Кіраўнік Беларусі сваім указам ад 19 сьнежня зьмяніў склад Савету бясьпекі Беларусі. Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Трое чальцоў пазбавіліся месцаў у Савеце:
- былы начальнік Генштаба Алег Белаконеў (цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў),
- былы старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч (цяпер старшыня калегіі Эўрапейскай эканамічнай камісіі),
- былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Шуневіч.
Замест іх Лукашэнка ўключыў у Савет бясьпекі новага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенку і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.
Былая кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава засталася ў Саўбезе ўжо ў якасьці старшыні Савету Рэспублікі.
Указ уступіў у сілу ў дзень падпісаньня.
Савет бясьпекі Беларусі – міжведамасны орган, упаўнаважаны распрацоўваць захады падтрыманьня бясьпекі дзяржавы. Яго ўзначальвае і ўтварае прэзыдэнт, які падпісвае пастановы. У склад Саўбезу ўваходзяць 20 асобаў (сёньня — 19, бо пазыцыя кіраўніка Генштабу УС застаецца вакантнай): кіраўнікі сілавых і іншых міністэрстваў і ведамстваў, а таксама сын кіраўніка Беларусі Віктар Лукашэнка (у якасьці памочніка па нацыянальнай бясьпецы). Дзейнасьць органа забясьпечвае сакратарыят, які зь лістапада 2015 году ўзначальвае Станіслаў Зась.