Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў 20 сьнежня законапраект, які прадугледжвае санкцыі супраць кампаніяў, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду «Паўночны паток — 2». Ключавы падраднік заявіў, што прыпыняе кладку трубаў.
Санкцыі прадугледжваюць адмову ў амэрыканскіх візах і замарожваньне амэрыканскіх актываў замежных грамадзян і кампаніяў, якія маюць дачыненьне да праектаў «Паўночны паток — 2» і «Турэцкі паток». Яны складаюць частку законапраекту аб абаронных выдатках. Амэрыканскія прадстаўнікі неаднаразова называлі газаправод, якім расейскі прыродны газ мае экспартавацца ў Нямеччыну, пагрозай энэргетычнай бясьпецы Эўропы. У законапраекце ён названы «інструмэнтам прымусу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Расея і Эўракамісія дамовіліся пад Менскам пра транзыт газуАмэрыканскія санкцыі выклікалі рэзкую крытыку Нямеччыны. Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Мас заявіў аб тым, што «санкцыі ўяўляюць сабой умяшаньне ў аўтаномныя рашэньні, прынятыя ў Эўропе».
Санкцыі могуць адчувальна закрануць ключавога падрадніка «Паўночнага патоку — 2» швайцарскую фірму Allseas, якой належыць найбуйнейшае ў сьвеце судна-трубаўкладнік Pioneering Spirit, што кладзе трубы на дне Балтыйскага мора.
18 сьнежня сэнатары Тэд Круз і Рон Джонсан накіравалі Allseas ліст, у якім папярэдзілі аб наступствах працягу працы ў праекце «Паўночны паток — 2». Сярод магчымых наступстваў — блякаваньне яе ўласнасьці ў ЗША, забарона на якія-хаця транзакцыі, зьвязаныя з амэрыканскімі фінансавымі інстытутамі, і забарона наведваць ЗША кіраўніцтву кампаніі. Прадстаўнікі апошняй ужо заявілі аб прыпыненьні работ да высьвятленьня наступстваў новага амэрыканскага заканадаўства.
«Allseas будзе выконваць закон і чакаць інструкцыяў, якія зьмяшчаюць неабходныя нарматыўныя, тэхнічныя і экалягічныя тлумачэньні ад адпаведных органаў ЗША», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі ад 21 сьнежня.
Афіцыйна санкцыі павінны ўступіць у сілу ў бліжэйшыя тыдні. Каля тыдня таму «Газпром» заяўляў, што для завяршэньня работ на апошнім падводным участку газаправоду патрабуецца каля пяці тыдняў.