19 сьнежня Рада Эўразьвязу ўхваліла пагадненьне зь Беларусьсю аб рэадмісіі, пасьля чаго было афіцыйна прапанавана падпісаць пакет пагадненьняў аб спрашчэньні выдачы візаў і рэадмісіі ў студзені 2020 году.
Ці гатовы да гэтага беларускі бок? Сытуацыю пракамэнтаваў начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
«Мы цалкам гатовыя падпісваць гэтыя пагадненьні з 18 верасьня, ад моманту зьяўленьня адпаведных прэзыдэнцкіх указаў, — адзначаецца на сайце ведамства. — Мы зацікаўлены зрабіць гэта як мага хутчэй, хоць у Менску, хоць у Брусэлі. Важны вынік, а не тэхнічны бок справы. Аднак нашы эўрапейскія партнэры за тры месяцы не змаглі завяршыць свае працэдуры і агучылі прапанову зрабіць гэта ў студзені наступнага году. Што стала прычынай такой доўгай унутранай працы, карэктней спытаць у іх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 80 ці 35 эўра за шэнгенскую візу? Залежыць ад хуткасьці падпісаньня і ратыфікацыі дамоваўПаводле Анатоля Глаза, кансультацыі для ўзгадненьня даты і фармату працэдуры падпісаньня ўжо ідуць. Аднак эўрапейскі бок папрасіў даць яшчэ тры тыдні для тэхнічнай зьверкі тэксту пагадненьня.
У зьвязку з гэтым прадстаўнік МЗС нагадвае, што пагадненьні падлягаюць ратыфікацыі Нацыянальным сходам Беларусі, з боку ЭЗ — Эўрапейскім парлямэнтам. Яны ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасьля абмену паведамленьнямі пра выкананьне названых працэдураў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрасьціць візавы рэжым Беларусі і Эўразьвязу паабяцалі да падаражаньня «шэнгену»Паводле Глаза, ужо цяпер відавочна, што ў прапанаваныя Брусэлем тэрміны дамовы не набудуць сілу да пачатку дзеяньня новага Візавага кодэксу ЭЗ, які прадугледжвае павышэньне кошту шэнгенскіх візаў да 80 эўра 2 лютага 2020 году. Гэта значыць, некалькі месяцаў беларускія грамадзяне будуць вымушаныя плаціць за шэнгенскую візу не 35, а 80 эўра.
Анатоль Глаз запэўнівае, што Менск заклікаў эўрапейскі бок адшукаць палітычнае ці юрыдычнае рашэньне з тым, каб «замарозіць» тарыфы да ўваходу ў сілу пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму.