Рада Эўразьвязу падоўжыла эканамічныя санкцыі супраць Расеі да 31 ліпеня 2020 году. ЭЗ працягнуў абмежаваньні 12 сьнежня. Афіцыйнае паведамленьне апублікаванае сёньня на сайце Эўрапейскай Рады.
Прычынай падаўжэньня санкцый сталі ня цалкам выкананыя Менскія пагадненьні, гаворыцца ў дакумэнце.
13 сьнежня на саміце ЭЗ канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель адзначыла, што ў ходзе сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Парыжы дасягнуты пэўны прагрэс. Аднак гэтага недастаткова для поўнага зьняцьця санкцый з Масквы, сказала канцлер. Пазыцыю Нямеччыны падтрымала Францыя.
Упершыню Брусэль увёў абмежаваньні ў дачыненьні да Масквы ў 2014 годзе з прычыны анэксіі Крыму і падтрымкі сэпаратыстаў ва Ўкраіне. Абмежавальныя меры закранаюць абаронны, фінансавы і энэргетычны сэктары. Акрамя гэтага на тэрыторыі Эўразьвязу былі замарожаныя рахункі расейцаў, якіх Брусэль абвінавачвае ў датычнасьці да дэстабілізацыі сытуацыі ў Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз падоўжыў эканамічныя санкцыі супраць Расеі яшчэ на паўгода
- Масква агрэсію ва Ўкраіне заўсёды адмаўляла. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін чарговы раз адхіліў абвінавачваньні ў тым, што на ўсходзе Ўкраіны ваююць расейскія вайскоўцы.
- Пры гэтым расейскі лідэр адзначыў, што абмежавальныя меры наносяць шкоду сусьветнай эканоміцы і гандлю. Паводле словаў Пуціна, страты Эўразьвязу ад санкцый складаюць каля 50 мільярдаў эўра, а бюджэт Нямеччыны губляе штомесяц 750 мільёнаў эўра.