У Беларусі няма спэцыялізаваных судоў для справаў непаўналетніх. Больш за 80 дзяцей атрымалі вялікія тэрміны — ад 6 да 11 гадоў зьняволеньня па наркатычных артыкулах. Толькі 9,7% дзяцей вучацца па-беларуску. 11% дзяцей з цыганскіх сем’яў ня ходзяць у школу. Парушаюцца правы дзяцей зь ВІЧ. Беларускія праваабаронцы падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад аб правох дзіцяці.
У сярэдзіне студзеня 2020 году ў Жэнэве, у Камітэце правоў дзіцяці ААН, будзе разгледжана афіцыйная справаздача Рэспублікі Беларусі аб выкананьні дзяржаваю Канвэнцыі аб правох дзіцяці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра якія свае правы беларускія дзеці ня ведаюцьАльтэрнатыўны даклад на 40 старонках, са 110 пунктаў і рэкамэндацыяў, падрыхтавала няўрадавая праваабарончая супольнасьць, у якую ўваходзяць:
- Беларускі Хэльсынскі камітэт,
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
- цэнтар праблемаў дзіцячага разьвіцьця «Леванія»,
- Офіс правоў людзей зь інваліднасьцю,
- Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын «Яе правы»,
- кампанія «За свабоднае веравызнаньне»,
- Human Constanta,
- «Цэнтар экспэртызы ў галіне роўных правоў» (зарэгістраваны ў Вільні.
Свабода разабралася, што ў ім.
У краіне няма празрыстай і надзейнай сыстэмы маніторынгу і ацэнкі становішча дзяцей
Так, у цэлым праваабаронцы наракаюць, што:
- Нацыянальны плян дзеяньняў для паляпшэньня становішча дзяцей і абароны іх правоў прыняты без кансультацыяў з грамадзянскай супольнасьцю і экспэртамі;
- у краіне няма празрыстай і надзейнай сыстэмы маніторынгу і ацэнкі становішча дзяцей, а таксама незалежнага нацыянальнага органу для маніторынгу і ацэнкі выкананьня Канвэнцыі;
- у Беларусі дагэтуль няма ўпаўнаважанага ў пытаньнях правоў дзіцяці.
Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Дзьмітры Чарных зьвяртае ўвагу, што дагэтуль многія пытаньні ў сфэры правоў дзіцяці рэгулююцца дэкрэтамі прэзыдэнта, а не законамі (да прыкладу, дэкрэтам № 18 ад 24 лістапада 2006 году «Аб дадатковых захадах для дзяржаўнай абароны дзяцей у праблемных сем’ях»), ёсьць шмат выпадкаў, калі дзяцей зь сем’яў забіраюць без суду.
На думку праваабаронцаў, ёсьць сур’ёзныя пытаньні да таго, як вылучаюцца рэсурсы на выхаваньне і навучаньне дзяцей з інваліднасьцю і асаблівасьцямі разьвіцьця. У краіне ніяк не стымулюецца праца пэдагогаў, якія працуюць з інклюзіўнымі дзецьмі. Заробкі пэдагогаў вельмі нізкія, людзі хутка «выгараюць» на працы і сыходзяць. Сыстэма падрыхтоўкі пэдагагічных кадраў састарэла, часьцяком там яшчэ савецкія мэтодыкі.
Аляксей Канстанцінаў з цэнтру «Леванія» прывёў прыклад састарэлых мэтодык дыягностыкі дзяцей з аўтызмам і іх адаптацыі ў грамадзтве. За мяжой і нават у Расеі асноўная мэтодыка — гэта аналіз паводзінаў, а ў Беларусі яна не ўжываецца і лічыцца «замежнай». І многія бацькі з такім дзеткамі вымушаныя эміграваць у Расею і ў іншыя краіны, каб дзеці маглі атрымаць паўнавартасную адукацыю ды інтэгравацца.
Права атрымліваць адукацыю па-беларуску штучна стрымліваюць улады
Колькасьць дзяцей, якія вучацца па-беларуску, скарацілася з 12,1% у 2014/2015 навучальным годзе да 9,7% у 2018/2019-м, што адлюстроўвае няроўнасьць расейскай і беларускай дзяржаўных моваў у сыстэме адукацыі.
У той жа час, калі бацькі жадаюць навучаньня і выхаваньня дзяцей па-беларуску (у тым ліку ў сыстэме дашкольнай адукацыі), улады не заўсёды прымаюць усе магчымыя захады дзеля стварэньня ўмоваў для навучаньня на беларускай мове, — канстатуюць аўтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 1 з 10 першаклясьнікаў Беларусі вучыцца па-беларускуТаксама ўлады штучна стрымліваюць і права атрымліваць адукацыю на мовах нацыянальных меншасьцяў (польскай, украінскай і іншых). Напрыклад, польская меншасьць другая па колькасьці ў Беларусі, гэта каля 294 тысяч чалавек, аднак адукацыю на польскай мове атрымліваюць толькі каля 1% дзяцей — палякаў (у Беларусі толькі дзьве сярэднія школы з польскай мовай навучаньня — у Горадні і Ваўкавыску).
Дзецям зь ВІЧ адмаўляюць у санаторным лячэньні, аздараўленьні ў дзіцячых лягерах і за мяжой
Дзецям зь ВІЧ-інфэкцыяй нельга займацца большасьцю відаў спорту (з выняткам шашак і шахмат, авіямадэльнага, більярднага спорту, дартс, кібэрспорту, спартовага брыджу, покеру ды нямногіх іншых). Гэта забаронена ў тым ліку дзецям, якія прымаюць антырэтравірусную тэрапію, маюць нармальны імунітэт і ў іх няма вызначэньня вірусу ў крыві.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста хвароба». Падлеткі зь ВІЧ хочуць адкрыта абмяркоўваць свае праблемыТакія дзеці ня могуць паступаць у пэўныя навучальныя ўстановы (кшталту кадэцкіх вучэльняў, вучэльняў МНС).
У амбуляторных картках, выпісках і даведках дзяцей, народжаных ад ВІЧ-станоўчых маці, захоўваецца запіс аб ВІЧ-экспанэнцыі нават пасьля зьняцьця іх з уліку. Цягам усяго пэрыяду назіраньня ў дзіцячай паліклініцы ў амбуляторнай карце, выпісках і даведках застаецца інфармацыя пра тое, што дзіця было ВІЧ-інфікаванае.
У Беларусі дагэтуль не прынятая праграма сацыяльнай інтэграцыі ромскага (цыганскага) насельніцтва
У 2019 годзе праведзены маніторынг «Сацыяльна-эканамічнае становішча ромскага насельніцтва Беларусі». Апыталі 200 сем’яў, у якіх гадуюцца 375 дзяцей узростам ад 7 да 14 гадоў. Аказалася, што 85% сем’яў зь дзецьмі жывуць за рысай беднасьці, 6% вызначаныя як сем’і ў сацыяльна небясьпечным становішчы.
11% дзяцей рома школьнага ўзросту ня ходзяць у школу з розных прычынаў (бацькі не настойваюць, празь нізкую пасьпяховасьць, няма за што купіць адзеньне і школьныя прылады).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста размаўляйце па-беларуску дома!». Як цыганы захавалі сваю мову бяз школ і кніг«Каля 5% падлеткаў рома ёсьць аб’ектам этнічнага прафіляваньня з боку супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, іх прэвэнтыўна затрымліваюць, пры гэтым бацькоў непаўналетніх не інфармуюць пра затрыманьні. У сыстэме МУС прынятыя праўныя акты, якія прадугледжваюць абмежаваньні правоў ромскага насельніцтва, напрыклад, распараджэньне УУС Берасьцейскага аблвыканкаму № 44 ад 1 сьнежня 2016 году „Аб актывізацыі працы з асобамі цыганскай нацыянальнасьці“, у тым ліку прымусовая дактыляскапія, пастаноўка на фота- і відэаўлік», — адзначаюць праваабаронцы ў справаздачы.
Беларускія дзеці ня ведаюць пра свае грамадзянскія і палітычныя правы
Інфармаваньне аб грамадзянскіх і палітычных правах дзяцей разьвіта слаба. Напрыклад, на праўным сайце для дзяцей Нацыянальнага цэнтру праўнай інфармацыі няма зьвестак аб праве на свабоду сходаў і якіх-небудзь практычных парадаў, як яго зьдзяйсьняць.
«Тэксту закону „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусі“ няма ў вольным бясплатным доступе. Уявіце беларускую Грэту Тунбэрг — яна ж ня знойдзе, дзе прачытаць пра свае правы», — кажа праваабаронца Павал Сапелка.
Дзяцей часта залучаюць да прымусовай працы — суботнікаў, «бульбы», іншых сельскагаспадарчых працаў. І калі пасьля трагедыі ў Маладэчанскім раёне (калі загінула Вікторыя Папчэня) школьнікаў не прымушаюць езьдзіць капаць бульбу, то непаўналетніх навучэнцаў ССНУ і каледжаў надалей «заганяюць» на такія працы.
У Беларусі няма спэцыялізаваных судоў у справах непаўналетніх і ювэнальнай юстыцыі
Затрыманых дзяцей да суду трымаюць у тых жа сьледчых ізалятарах, што і дарослых. Спатканьні дзяцей з бацькамі ў гэты пэрыяд дазваляе або не дазваляе сьледчы, і бацькі ня могуць свабодна абмяркоўваць з арыштаванымі дзецьмі іхнае становішча і пытаньні юрыдычнай абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зонаПрыклад: бацькі непаўналетняга Эміля Астроўкі даведаліся пра спробу самагубства дзіцяці ў першыя дні пасьля затрыманьня толькі празь некалькі месяцаў, калі пасьля суду ён трапіў у калёнію.
Дзяцей, які трымаюць пад вартай, у суд прывозяць у кайданках, яны ў жалезнай клетцы.
80 дзяцей асуджаныя за наркотыкі на тэрміны ад 6 да 11 гадоў
Закон «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьмяненьняў у Крымінальны кодэкс у пытаньнях процідзеяньня незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналягаў» зьнізіў узрост крымінальнай адказнасьці з 16 да 14 гадоў.
Вядома, што прынамсі чацьвярых дзяцей асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі кожнага за некалькі эпізодаў продажу наркотыкаў, якія падлеткі ўчынілі, маючы 15 гадоў (Азіз Тагаеў, Эмануіл Паўлоўскі, Ягор Салаўкоў і Юлія Бельская). 8 гадоў — мінімальны тэрмін пакараньня на момант разгляду справы ў судзе, аднолькавы для дзяцей і дарослых, адзначаюць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьніцу з Гомля і яе прыяцеля асудзілі на 10 гадоў калёніі за распаўсюд псыхатропных рэчываўБольш чым 70 дзецям, асуджаным на розныя тэрміны за незаконны збыт наркотыкаў, прызначаныя пакараньні ад 6 гадоў да 11 гадоў 7 месяцаў пазбаўленьня волі. У сувязі з амністыяй 2019 году некаторым зь іх зьменшылі тэрміны пакараньня на 2 гады. Аднак дзеці, у якіх былі нават нязначныя дысцыплінарныя правіны, амністыі не падлягалі. Таксама не амніставалі падлеткаў, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў у складзе арганізаванай групы — праваабаронцам вядомыя прынамсі пяцёра асуджаных на тэрмін 10 і больш гадоў пазбаўленьня волі (Васіль Саўчанкаў, Уладзіслаў Шаркоўскі, Мілад Насэр і адна дзяўчына — Валерыя Купчэня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У турме выдалі бушлат з надпісам «пажыцьцёвае зьняволеньне». Гісторыі падлеткаў, якіх асудзілі «за наркотыкі»У справаздачы праваабаронцаў шмат рэкамэндацый: стварыць спэцыяльныя суды ў пытаньнях правоў непаўналетніх; пашырыць у заканадаўстве долю карных захадаў, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі; забясьпечыць непаўналетніх правапарушальнікаў апекай бацькоў і дапамогай адваката на ўсіх этапах ажыцьцяўленьня правасудзьдзя.