Міністар Касьцевіч: «Павышэньне пэнсійнага ўзросту дазваляе павялічваць пэнсіі»

Ірына Касьцевіч

Пра гэта міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі Ірына Касьцевіч заявіла ў інтэрвію тэлеканалу БТ.

«Павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі ўсё ж такі дазваляе нам штогод павялічваць пэнсіі», — заявіла Ірына Касьцевіч.

Паводле міністра, павышэньне пэнсійнага ўзросту на фоне старэньня насельніцтва дапамагае дасягнуць «стабілізацыі сытуацыі з самім фондам і не скарачаць яго даходную частку».

Таксама гэта дазваляе «зьмякчыць дэфіцыт рабочай сілы на рынку працы».

Яна сказала, што сярэдняя пэнсія ў Беларусі па ўзросьце ў лістападзе склала 446 рублёў (павялічылася з аналягічным пэрыядам мінулага году больш чым на 50 рублёў).

З 2020 года жанчыны будуць сыходзіць на пэнсію ў 57 гадоў, а мужчыны ў 62.

Сёньня ў Беларусі жывуць каля 6 мільёнаў чалавек працаздольнага ўзросту. Да 2045 году іх колькасьць скароціцца да 5 мільёнаў.