Прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі, Украіны і Расеі на перамовах пад Менскам дасягнулі канчатковай дамоўленасьці адносна транзыту расейскага газу праз тэрыторыю Ўкраіны для эўрапейскіх спажыўцоў і ўрэгуляваньня ўзаемных прэтэнзій. Пра гэта паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на інфармацыю з офісу ўкраінскага прэзыдэнта ўвечары 20 сьнежня.
Што кажуць у Расеі
Прадстаўнік «Газпраму» паведаміў, што Расея і Ўкраіна падпісалі пратакол дамоўленасьцяў аб працягу транзыту газу праз Украіну і ўрэгуляваньні ўзаемных патрабаваньняў.
Расейскі віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Козак паведаміў, што гаворка ідзе пра пяцігадовы кантракт, падпісаньне якога чакаецца да Новага году. Паводле яго слоў, гэта будзе новы кантракт. Пры гэтым ён не ўдакладніў меркаваныя абʼёмы транзыту.
Ён таксама адзначыў, што Масква і Кіеў урэгулявалі ўзаемныя прэтэнзіі па газе: «Больш судовых пазоваў, судовых спрэчак, узаемных прэтэнзій ня будзе».
Раней агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу паведаміла, што Расея пагадзілася выплаціць Украіне каля $3 млрд паводле рашэньня Стакгольмскага арбітражу. У канцы лютага 2018 года «Газпрам» прайграў цяжбу з «Нафтагазам» адносна транзытнага кантракта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пагадзілася выплаціць Украіне 3 мільярды даляраўГісторыя (не) дамоўленасьцяў
Апошні раўнд перамоваў прайшоў 20 сьнежня на спартыўна-стралковай базе «Сябры» пад Менскам у атмасфэры сакрэтнасьці. Брыфінг для прэсы па іх выніках быў адменены. Перамовы працягваліся каля шасьці гадзін. Ад Украіны ў іх браў удзел міністар энэргетыкі Аляксей Оржаль, ад Расеі — кіраўнік «Газпраму» Аляксей Мілер.
19 сьнежня ў Бэрліне Ўкраіна і Расея дасягнулі «прынцыповай згоды» па новым транзытным кантракце.
18 сьнежня старшыня «Нафтагазу» Андрэй Кобалеў назваў вельмі нізкай верагоднасьць падпісаньня новага кантракту пра транзыт з «Газпрамам». Паводле яго слоў, калі кантракт ня будзе падпісаны да 1 студзеня, бакі змогуць аднавіць перамовы толькі ў красавіку 2020 года. Пры гэтым Кобалеў адзначыў, што ва ўкраінскіх падземных сховішчах цяпер каля 20 млрд кубоў газу, чаго дастаткова, каб перажыць зіму.
Тэрмін дзеяньня кантракту на транзыт расейскага газу праз Украіну заканчваецца 1 студзеня. Украіна, Расія і ЭЗ да гэтага часу не змаглі дамовіцца аб умовах транзыту.
«Паўночны паток-2»: хто за, хто супраць
Ўскладняе перамовы тое, што Расія на 90% пабудавала трубаправод «Паўночны паток-2», які тэхнічна дасьць ёй магчымасьць спыніць транспарціроўку газу праз Украіну.
Частка краін Эўразьвязу, а таксама Ўкраіна, у абыход якой павінен быў пайсьці газ, заклікалі заблякаваць яго будаўніцтва, сьцьвярджаючы, што газаправод паставіць пад пагрозу энэргетычную бясьпеку як Украіны, так і ЭЗ.
Супраць будаўніцтва «Паўночнага патоку-2» выступаў і прэзыдэнт Дональд Трамп, які заяўляў, што Нямеччына «занадта залежная» ад паставак нафты і газу з Расеі і «ўзбагачае» яе, будучы пры гэтым чальцом NATO.
20 сьнежня прэзыдэнт ЗША падпісаў законапраект, які прадугледжвае санкцыі супраць кампаній, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве «Паўночнага патоку-2». Ключавы падрадчык заявіў, што прыпыняе кладку труб.
Экспэрты адзначалі, што галоўная мэта «Паўночнага патоку-2» — палітычная, а не камэрцыйная: гэта жаданьне адмовіцца ад транзыту газу ў Эўропу праз Украіну.
«Калі будзе пабудаваны «Паўночны паток-2», то ўкраінскі маршрут можа страціць абʼёмы перапампоўваньня ў два разы», — заяўляў дырэктар энэргетычных праграм Цэнтра Разумкова Ўладзімір Амельчанка.