На аднаго з удзельнікаў склалі пратакол, шукаюць іншых, у школьных чатах рассылаюць папярэджваньні.
Як расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў акцыі Ільля Шаблінскі, 24 сьнежня яму пазванілі зь міліцыі і запрасілі на гутарку. У РАУС на яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пыталіся імёны арганізатараў і іншых мітынгоўцаў за незалежнасьць.
Ільля патлумачыў, што нікога больш ня ведае. Тады ў яго забралі тэлефон на праверку. Неўзабаве над ім маецца адбыцца суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам яшчэ жыць у гэтай краіне». У Лідзе юнакі выйшлі на акцыю за незалежнасьць БеларусіУ сеціве зьявілася інфармацыя, што ў выходныя 28-29 сьнежня ў Лідзе можа зноў прайсьці мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй.
Актывістка руху «За свабоду» Вольга Быкоўская расказала Свабодзе, што навучэнцаў лідзкай гімназіі пачалі папярэджваць у школьным чаце, што ў іх могуць быць праблемы, калі пойдуць на недазволеную акцыю.
«Ёсьць зьвесткі ад уладаў, што навучэнцы гімназіі восьмых клясаў і старэйшыя абмяркоўваюць пытаньні інтэграцыі з Расеяй (у апазыцыйным пляне) і нехта з нашых быў на несанкцыянаваным мітынгу 22 сьнежня.
Сёньня [25 сьнежня] а 18.00 зноў плянуецца мітынг каля елкі. Калі дзеці там будуць, сапсуюць сабе біяграфію 100%», — гаворыцца ў паведамленьні настаўніцы да дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец анансаваў чарговы пратэст супраць інтэграцыіМітынг у Лідзе (Горадзенская вобласьць) ладзіўся 22 сьнежня каля помніка князю Гедзіміну, які нядаўна паставілі паблізу лідзкага замка, і на плошчы Леніна, каля галоўнай гарадзкой ялінкі. У ім бралі ўдзел каля дзесяці маладых людзей 16-18 гадоў. Яны стаялі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах. Адзін зь іх трымаў плякат «Belarus is not Russia» («Беларусь не Расея»).
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»