Заява Дзьмітрыя Быкава прагучала ў эфіры радыё «Эхо Москвы» 20 сьнежня, Уладзімер Някляеў з гэтай нагоды зьвярнуўся да расейца з адкрытым лістом.
«Я бачыў у Беларусі ў апошнія 25 гадоў жахлівую дэградацыю на ўсіх узроўнях, — сказаў Дзьмітры Быкаў. — І вялікай літаратуры за апошні час я там ня бачыў, хоць аддалена параўнальнай з Караткевічам і нават з Алексіевіч. Я ня бачыў за апошні час там сур’ёзнай драматургіі, кінэматографу. Ня бачыў я там нічога, што магло б неяк справакаваць культурны выбух. А раз гэтага няма, то няма і апазыцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Някляеў спрачаецца з расейскім пісьменьнікам Быкавым пра «спалоханую Беларусь»Уладзімер Някляеў пачынае свой ліст так: «Хацеў напісаць вам, Дзьмітрый Львовіч, яшчэ год таму, калі вы прыяжджалі ў Беларусь, якую «ніколі ня бачылі такой спалоханай». Настолькі спалоханай, што «нават апазыцыйныя інтэлігенты гатовыя згуртавацца вакол Лукашэнкі як ледзь не апірышча супраціву рускаму сьвету».
Свабода зьвярнулася па камэнтар да пісьменьніка Быкава. Мы хацелі спытаць у аўтара, ці валодае ён беларускай мовай, колькі разоў за апошнія 25 гадоў быў у Беларусі, якія кнігі беларускіх аўтараў чытаў і ці ведае нешта пра раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», які нядаўна быў выдадзены ў Маскве па-расейску і трапіў у кароткі сьпіс прэміі «Большая книга».
«Ніякіх адказаў на свае пытаньні вы не атрымаеце, — сказаў Дзьмітры Быкаў у размове са Свабодай. — Да пабачэньня».
І кінуў слухаўку.