Плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу ў так званай саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі павінна быць адмененая не пазьней за верасень 2020 году.
Пра гэта паведаміў ТАСС 22 сьнежня прэс-сакратар Мінкамсувязі РФ Яўген Новікаў са спасылкай на фінальную вэрсію дарожнай мапы, узгодненай Расеяй.
«Згодна зь фінальнай вэрсіяй дарожнай мапы для так званай адмены роўмінгу паміж Расеяй і Беларусьсю, у сакавіку 2020 году павінны быць гатовыя прапановы аб яе заканадаўчым замацаваньні. Сама плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу ў саюзнай дзяржаве павінна быць адмененая на працягу шасьці месяцаў пасьля гэтага, гэта значыць не пазьней за верасень 2020 году», — сказаў ён.
Яўген Новікаў адзначыў, што Расея цалкам узгадніла фінальную вэрсію дарожнай мапы, падпісала яе 19 сьнежня і чакае падпісаньня беларускім бокам.
23 сьнежня Міністэрства сувязі Беларусі паведаміла, што Беларусь таксама падпісала «дарожную карту» па адмене роўмінгу на тэрыторыі саюзнай дзяржавы, піша «Інтэрфакс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвінаваціла Беларусь у зрыве перамоваў аб скасаваньні платы за роўмінгРаней міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін у інтэрвію перадачы «Масква. Крэмль. Пуцін» на тэлеканале «Россия 1» паведаміў, што канкрэтная дата адмены роўмінгу паміж Расеяй і Беларусьсю ў 2020 годзе зафіксаваная, аднак гэта рашэньне набудзе сілу толькі ў рамках пакетнага пагадненьня.
Саюзны роўмінг разглядаўся на ўзроўні ўрадаў у рамках работы над 31 дарожнай мапай па далейшай інтэграцыі Беларусі і Расеі, таму што гэта рашэньне патрабуе зьменаў у заканадаўстве Беларусі і Расеі.
Беларусь і Расея спрабавалі дамовіцца аб адмене роўмінгу з 2017 году. Рознагалосьсі паміж бакамі ўзьнікалі празь міжапэратарскія роўмінгавыя тарыфы і стаўкі інтэрканэкту (сума, якую апэратар плаціць другому за хвіліну размовы абанэнта па-за сваёй сеткай; у Беларусі яна складае 30 цэнтаў за хвіліну, у Расеі стаўка ўдвая ніжэйшая). Пуцін і Лукашэнка даручылі зацьвердзіць адмену роўмінгу ў верасьні 2019 году, аднак гэтага не адбылося.