Ці пачалася ў Беларусі «гарачая зіма» пратэсту?

Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй, Менск, Плошча незалежнасьці, 20 сьнежня 2019

Да чаго дамовіліся ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка і Пуцін? У чым былі асаблівасьці падрыхтоўкі і хады акцыі пратэсту ў Менску 20 сьнежня? Чаму на акцыю за інтэграцыю не прыйшоў ніхто?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла:

Карбалевіч:

  • Сустрэча аказалася больш плённай, чым сочынская
  • Праграма паглыбленьня інтэграцыі можа быць падпісаная да канца году
  • На масавасьць акцыі супраць інтэграцыі 20 сьнежня паўплываў посьпех акцыяў 7-8 сьнежня, пэўнае адчуваньне свабоды, якое яны спарадзілі
  • Досьвед калюмністаў Regnum, супраць якіх завялі крымінальную справу, добра засеў у памяці прарасейскіх актывістаў у Беларусі

Цыганкоў:

  • Сёлета ўжо ніякіх лёсавызначальных сустрэчаў ня будзе, і ніякая праграма паглыбленьня інтэграцыі сёлета падпісаная ня будзе
  • Тое, што паведамілі і Арэшкін, і Лукашэнка, падобна на нічыю
  • Рыторыка пратэстоўцаў 20 сьнежня стала больш жорсткай і часьцей, чым 7-8 сьнежня, у нэгатыўным сэнсе ўзгадаваўся Лукашэнка
  • Прарасейскія «актывісты» ня ўмеюць выступаць за Расею і пры гэтым супраць беларускай улады

Інтэграцыйная «нічыя» у Піцеры

Дракахруст: Якія вынікі саміту ў Санкт-Пецярбургу? Некаторыя з жахам, іншыя зь надзеяй, чакалі, што на ім будзе падпісаная праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. Праграма падпісаная не была.

Расейскі міністар эканамічнага разьвіцьця Максім Арэшкін паведаміў, што з 31 «дарожнай мапы» па выніках сёньняшніх перамоваў засталіся няўзгодненыя тры — па газу, па нафце і па падатках.

Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка сёньня заявіў, што дасягнутая згода па пастаўках нафты і газу на наступны год. Паводле яго, і абʼёмы паставак, і цэнавыя парамэтры ня надта зьменяцца ў параўнаньні з цяперашнім годам.

А як можна ацаніць вынікі сёньняшняй сустрэчы двух кіраўнікоў з рэтраспэктывы тых страхаў і чаканьняў, якія былі перад ёй?

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Сапраўды, былі меркаваньні, што ў Санкт-Пецярбургу дамовяцца па тых пытаньнях, па якіх не дамовіліся ў Сочы. Зь іншага боку, былі прагнозы, што і гэтым разам, як і ў Сочы, разыдуцца, ні пра што не дамовіўшыся.

Я мяркую, што вынік знаходзіцца пасярэдзіне. Усё ж перамовы 20 сьнежня скончыліся больш вынікова, чым папярэднія 7 сьнежня. Прычым, Лукашэнка сказаў, што канцэптуальна і па гэтых тэмах дамовіліся. І тое, што цана на газ будзе прыкладна на ўзроўні гэтага году — гэта пэўны прагрэс. І гэты кампраміс у прынцыпе задавальняе абодва бакі.

Гэта не сярэдняя па Расеі цана цана, якой хацела Беларусь — 70 даляраў за тысячу кубамэтраў, і гэта ня тыя 200 даляраў, якія сярэдняя цана па Эўропе і якія ўчора на сваёй прэсавай канфэрэнцыі прыгадаў Уладзімір Пуцін. Але гэта кампраміс дасягнуты, па словах Лукашэнкі.

Сустрэча аказалася больш плённай, чым сочынская. Не выключаю, што сёлета бакі змогуць дасягнуць кампрамісу і падпісаць той дакумэнт, які быў анансаваны яшчэ летам.

Цыганкоў: Я думаю, што сёлета ўжо ніякіх лёсавызначальных сустрэчаў ужо ня будзе і ніякая праграма паглыбленьня інтэграцыі сёлета падпісаная ня будзе.

Бакі і так дасягнулі вельмі шмат. Пасьля заяваў Пуціна падчас яго прэсавай канфэрэнцыі 19 сьнежня здавалася, што вынікі сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу будуць вельмі сьціплыя.

У пэўным сэнсе яны абмяняліся ўдарамі. Лукашэнка 5 сьнежня, выступаючы ў парлямэнце, задаў сваю плянку і абазначыў тыя «чырвоныя лініі», якіх Беларусь не перакрочыць.

19 сьнежня Пуцін правёў свае «чырвоныя лініі» і сказаў, што ніякага газу па цане Смаленскай вобласьці ня будзе.

У Санкт-Пецярбургу не адбылося ні вялікага прарыву, ні вялікага правалу. Абодва кіраўнікі разумелі, што пасьля такой вялікай падрыхтоўчай працы яны мусяць выдаць нейкі вынік.

Лукашэнка заявіў, што праз пару дзён будзе канчаткова дамоўлена пра газ і нафту на наступны год. Веры гэтаму на 100% няма, але тое, што паведамілі і Арэшкін, і Лукашэнка, падобна на нічыю, як выказаўся Зяленскі пра сваю першую сустрэчу з Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна завяршылася бяз трох «мапаў»

Дракахруст: Сёньня стала вядома, што Расея і Ўкраіна дамовіліся пра транзыт газу праз Украіну. У сьвятле гэтага — Валер, вы верыце, што сапраўды ўмовы паставак газу і нафты для Беларусі ў наступным годзе застануцца нязьменнымі?

Карбалевіч: Па газе — так. Што тычыцца нафты, то пра яе Лукашэнка казаў больш цьмяна і супярэчліва. Зь ягоных словаў было цяжка зразумець, ці застанецца ранейшай цана на нафту. Расея ж ня спыніць праводзіць свой падатковы манэўр у нафтавай галіне. І цана на нафту, у тым ліку і ўнутрырасейская цана, будзе падвышацца. Таму мяркую, што па нафце сытуацыя не выглядае так добра, як Лукашэнка гэта падаваў.

Што тычыцца імавернасьці падпісаньня праграмы паглыбленьня інтэграцыі да канца году, то тут 50 на 50. Самая гарачая тэма — гэта пытаньне цаны на газ. Гледзячы па ўсім, яно зьнятае.
А калі яно зьнятае, то ў прынцыпе можна падпісаць гэтую дамову і ў лютым, і ў сакавіку.

Акцыя пратэсту 20 сьнежня: Ці прыйшла ў Беларусь «гарачая зіма»?

Дракахруст: А зараз — да грамадзкай рэакцыі на гэтыя інтэграцыйныя рухі цела. Я маю на ўвазе акцыю пратэсту супраць інтэграцыі ў Менску. Перад ёй сытуацыя была не такой, як перад папярэдняй падобнай акцыяй 7 сьнежня.

Напярэдадні акцыі 20 сьнежня былі аштрафаваныя многія ўдзельнікі акцыяў 7-8 сьнежня, былі папярэджаньні многім актывістам, патэнцыйным удзельнікам чарговай антыінтэграцыйнай акцыі. Тым ня менш, паводле розных ацэнак, у акцыі 20 сьнежня ўзялі ўдзел ад тысячы да дзьвюх тысячаў маніфэстантаў.

І сцэнар быў падобны на хаду маніфэстацыі 7 сьнежня: збор на Кастрычніцкай, марш па праспэкце, мітынг на плошчы Незалежнасьці.

Калі параўнаць акцыі двухтыднёвай даўніны і маніфэстацыю 20 сьнежня — у чым падабенства і ў чым адрозьненьні? Ці мела месца ў гэтую пятніцу маўклівае пагадненьне паміж уладамі і маніфэстантамі?

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Калі казаць пра адрозьненьні, то сёньняшняя акцыя больш арганізаваная, чым акцыі 7-8 сьнежня. Гэта бачна і па колькасьці сьцягоў з розных гарадоў, і па тым, што быў сьпіс выступоўцаў. Гэта ўжо не стыхійна адбывалася. Сярод запрошаных – дэпутаты Незалежнасьці – тыя дэпутаты БНФ Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, якія на пачатку 1990-х гадоў абвяшчалі беларускую незалежнасьць.

Дарэчы, мала хто чакаў, што сёньня прыйдзе шмат людзей, 1,5-2 тысячы чалавек. Гэта з улікам таго, што ніякіх сэнсацыйных дамоваў не на карысьць Беларусі ў Санкт-Пецярбургу не было падпісана. Таксама ўлады прынялі прэвэнтыўныя захады, каб прадухіліць выхад на вуліцы вялікай колькасьці людзей. Міліцыянты прыходзілі дадому да патэнцыйных удзельнікаў, папярэджвалі іх, штрафавалі актывістаў за папярэднія акцыі. Дзяржаўныя мэдыя апамятаўшыся, агрэсіўна накінуліся на гэтыя пратэстныя акцыі.

Тым ня менш, людзі прыйшлі, што даволі знамянальна. У адсутнасьці Лукашэнкі ў Менску іншыя кіраўнікі не бяруць на сябе рызыку прыпыняць гэтыя акцыі. Міліцыя толькі папярэджвала, што акцыя недазволеная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далучайся!» на Зыбіцкай. У Менску прайшоў самы масавы мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй

Дракахруст: Віталь назваў тры чыньнікі, якія, здавалася б, павінныя былі зьнізіць масавасьць акцыі, зьбіць напал.

Па-першае, рэпрэсіі (штрафы, папярэджаньні і інш.).

Па-другое, прапагандысцкая кампанія дзяржаўных мэдыя супраць акцыі. Прычым, быў уплыў на эмоцыі, маўляў, там на плошчы будуць дзеці, а раптам зь імі нешта здарыцца.

Па-трэцяе, вось 7 сьнежня былі настроі, што ў выніку рашэньняў у Сочы заўтра Беларусь зьнікне. І тады акцыя адбывалася якраз падчас перамоваў Лукашэнкі з Пуціным. Было невядома, пра што яны дамовяцца. Цяпер жа акцыя адбывалася празь некалькі гадзінаў пасьля перамоваў кіраўнікоў у Санкт-Пецярбургу. І людзі ведалі, што нічога лёсавызначальнага там не падпісана. А колькасьць людзей на акцыі аказалася нават крыху большай, чым 7-8 сьнежня. Чаму?

Карбалевіч: Найперш таму, што тыя акцыі 7-8 сьнежня на погляд значнай часткі людзей, аказаліся ўдалымі. Людзі хадзілі па гораду з бел-чырвона-белымі сьцягамі, і міліцыя ім не перашкаджала. Вось тое ўражаньне пэўнай свабоды дало такі кумулятыўны эфэкт.

Я зьвярнуў увагу, што большасьць лідэраў апазыцыйных партый зьявіліся, выступалі. Нябачная раней справа, нават прадстаўнік КХП-БНФ Алесь Чахольскі выступаў на мітынгу разам зь іншымі апазыцыянэрамі.

Думаю, таксама эфэкт інтэрнэту, сацыяльных сетак працуе на вулічную актыўнасьць.

Дарэчы, такая масіраваная інфармацыйная кампанія дзяржаўных мэдыяў супраць акцый апазыцыі былі хіба толькі ў 2017 годзе падчас пратэстаў «недармаедаў».

Дракахруст: Ці адзначылі вы зьмену тону акцыі? 7-8 сьнежня была як бы джэнтэльмэнская, па змаўчаньні, дамоўленасьць. Улады не білі, не разганялі. А з боку апазыцыі вастрыня крытыкі была скіраваная супраць інтэграцыі, як такой, і супраць Расеі, супраць Пуціна, але ня супраць Лукашэнкі. А вось 20 сьнежня антылукашэнкаўскія настроі былі на тым жа ўзроўні, як на папярэдняй акцыі, ці на нейкім іншым?

Цыганкоў: Радыкальнай зьмены не адбылося. Але сёньня выказваньні былі больш жорсткія. Магчыма, апазыцыя ўбачыла больш людзей, магчыма, таму, што акцыя была лепш падрыхтаваная.

Затым, людзі ж выходзяць рэагаваць не на нейкія канкрэтныя паведамленьні з Санкт-Пецярбургу, а на сам працэс інтэграцыі з Расеяй. Таму гучала нэгатыўная ацэнка самой Расеі. Лідэр БНФ Рыгор Кастусёў сказаў, што калі за нашымі сьпінамі здадуць Беларусь, то нам застанецца ўзяцца за зброю. То бок рыторыка стала больш жорсткай. І часьцей, чым раней, у нэгатыўным сэнсе ўзгадаваўся Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маладыя беларусы патлумачылі, чаму прыйшлі на пратэст з чырвона-зялёнымі сьцягамі

Дракахруст: Давайце паспрабуем зрабіць прагноз. Як вядома з геамэтрыі, празь дзьве кропкі можна правесьці прамую лінію. Вось праз кропку 7-8 сьнежня і кропку 20 сьнежня – ці можна правесьці нейкую прамую лінію? Мы памятаем 2015-2017 год, калі была паўлібэралізацыя.

Тады Статкевіч выводзіў людзей і іх ня білі, не разганялі. А потым, пасьля акцый «недармаедаў», былі заявы Лукашэнкі і міністра ўнутраных спраў Шуневіча, што скончылася вольніца, будзем наводзіць парадак. Ці бачыце вы ў паводзінах уладаў падчас гэтых трох акцый нейкую тэндэнцыю?

І прагноз паводзінаў грамадзтва – людзі пачалі выходзіць і што? Пачнецца «гарачая зіма»?»

Карбалевіч: Цяжка даваць прагнозы наконт гатоўнасьці грамадзтва пратэставаць. Бо палітычная псыхалёгія людзей – справа дрэнна прагназаваная.

Лягчэй прагназаваць паводзіны ўладаў. Думаю, улады напалоханая працэсам нарастаньня маштабаў пратэстных акцый, нарастаньнем радыкальнай рыторыкі. І можа адбыцца тое, што адбылося 25 сакавіка 2017 году падчас шырокіх акцый «недармаедаў». У той дзень на вуліцу былі выведзеныя значныя сілы МУС, людзей білі, арыштоўвалі. То бок звычайная рэакцыя на рост пратэстаў – гэта закручваньне шрубак, узмацненьне рэпрэсій. Іншых варыянтаў рэакцыі на такія пратэсты беларускія ўлады не дэманструюць.

Дракахруст: Віталь, ваш прагноз — гэта будзе паўтарэньнем пэрыяду пэўнай вольніцы 2015-2017 гадоў, ці будзе тое, пра што казаў Валер? Заўважу, што пасьля акцыяў 7-8 сьнежня некаторыя назіральнікі лічылі, што акцыю 20-га ўлады ўжо спыняць жорстка. Але гэтага не адбылося

Цыганкоў: Мы даем прагнозы, грунтуючыся на вядомых нам фактах і на тым вопыце, які мы маем. І ведаючы беларускую ўладу, можна сказаць, што нарастаньня вольніцы яна не дапусьціць. Маем вельмі важны чыньнік — надыход прэзыдэнцкіх выбараў, і Лукашэнку, вядома, не хацелася б, каб вулічная актыўнасьць выйшла з-пад кантролю.

Пакуль мы кажам пра некалькі тысячаў маніфэстантаў, і гэта ўсё ж не ўяўляе небясьпекі для ўлады. А калі ўзгадаць пратэсты «недармаедаў», ці «маўклівыя» пратэсты ў 2011 годзе, то тады колькасьць пратэстоўцаў на нейкім этапе пачала расьці, як сьнежны камяк. І тады ўлада пачала спыняць іх вельмі жорстка.

Пакуль сёньняшнія паўтары-дзьве тысячы маніфэстантаў уладу ня вельмі палохаюць. Такая колькасьць ня сьведчыць пра радыкальны пералом грамадзкіх настрояў. Калі выйдзе ў некалькі разоў болей — улада пачне выкарыстоўваць больш жорсткія сродкі і мэтады. Я мяркую, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улада не пажадае даваць грамадзтву падставы думаць, што тут усё дазволена і поўная вольніца.

Бязьлюдны мітынг за інтэграцыю

Дракахруст: На заканчэньне — камічны сюжэт пра тое, як прадстаўнікі «левапатрыятычных» сілаў паабяцалі выйсьці 20-га сьнежня на тую ж Кастрычніцкую плошчу і масава выступіць за інтэграцыю. Прыйшлі а 12-й гадзіне журналісты, а на плошчы нікога. Чаму зусім ніхто не прыйшоў памітынгаваць за інтэграцыю? Чаму не знайшлося хаця б сотні ці хаця б дзясятка прыхільнікаў?

Кастрычніцкая плошча ў Менску ў гадзіну, на якую быў прызначаны мітынг у падтрымку інтэграцыі Беларусі і Расеі, 20 сьнежня 2019

Цыганкоў: Гэтыя «актывісты» ня вельмі звыклыя хадзіць туды, куды ўлада не дазваляе. А ўлада, напэўна, дала ім зразумець, што яна не жадае гэтага мітынгу. Ім не далі фармальнага дазволу, а без дазволу выступаць яны ня ўмеюць.

Прарасейскія «актывісты» ня вельмі ўмеюць выступаць супраць улады. За Расею і за беларускую ўладу адначасова — яны ўмеюць. Але выступаць супраць Лукашэнкі, ведаючы, што за гэта можна «атрымаць» — фігуральна і літаральна — яны не ўмеюць.

Карбалевіч: Улады не падтрымалі ідэю гэтага мітынгу. А гэтыя прыхільнікі інтэграцыі — яны яшчэ і прыхільнікі беларускага рэжыму. І паколькі сам Лукашэнка — галоўны інтэгратар, то безь ягонага дазволу яны не наважыліся ісьці на гэтую плошчу.

Цікава іншае — чаму б уладам было не арганізаваць нейкі мітынг у падтрымку інтэграцыі? Зьвезьлі б на аўтобусах, сабралі б тысячаў 10, і сказалі б — глядзіце, колькі нас? Але ўлады ня хочуць палітызаваць гэтую тэму, акцэнтаваць увагу на тое, што ў грамадзтве ёсьць канфлікт вакол інтэграцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскія сілы абяцалі мітынг у падтрымку інтэграцыі. Вось як ён прайшоў. ФАТАФАКТ

Дракахруст: А можа «ня трэба» прарасейскім актывістам сказала і Масква, зь якой гэтыя актывісты зьвязаныя, і можа ня толькі духоўна?

Карбалевіч: Цяжка камэнтаваць, наколькі сапраўды Масква кіруе сваімі прыхільнікамі ў Беларусі, і наколькі яны гатовыя выступаць супраць улады. Досьвед калюмністаў Regnum, супраць якіх завялі крымінальную справу, добра засеў у памяці гэтых людзей.

Цыганкоў: На дадзены момант Лукашэнка вельмі пільна сочыць, каб ён заставаўся самым прарасейскім палітыкам у Беларусі, каб у краіне не зьявілася ніякай моцнай, арганізаванай прарасейскай палітычнай сілы.