Рабочая група па каардынацыі ўзаемадзеяньня Беларусі і Масквы 24 сьнежня правяла паседжаньне, на якім абмеркавала супрацоўніцтва ў прамысловай сфэры, удзел беларускіх прадпрыемстваў у разьвіцьці камунальнай, будаўнічай і дарожнай сфэр Масквы, паведаміла амбасада Беларусі ў РФ.
Міністар ураду Масквы Сяргей Чарэмін у ходзе пасяджэньня адзначыў, што ў 2018 годзе двухбаковы таваразваророт паміж Беларусьсю і Масквой склаў каля 7 мільярдаў даляраў, а пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка дадаў, што ў 2019 годзе чакаецца рост двухбаковага гандлю на 3% у параўнаньні з 2018 годам, але адзначыў, што ў супрацоўніцтве Беларусі з расейскай сталіцай «ёсьць нямала рэзэрваў».
У прыватнасьці, Сямашка заявіў, што Беларусь
- «практычна ня ўдзельнічае ў рэалізацыі маскоўскай праграмы па зборы і ўтылізацыі сьмецьця», пры гэтым у Беларусі «вырабляюць усю неабходную тэхніку, а таксама валодаюць тэхналёгіямі перапрацоўкі сьмецьця». «Мы гатовыя пад ключ будаваць сьмецьцеперапрацоўчыя заводы і пастаўляць неабходную тэхніку», — сказаў дыплямат;
- недастаткова ўдзельнічае і ў праграме па перааснашчэньню гарадзкога транспарту Масквы, хоць беларускія прадпрыемствы вырабляюць усю лінейку пасажырскага транспарту, а беларускія электробусы «больш эфэктыўныя за тыя, якія цяпер закупляе Масква»;
- гатовая ўдзельнічаць у будаўніцтве дарожных разьвязак, а таксама жылых дамоў у Маскве;
- прапануе Маскве новыя ўзоры камунальнай тэхнікі, гатовая працягваць пастаўку пасажырскай тэхнікі, а таксама «насычаць прылаўкі расейскай сталіцы даступнымі якаснымі прадуктамі харчаваньня».
Па выніках сустрэчы падпісаны плян праграмных мерапрыемстваў па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага, гуманітарна-культурнага і сацыяльнага супрацоўніцтва на 2020-2022 гады.