Украінскім палітыкам 2019 году стаў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Як сьведчаць вынікі дасьледаваньня фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучэрыва» і «Цэнтру Разумкова», так лічаць 46% рэспандэнтаў.
Паводле дадзеных дасьледаваньня, пятага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку лічаць палітыкам году 7,5% (у параўнаньні з 16% летась), лідэр партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка, сьпікер Вярхоўнай Рады Дзьмітры Разумкоў і лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» Юры Бойка маюць па 3%, Віктар Медзьвядчук — 2%.
Разам з тым галоўнай палітычнай падзеяй году былі прызнаныя выбары — парлямэнцкія і прэзыдэнцкія (58%), вызваленьне палонных — 8%, «Нармандзкая сустрэча» — 5%, атрыманьне Томасу, разьвядзеньне сіл на Данбасе, ўкараненьне рынку зямлі — 2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі і Пуцін дамовіліся пра абмен палоннымі да канца годуГалоўнай палітычнай падзеяй 2019 году ў сьвеце апытаныя назвалі «Нармандзкую сустрэчу» (23%), імпічмэнт прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа — 6%, вайну ў Сырыі, «Брэксыт», пратэсты «жоўтых камізэлек» у Францыі — 2%. Ніводнай падзеі ня змог назваць 51% рэспандэнтаў.
Дасьледаваньні з 13 да 18 сьнежня сёлета праводзіліся ва ўсіх рэгіёнах Украіны, за выключэньнем Крыму і акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей, было апытана 2017 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Тэарэтычная хібнасьць выбаркі не перавышае 2,3%.
Днямі сацыялягічная група «Рэйтынг» паведаміла, што, паводле дадзеных яе дасьледаваньня, амаль палова ўкраінцаў (48%) назвалі галоўнай падзеяй году вызваленьне маракоў, захопленых Расеяй у Керчанскай пратоцы ў лістападзе 2018 году, а таксама іншых палітвязьняў.