У Нэпале за наркотыкі затрымалі беларусаў. Адна зь іх — дачка міліцэйскага начальніка

21-гадовыя грамадзе Беларусі Павел Васільеў і Аліна Алдошына сярод затрыманых у аэрапорце Катманду

Дваіх беларусаў затрымалі ў Катманду (Нэпал) 21 сьнежня. Адна зь іх, Аліна Алдошына, — дачка горадзенскага міліцыянта Аляксея Алдошына. Кошт наркотыку ў куртках ацанілі ў 2,2 мільёна даляраў.

Бюро наркакантролю Нэпалу затрымала чатырох чалавек з 6 кіляграмамі какаіну. Сярод іх двое беларусаў — 21-гадовыя Аліна Алдошына і Павел Васільеў, піша The Himalayan Times. Яшчэ двое — грамадзяне Балівіі.

Паліцыя затрымала беларусаў у аэрапорце Трыбгуван. У кожнага знайшлі па 3 кіляграмы какаіну. Наркотык быў схаваны ў падшэўках васьмі зімовых куртак. Яго выявілі падчас рэнтгенаўскага абсьледаваньня валізак. Маладзёны рыхтаваліся ляцець у Ганконг.

На допыце яны сказалі, што какаін ім перадалі балівійцы, раней яны ня ведалі адно аднаго.

Балівійцы прыехалі ў Катманду з Бразыліі праз Эфіёпію і Індыю 19 сьнежня разам з какаінам. Адначасова беларусы прыляцелі ў Катманду зь Беларусі праз Турцыю. Яны сустрэліся ў гатэлі, дзе балівійцы перадалі беларусам партыю наркотыкаў.

Нэпальская паліцыя мяркуе, што наркотык мелі завезьці ў Бразылію. Кошт партыі на міжнародным рынку яна ацаніла ў 160 мільёнаў рупіяў (каля 2,2 мільёнаў даляраў).

«Ім выдаюць тэлефон раз у дзень»

Сябры стварылі старонку ў дапамогу затрыманым Паўлу і Аліне. Яны зьбіраюць грошы на адваката для затрыманых.

«Я магу ўпэўнена заявіць, што яна ні пры якіх абставінах не ўвязалася б у такую цёмную авантуру, як перавозка наркотыкаў. Яна добры шчыры чалавек, заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу. Упэўнены, што наркотыкі ёй падкінулі», — выказаўся адзін зь сяброў Аліны Алдошынай.

«Пакуль ідзе сьледзтва, ім выдаюць тэлефон раз у дзень. Пра „падкінулі“ — наўрад ці», — камэнтуе сяброўка Паўла Васільева. Яна мяркуе, што маладзёны ведалі, што вязуць.

Курткі затрыманых з закладзенымі ў іх наркотыкамі

Як расказала ў камэнтары Tut.by Аліна Алдошына, яны ня ведалі, што будуць перавозіць менавіта какаін. Ім нібыта паведамілі, што гэта курткі, прасякнутыя нейкім мэдычным рэчывам. Маладзёнам абяцалі заплаціць 2 тысячы даляраў. З словаў Аліны, балівійцы сказалі Паўлу, які намацаў у куртках нешта цьвёрдае, што праблемаў ня будзе.

Дзяўчына паведаміла, што цяпер знаходзіцца ў нэпальскім СІЗА, дзе няма ложкаў і гарачай вады. Усімі пытаньнямі займаюцца беларускія дыпляматы. Штодня маладых людзей возяць на допыты. Суд даў 7 дзён на разбор.

Бацька Аліны Алдошынай — першы намесьнік начальніка РАУС Ленінскага раёну Горадні. Свабодзе не ўдалося зь ім скантактавацца.

За перавозку наркотыкаў у Нэпале пагражае турэмнае зьняволеньне аж да пажыцьцёвага, паведамляе амбасада Расейскай Фэдэрацыі ў Нэпале.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.