.

Прэс-канфэрэнцыя пасьля саміту ў справе Ўкраіны, Парыж, 9 сьнежня 2019

Зяленскі дасягнуў некаторых посьпехаў у перамовах з Масквой, у тым ліку давёўшы да колькасна значнага абмену палоннымі. Але далейшы прагрэс залежыць ад спрыяньня Масквы. Масква, якая адмаўляе свой удзел як боку ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, настойвае на тым, каб Кіеў дамаўляўся пра будучыню Данбасу зь лідэрамі сэпаратыстаў.

У сваім аглядзе Робэрт Малі піша таксама пра канфлікты ў Емэне, Этыёпіі, Буркіна Фасо і Кашміры.