Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паабяцаў адмовіцца ад сваёй будучай прэзыдэнцкай пэнсіі на карысьць «унівэрсальнай сыстэмы», прапанаванай урадам. Супраць пэнсійнай рэформы ўжо больш за два тыдні страйкуюць тысячы французаў па ўсёй краіне, у тым ліку работнікі чыгуначнага транспарту.
Пэнсійная рэформа, прапанаваная урадам Макрона, прадугледжвае адмену 42 спэцыяльных пэнсійных рэжымаў — яны дазваляюць некаторым катэгорыям работнікаў спыняць сваю кар’еру раней за астатніх. Паводле новага законапраекту прапануецца налічэньне пэнсій не па адпрацаваных трымэстрах, а па балах, якія налічваюцца за кожны эўра, унесены работнікам у пэнсійны фонд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Касьцевіч: «Павышэньне пэнсійнага ўзросту дазваляе павялічваць пэнсіі»Спэцыяльная пэнсія былым прэзыдэнтам Францыі гарантаваная законам 1955 году. Яна роўная зарплаце дзейнага дзяржаўнага дарадцы — цяпер такая гадавая зарплата складае 75 тысяч эўра. Такім чынам, былыя прэзыдэнты (у Францыі іх цяпер трое) атрымліваюць штомесяц каля шасьці тысяч эўра пэнсіі да выліку падаткаў.
Эманюэль Макрон пацьвярджае, што рэформа пэнсійнай сыстэмы распаўсюджваецца і на яго, і ён ня будзе атрымліваць, па заканчэньні свайго мандату, суму, прадугледжаную законам 1955 году. У Елісейскім палацы таксама ўдакладнілі, што Макрон ня будзе засядаць ў Канстытуцыйнай радзе, месца ў якой атрымліваюць усе былыя кіраўнікі дзяржавы.