Кампанія Wargaming падала пазовы ў адносінах да пяці сваіх былых супрацоўнікаў, якія цяпер працуюць у кампаніі Blitz Team, піша dev.by.
Паводле заявы Blitz Team, 17 сьнежня Судовая калегія ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суда Беларусі апавясьціла пецярых супрацоўнікаў кампаніі аб завядзеньні грамадзянскіх спраў па пазовах ад кіпрскай кампаніі Wargaming World Limited.
Прэтэнзія Wargaming палягае ў тым, што супрацоўнікі Blitz Team нібыта выкарыстоўваюць рухавік, які зьяўляецца вытворным ад рухавіка гульні World of Tanks Blitz, сьцьвярджаюць у Blitz Team. Сумарна Wargaming патрабуе ад пяці сваіх былых супрацоўнікаў кампэнсацыю ў памеры 3 570 000 беларускіх рублёў (каля 1 690 000 даляраў), піша каманда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Wargaming: ад «Танчыкаў» да Дня танкістаУ Blitz Team кажуць, што прэтэнзіі Wargaming не абгрунтаваныя, бо яна неаднаразова публічна заяўляла, што рухавік гульні свабодна даступны пад Open Source ліцэнзіяй BSD3.
У прэс-службе Wargaming у камэнтары Tut.by адказалі, што ў 2014 годзе Wargaming набыла выключныя правы на вэрсію рухавіка DAVA Engine, які быў зьмешчаны ў 2011 годзе ў адкрытым доступе ў інтэрнэце на плятформе GitHub. Гэтая вэрсія знаходзіцца ў адкрытым доступе і цяпер, аднак, пачынаючы з 2014 году Wargaming значна ўдасканаліла тэхналёгію. Разьмяшчэньне на GitHub кода Dava Engine, створанага Wargaming, пачынаючы з 2014 году, не было аўтарызавана кампаніяй.
Wargaming заяўляе, што сутыкнулася з парушэньнем сваіх выключных правоў шэрагам былых супрацоўнікаў на тэрыторыі Беларусі, ЗША і іншых краін, і зьвярнулася па абарону сваіх правоў.