Упраўленьне культуры Горадзенскага аблвыканкаму адрэагавала на сытуацыю з аднаўленчымі работамі на тэрыторыі, прылеглай да замку Сапегаў у Гальшанах на Ашмяншчыне.
Падчас будаўніцтва ходнікаў і паркінгу рабочыя пашкодзілі стары могільнік, які датуецца XIІI–XIV стагодзьдзямі. Каб не своечасовае ўмяшаньне археолягаў, чалавечыя парэшткі і артэфакты маглі б назаўжды зьнікнуць у адвалах зямлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гальшанах заліваюць бэтонам унікальнае пахаваньне XIV стагодзьдзяУ афіцыйным адказе на імя археоляга Алеся Гаршкова гаворыцца, што ўся дзейнасьць побач з аб’ектам гісторыка-культурнай каштоўнасьці ажыцьцяўляецца «згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй».
«Зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці на гэтай тэрыторыі дазваляюць правядзеньне работ у добраўпарадкаваньні, азеляненьні, пракладцы неабходных камунікацый», — гаворыцца ў лісьце з подпісам намесьніцы начальніцы ўпраўленьня Сьняжаны Куратчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціха-спакойна ўкачалі б пад асфальт». Кіраўніцтва Інстытуту гісторыі абурыла зруйнаваньне пахаваньняў у ГальшанахРазам з тым у ведамстве прызнаюць, што будаўнічыя работы ажыцьцяўляліся без патрэбнага археалягічнага нагляду, таму замоўнік у асобе УКБ Ашмянскага райвыканкаму прыпыніў іх.
Прадпрыемства «Нэф-праект», якое выконвае аўтарскі нагляд у працэсе рэалізацыі праекту, накіравала ліст у Інстытут гісторыі НАН Беларусі аб заключэньні дамовы на дасьледаваньне выяўленага могільніка. Прафэсійныя археолягі праводзяць неадкладныя выратавальныя работы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вандалізм нацыянальнага маштабу. Што адбываецца на 800-гадовым могільніку ў Гальшанах, які разбурылі бульдозэрамі. ФОТАТаксама ў адказе ўдакладняецца, што ў дачыненьні да ПУП «Неф-праект» складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэньні.
Дзейнасьць на аб’екце будзе адноўленая пасьля арганізацыі археалягічнага нагляду, даводзіць упраўленьне культуры Горадзенскага аблвыканкаму.