Заявы прадстаўнікоў уладаў Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку прэзыдэнта Уладзімера Пуціна адносна пачатку другой усясьветнай вайны «уяўляюць сабой ілжывую карціну падзей».
Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Польшчы адносна выказваньняў прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна пра тое, што другую ўсясьветную вайну разьвязала Мюнхенская змова з удзелам Польшчы.
Паводле польскага МЗС, гэта нагадвае «прапагандысцкія выказваньні эпохі сталінскага таталітарызму, якія асудзіў нават савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў».
«Словы прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі падрываюць сумесную працу польскіх і расейскіх экспэртаў, а таксама дасягненьні яго папярэднікаў — Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына, якія, нягледзячы на цяжкасьці, спрабавалі знайсьці шлях ісьціны і прымірэньня ў польска-расейскіх адносінах», — гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.
Паводле Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, другая ўсясьветная вайна пачалася з агрэсіі Германіі і Савецкага Саюза супраць Польшчы ў 1939 годзе. Падставай да ўзброенай агрэсіі стала іх узаемнае пагадненьне ад 23 жніўня 1939 года, вядомае як «пакт Молатава-Рыбэнтропа». Паводле Інстытута, Польшча ня ўдзельнічала ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі 1938 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга прыраўноўваць Савецкі Саюз да нацысцкай Нямеччыны» — Пуцін піша артыкул пра пакт Молатава-Рыбэнтропа19 сьнежня прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін сказаў, што Савецкі Саюз быў апошняй дзяржавай Эўропы, якая падпісала зь Нямеччынай пакт аб ненападзе. Ён сказаў, што «Польшча сама паўдзельнічала ў разьдзеле Чэхаславаччыны».
Паводле Пуціна, савецкія войскі зайшлі ў Польшчу «пасьля таго, як польскі ўрад страціў кантроль за сваімі ўзброенымі сіламі і за тым, што адбываецца на тэрыторыі Польшчы, і сам знаходзіўся ўжо дзесьці ў раёне польска — румынскай мяжы».
Расейска-польскія экспэрты працуюць у Камісіі па складаных пытаньнях гісторыі двухбаковых адносінаў.