У Менску прайшоў пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй. Як гэта было

У Менску прайшла чарговая акцыя супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Свабода вяла жывую відэа- і тэкставую трансьляцыю з пратэсту.

Што адбылося:

  • Да 1600 чалавек пратэставалі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. Яна прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Потым калёна рушыла да вуліцы Зыбіцкай, адкуль арганізатары вярнулі людзей на Кастрычніцкую плошчу. Завершылі акцыю каля Парку Купалы.
  • Пасьля пратэсту частка людзей утварыла жывы ланцуг уздоўж праспэкту Незалежнасьці паміж Кастрычніцкай плошчай і плошчай Перамогі.
  • Нягледзячы на папярэджаньне міліцыі, Павал Севярынец зьявіўся на Кастрычніцкай і кіраваў пратэстам.
  • На пачатку акцыі міліцыянты прасілі пратэстоўцаў разысьціся, бо акцыя несанкцыянаваная. Потым міліцыя ня ўмешвалася, затрыманьняў падчас пратэсту не было.

Чытайце наш выніковы рэпартаж і глядзіце фотагалерэю з акцыі:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далучайся!» на Зыбіцкай. У Менску прайшоў самы масавы мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй

Больш за 1500 чалавек выйшлі на пратэст супраць інтэграцыі ў Менску. Фотарэпартаж

21:30 Мы завяршаем трансьляцыю. Сёньняшняя акцыя цягнулася тры гадзіны, за гэты час людзі прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці і назад празь Нямігу і Зыбіцкую вуліцу. Агулам маршрут склаў каля 5 кілямэтраў.

Максымальная колькасьць удзельнікаў, зарэгістраваная назіральнікамі праваабарончага цэнтру «Вясна», дасягала 1600 чалавек.

Такім чынам, сёньняшняя акцыя стала самым масавым антыінтэграцыйным пратэстам у Беларусі за апошні месяц.

21:19 Насамрэч яшчэ ня ўсё. Каля Кастрычніцкай плошчы і плошчы Перамогі самаарганізаваліся жывыя ланцугі. Дзясяткі людзей сталі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці і трымаюцца за рукі.


21:10 Каля ўваходу ў парк імя Янкі Купалы людзі прасьпявалі духоўны гімн «Магутны Божа», і Павал Севярынец паведаміў, што на гэтым акцыя скончаная.

21:08 Частка людзей узялася за рукі і стварылі жывы ланцуг уздоўж праспэкту на Кастрычніцкай плошчы. Аднак большасьць спусьцілася да скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Янкі Купалы — насупраць Дзяржаўнага цырку.

21:00 Акрамя Менску, сёньня прайшла акцыя супраць інтэграцыі з Расеяй у Пінску. У гістарычны цэнтар гораду выйшлі 11 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 чалавек выйшлі на пікет супраць інтэграцыі ў Пінску

20:55 Наш карэспандэнт Алесь Пілецкі кажа, што сёньня на пратэст прыйшлі прадстаўнікі амаль усіх палітычных рухаў, чаго не было на аналягічных акцыях два тыдні таму.

20:50 Людзі прайшлі вуліцамі Зыбіцкай, Інтэрнацыянальнай і падышлі да Палацу Рэспублікі, дзе амаль тры гадзіны таму пачыналася акцыя супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.

20:35 Ужо на Зыбіцкай. Размаўляем з адзіным удзельнікам пратэсту, які прыйшоў зь дзяржаўным – чырвона-зялёным – сьцягам.

«Іншыя краіны ведаюць нашую краіну менавіта пад гэтым сьцягам. Мы за незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, і гэта сымбаль незалежнай дзяржавы. Я вырашыў падтрымаць людзей, якія баяцца выходзіць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Хацеў бы, каб людзі ўсе аб'ядналіся. Няма розьніцы, пад якім гэта будзе сьцягам», – сказаў хлопец падчас жывой трансьляцыі.

20:20 Прайшло 2 гадзіны ад пачатку акцыі. Ад некалькіх дзясяткаў людзей на Кастрычніцкай плошчы пратэст ператварыўся ў калёну, у якой рухаецца больш як тысяча чалавек.

Цяпер пратэстоўцы ідуць па вуліцы Нямізе, уздоўж гандлёвых цэнтраў і кавярняў, скандуюць «Далучайся».

20:05 Пратэстоўцы ідуць на Зыбіцкую вуліцу.

Як паведаміў Павал Севярынец, калёна пройдзе па вуліцы Нямізе, трапіць на галоўную барную вуліцу Менску. Адтуль Севярынец плянуе вярнуцца разам з пратэстоўцамі на Кастрычніцкую плошчу.

19:55 Нагадаем, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ўжо скончылася. Ня вырашанымі засталіся тры пытаньні, якія тычацца газавай, нафтавай і падатковай сфэраў.

Наш палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч тлумачаць, пра што маглі сёньня дамовіцца кіраўнікі Беларусі і Расеі.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся ў Піцеры Лукашэнка з Пуціным?

19:50 Усе выступоўцы нагадваюць, што заўтра ў Менску пройдзе новы мітынг супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй.

19:46 Так выглядае мітынг на плошчы Незалежнасьці з вышыні.

19:38 Да пратэстоўцаў зьвяртаецца палітык Мікола Статкевіч.

19:33 Выступае Сяргей Антончык, якога Павал Севярынец прадставіў як «дэпутата незалежнасьці», што выводзіў на гэтую плошчу дзясяткі тысячаў рабочых і дамагаўся незалежнасьці (у пачатку 1990-х – РС).

«Калісьці на гэтым будынку (Доме Ўраду – РС) была наша »Пагоня« і лунаў наш бела-чырвона-белы сьцяг. Калісьці мы разам з вамі ўзнавілі нашую краіну, за якую змагаліся сотні пакаленьняў беларусаў. І сёньня над нашай краінай навісла сьмяротная пагроза», – сказаў Антончык.



19:21 Пратэстоўцы ўжо на плошчы Незалежнасьці. Яны прыпыніліся насупраць Дому Ўраду, дзе цяпер праходзіць мітынг.

На кадрах відаць шмат людзей, бел-чырвона-белых сьцягоў, сьцягоў з гербамі розных гарадоў.

Павал Севярынец кажа пра некалькі тысяч чалавек, якія цяпер удзельнічаюць у акцыі пратэсту. Паводле «Вясны» на плошчы Незалежнасьці цяпер 1600 чалавек.

19.07 Па стане на 18:54 назіральнікі з праваабарончага цэнтру «Вясна» налічваюць у шэсьці 1150 чалавек.

18:58 Павал Севярынец каля будынку КДБ:

«Сёньня дзень чэкіста. У гэты дзень Пуцін і Лукашэнка сабраліся ў Піцеры дзяліць Беларусь. Хай ня думаюць, што яны сьвяткуюць сваю перамогу».

Пратэстуюць скандуюць «Ганьба» каля будынку КДБ


18:55 Каля будынку КДБ на праспэкце Незалежнасьці пратэстоўцы прыпыніліся, яны скандуюць «Ганьба».

Пратэстоўцы на праспэкце Незалежнасьці

18:50 У шэсьці сустрэлі прадстаўнікоў «Моладзевага блёку» – Стаса Шашка і Алану Гебрэмарыям.

«З дапамогай музыкі спрабуем амаладзіць гэты «дзьвіж». Мы тут ня ходзім з сумнымі тварамі, ня плачам. Пакуль ня плачам», – сказаў Стас Шашок падчас жывой трансьляцыі Свабоды.

«Хаця б зараз мы можам выйсьці і заявіць тут пра свае правы. Паказаць, што мы можам зьбірацца на вуліцы. Варта дзяржаве прыслухоўвацца да нашых грамадзян. Таму што калі нашую дзяржаву «сальюць», ня будзе добра ні нам, ні кіраўніцтву», – дадаў Шашок .


18:38 Калёна пратэстоўцаў рухаецца з Кастрычніцкай на плошчу Незалежнасьці. Карэспандэнтка Свабоды Аляксандра Дынько ацэньвае колькасьць пратэстоўцаў у 500 чалавек.

18:25 Некалькі соцень людзей чалавек на Кастрычніцкай плошчы.

Севярынец правёў пераклічку паміж пратэстоўцаў. Сюды прыехалі людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Адклікаліся людзі зь Берасьця, Віцебску, Гомлю, Горадні, Магілёва, Пінска, Маладэчна.

Павал Севярынец выступае на Кастрычніцкай плошчы

18:20 Хто зь вядомых людзей заўважаны на плошчы? Прыйшлі Алена Анісім, былая дэпутатка парлямэнту, палітыкі Мікалай Статкевіч, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч. Вячаслаў Сіўчык, Рыгор Кастусёў. Таксама тут Сяргей Антончык, дэпутат парлямэнту ў 1990-я.

Прыйшлі блогеры Зьміцер Казлоў («Шэры кот») і Сяргей Ціханоўскі («Краіна для жыцьця»).

Мастак Алесь Марачкін, прыйшоў з плякатам, на якім напісаная цытата Аляксандра Лукашэнкі «На храна нам такі саюз».

18:05 Севярынец кажа, што акцыя пачнецца праз 40 хвілін, каб дачакацца ўсіх, хто зьбіраецца прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу.

18:00 Міліцыянэр заклікае ўдзельнікаў мітынгу разысьціся, бо «мерапрыемства несанкцыянаванае».

17:58 Павал Севярынец на плошчы. Ён папрасіў пратэстоўцаў адысьці далей ад ялінкі, каб не замінаць сьвяту. На плошчы некалькі дзясяткаў людзей. Па ацэнцы карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько, тут каля 100-150 чалавек.

17:55 Размаўляем зь першым чалавекам, які прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу зь бел-чырвна-белым сьцягам. Ён прыехаў сюды зь Вілейкі, каб «абараніць сувэрэнітэт Беларусі».

17:50 На плошчы зьявіўся прынамсі адзін палітык – Юрась Губарэвіч з руху «За Свабоду». ​Вакол яго сабраліся журналісты. Пакуль прадстаўнікоў СМІ больш, чым удзельнікаў акцыі плянаванай акцыі пратэсту.​


17.40 На Кастрычніцкай плошчы шмат людзей, але гэта не пратэстоўцы. Бацькі зь дзецьмі ідуць да Палацу Рэспублікі, дзе, відаць, сёньня ладзіцца сьвяточная праграма.

Зрэшты, пакуль усё спакойна. Некалькі нарадаў ДАІ каля Кастрычніцкай плошчы. У навакольных дварах шмат міліцэйскай спэцтэхнікі. Але аўтазакаў у ваколіцах Кастрычніцкай плошчы пакуль не заўважана.

17:20 Пакуль усё ціха, нічога надзвычайнага не адбываецца. Людзі шпацыруюць, фатаграфуюцца каля сьвяточнай ялінкі ў цэнтры плошчы.

16:40 Карэспандэнт Свабоды перадае, што супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным ужо дзяжураць на Кастрычніцкай плошчы. На паркоўцы па вуліцы Энгельса шмат тыповых сініх мікрааўтобусаў, на якіх прывозяць міліцыянтаў падчас акцый пратэстаў. Па пэрымэтры Кастрычніцкай стаяць групы па некалькі чалавек у цывільным.

16:20 Яшчэ ў абед паркоўкі ўздоўж вуліцы Энгельса былі перакрытыя. Каля Палацу Рэспублікі былі складзеныя турнікеты, якімі звычайна абгароджваюць тэрыторыю на масавых мерапрыемствах.

Што адбывалася напярэдадні пратэсту:

  • У сьнежні прайшлі тры несанкцыянаваныя акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй: дзьве ў Менску і адна ў Горадні.
  • Ужо пасьля акцый затрымалі некалькіх арганізатараў папярэдніх пратэстаў у Менску і Горадні.
  • Удзельнікам нядаўніх акцый тэлефануе міліцыя, некаторых запрашаюць на прафіляктычную размову.
  • На дзяржаўных тэлеканалах пачалася кампанія дыскрэдытацыі пратэстаў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»