Выкладчыцу, якую навучэнцы абвінавацілі ў паборах, адхілілі ад працы ў «паўстанцкіх» групах

Гомельскі пэдагагічны каледж

Працягам скандалу ў Гомельскім пэдагагічным каледжы імя Льва Выгоцкага стала адхіленьне настаўніцы ад працы з навучэнцамі дзьвюх груп.

Навучэнцы дзьвюх груп заявілі дырэктару і ў міліцыю, што іх выкладчыца пэдагогікі Людміла Качанава на занятках прапаноўвае прадукцыю «Арыфлэйм», у абавязковым парадку зьбірае грошы «на корм кацянятам», прапануе датэрмінова здаць іспыт за плату.

Як паведамілі Свабодзе навучэнцы групы П-41,19 сьнежня ў каледжы быў сход, на якім прысутнічала адміністрацыя і бацькі. Было абвешчана, што да канца навучальнага году Людміла Качанава ня будзе выкладаць у групах, якія напісалі на яе заявы. У адміністрацыі каледжу пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтаў Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту, у якім былі страйкі, перавялі ў БНТУ

Міліцыя праводзіць праверку па заяве навучэнцаў. Вынікі праверкі чакаюцца пасьля Новага году.

У заяве дырэктару, а затым у міліцыю навучэнцы дзьвюх груп, трэцяга і чацьвёртага курсаў абвінавацілі выкладчыцу ў «вымаганьні» грошай на касмэтыку «Арыфлэйм», корм для кацянят, настойлівых прапановах аплаціць праверку курсавых і так далей.

Навучэнцы каледжу сьцьвярджаюць, што калі набываць у настаўніцы касмэтыку, будзе лепшы бал. А грошы «на корм кацянятам» — насамрэч для таго, каб атрымаць лепшы бал на іспыце.

«За праверку курсавых толькі з нашай групы ёй выйшла больш за 1200 рублёў», — распавядалі Свабодзе навучэнцы.

Дырэктар пэдагагічнага каледжу Мікалай Валодзін пасьля заявы навучэнцаў зьвярнуўся ў міліцыю.

Дырэктар лічыць, што «нехта з дарослых рэжысуе дзяцей». Ён кажа, што навучэнцы часам лянуюцца, не выконваюць заданьні, а выкладчыца — прынцыповы пэдагог, і таму супраць яе паўсталі.

Адна зь дзяўчат, якая вучыцца на чацьвёртым курсе, распавяла Свабодзе пра мэтады, якімі выкладчыца «выхоўвала» у навучэнцаў любоў да жывёл. Напрыклад, апроч збору грошай на корм, настойліва прасіла ўзяць кацянят ці шчанят на «ператрымку». Дзяўчаты вазілі кацянят па вэтэрынарах.

«Мы павінны былі даглядаць кацянят ці шчанят, і дасылаць ёй фота як доказ, што мы гэтым займаемся. У нас грошай вобмаль, а трэба было яшчэ і корм набываць. Замест таго, каб вучыцца, я павінна была хадзіць тры гадзіны і шукаць нейкага сабаку. Ніхто ня ведае, што мы цярпелі ад яе», — распавяла навучэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На „Арыфлэйм“ здаём, на корм кацянятам здаём!» Навучэнцы пэдагагічнага каледжу ўзбунтаваліся супраць пэдагога