Расейская дзяржаўная Аб’яднаная суднабудаўнічая карпарацыя гатовая спраектаваць і пабудаваць судна-трубаўкладчык, каб завяршыць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2». Такую заяву зрабіў прэзыдэнт карпарацыі Аляксей Рахманаў.
У інтэрвію тэлеканалу «Россия-24» ён сказаў, што карпарацыі спатрэбіцца каля двух гадоў, каб спраектаваць расейскі трубаўкладчык і яшчэ каля чатырох гадоў — каб пабудаваць гэтае спэцыяльнае судна.
Прадстаўнік праектнай кампаніі паведаміў, што па двух нітках «Паўночнага патоку — 2» засталося пракласьці 160 кілямэтраў труб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў: Масква рыхтуе адказ на амэрыканскія санкцыі адносна «Паўночнага патоку — 2»Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 20 сьнежня падпісаў законапраект, які прадугледжвае санкцыі супраць кампаніяў, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду «Паўночны паток — 2». Ключавы падраднік — швайцарская кампанія Allseas — заявіла, што прыпыняе кладку трубаў па дне Балтыйскага мора.
Санкцыі прадугледжваюць адмову ў амэрыканскіх візах і замарожваньне амэрыканскіх актываў замежных грамадзян і кампаніяў, якія маюць дачыненьне да праектаў «Паўночны паток — 2» і «Турэцкі паток». Яны складаюць частку законапраекту аб абаронных выдатках. Амэрыканскія прадстаўнікі неаднаразова называлі газаправод, якім расейскі прыродны газ мае экспартавацца ў Нямеччыну, пагрозай энэргетычнай бясьпецы Эўропы. У законапраекце ён названы «інструмэнтам прымусу».
Амэрыканскія санкцыі выклікалі рэзкую крытыку Нямеччыны. Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Мас заявіў аб тым, што «санкцыі ўяўляюць сабой умяшаньне ў аўтаномныя рашэньні, прынятыя ў Эўропе».
18 сьнежня амэрыканскія сэнатары Тэд Круз і Рон Джонсан накіравалі Allseas ліст, у якім папярэдзілі аб наступствах працягу працы ў праекце «Паўночны паток — 2». Сярод магчымых наступстваў — блякаваньне яе ўласнасьці ў ЗША, забарона на якія-хаця транзакцыі, зьвязаныя з амэрыканскімі фінансавымі інстытутамі, і забарона наведваць ЗША кіраўніцтву кампаніі. Прадстаўнікі апошняй ужо заявілі аб прыпыненьні работ да высьвятленьня наступстваў новага амэрыканскага заканадаўства.
«Allseas будзе выконваць закон і чакаць інструкцыяў, якія зьмяшчаюць неабходныя нарматыўныя, тэхнічныя і экалягічныя тлумачэньні ад адпаведных органаў ЗША», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі ад 21 сьнежня.
Афіцыйна санкцыі павінны ўступіць у сілу ў найбліжэйшыя тыдні. Раней «Газпром» заяўляў, што для завяршэньня работ на апошнім падводным участку газаправоду патрабуецца каля пяці тыдняў.